Хтосьці нясмела паапладзіраваў. Марцін адчуў, што ўжо засумаваў па абмене паглядамі з жанчынай у зялёным швэдры.
Наступны запыт прагучаў якраз з другога шэрагу.
Пружыніста падняўшыся і паправіўшы пышныя каштанавыя валасы, красуня, што сышла з фатаграфіі, спыталася, ці вядуцца ў Марцінавай краіне эльфы, гномы, ундзіны ды іншыя істоты падобнага кшталту. Напэўна, праз складанасць назваў гэтых суседзяў чалавека пытанне прагучала па-шведску, і, пакуль Нільс перакладаў, а Марцін смакаваў яе грудны голас з уніклівымі ласкавымі ноткамі, у зале — а мо яму адно мірсцілася — запала напятае, з адценнем трывогі маўчанне.
На тэму нацыянальнага пантэона добрых, злых ці абыякавых да чалавека стварэнняў Марцін здатны быў прачытаць грунтоўную лекцыю і пабуджаны пасярод ночы. Ён абмежаваўся тым, што коратка адзначыў: яго народ тут не абдзелены, згадаў колькі імёнаў паганскіх бажкоў і з усёй магчымай сур’ёзнасцю паведаміў, што найбольш жывучымі і трывушчымі выявіліся якраз найбліжэйшыя да людзей дамавікі, лазнікі, лесавікі ды вадзянікі з русалкамі-ўндзінамі. Свой лаканічны адказ Марцін расквеціў аповедам пра родную бабулю, у якой дамавік, па яе словах, почасту прысаджваўся за стол на вячэру, лесавік жа, бывала, зладзеявата даіў казу, а ў калядныя халады без дазволу залазіў начаваць у падпечча. На такі адказ ягонай англійскай не хапіла, але, мяркуючы па смеху ў зале, Нільс справіўся з перакладам няблага.
І тут грымнула.
39
Прыгажуня ў швэдры зноў устала, абцягнула зялёныя рукавы на пальцы і хутка, глытаючы словы, загаварыла па-англійску. З усімі дзівоснымі істотамі, пра якіх расказаў госць, яна цудоўна знаёмая. Чаму? Ды з тае прычыны, што яны або жывуць у яе, або часта наведваюцца ў ейны дом, куды яна, каб госць пераканаўся ў тым на ўласныя вочы, запрашае яго на гарбату ці на нешта мацнейшае ды цікавейшае.
Дырэктар бібліятэкі зрабіў спробу перавесці прапанову ў жарт, аднак расхваляваная красуня не падтрымала ягонага тону і настойвала. Усе будуць радыя, казала яна, маючы на ўвазе сваіх кватарантаў, а можа — хто ведае? — і паўнапраўных гаспадароў. Яны сыграюць прывітальны марш, бо маюць свой аркестрык. Госць можа спыніцца ў яе на гэтую ноч і на колькі заўгодна. Авал твару ў абладзе каштанавых валасоў залівала густая чырвань, у вачах успыхвалі неспакойныя агеньчыкі.
40
Публіка перашэптвалася. Дырэктар абвясціў прэзентацыю скончанай, і Нільс дзьмухнуў на свечку. Усіх чакаў пачастунак ад выдаўца і ўнікальная магчымасць узяць аўтограф у аўтара, які жыве крыху бліжэй за паўночныя шведскія фіёрды.
Прысутныя з гатовасцю адгукнуліся на абодва заклікі. Хвілінаў пятнаццаць Марцін падпісваў кнігі, гадаючы, ці падыдуць да яго стакгольмская парачка і ўдзельнік вечарыны, падобны да Любаміра. Аднак апошняй у невялікай чарзе апынулася гаспадыня дома з дамавікамі.
Марцін ужо рыхтаваўся дадаць да стандартнага With best wishes from the author[3] штосьці адмысловае, але заміж кнігі на столік перад ім лёг ліст — пульхная ружовая капэрта з напісаным буйнымі літарамі словам Urgent[4] і драбнейшым подпісам — Emma.
Ён узняў галаву, іхнія позіркі сустрэліся. У Эміных зялёных вачах пульсавала няпростая гама эмоцый, з якіх Марцін здолеў вылучыць роспач і надзею. Ён убачыў у яе валасах нітачкі ранняй сівізны. Кропелька восені чулася і ў празрыстым водары парфумы.
Марціну хацелася супакоіць Эму ціхімі словамі, пацалаваць ёй руку, ды жанчына імпэтна адышла да вакна, паспеўшы ўсёй сваёй істотай — ад секунднага дотыку цёплай рукі да перарывістага гарачага дыхання — пакінуць мужчынскую існасць Марціна разгублена-расхваляванай.
Ён узяў у рукі капэрту, дзе штосьці інтрыгоўна зашамацела, але мусіў схаваць яе ў кішэню: акурат падкаціўся, ззяючы нязводнай усмешкай, круглявы дырэктар. Перад стакгольмскім цягніком госцю абавязкова трэба павячэраць. Падымаючыся з-за століка, Марцін незразумела чаму паклаў у кішэню з Эміным лістом і запалкі, што ляжалі побач са свечкай. Яму хацелася прыхапіць і саму недагарэлую свечку, ды тое выглядала б надта дзіўна і недарэчна.
Нільс не паскупіўся на пачостку. Марцін налічыў сем відаў паважаных ім сыроў з цвіллю, аднак, выпіўшы келіх пяцігадовага к’янці, аддаў перавагу падсушанай на сонцы і ветры аляніне. Тым часам публіка няўзнакі разышлася, адна Эма па-ранейшаму стаяла, пазіраючы ў цёмнае вакно, дзе люстравалася бібліятэчная зала.
She’s crazy,[5] — перахапіўшы Марцінаў пагляд, прабачліва прамовіў дырэктар. З далейшага стала вядома, што Эма ўвогуле ціхая і не ўяўляе небяспекі. Жыве насупраць, вось і прыходзіць заўсёды, калі ў бібліятэцы штосьці адбываецца.
З келіхам у адной руцэ і лусцікам у другой да іх наблізіўся выдавец. Да Нільса данёсся канец дырэктаравай фразы, і ён працягнуў тэму. Памятаеш мемарыяльную дошку ў царкве? У тым цунамі загінулі яе муж і сын. Я чуў, яна да апошняга дня адгаворвала мужа ад паездкі. Потым год прабыла ў лякарні… Целы, канешне, паглынуў акіян, але яна зрабіла дзве сімвалічныя магілы ў садзе…
З Нільсавых словаў вынікала, што Эма не проста з’яўляецца на ўсе бібліятэчныя імпрэзы, але і запрашае да сябе кожнага прыезджага госця-мужчыну. Кажуць, хвароба ператварыла яе ў німфаманку…
Марцінава мужчынскае самалюбства было ўражанае.
Нібы пачуўшы размову і не пагаджаючыся з ёю, Эма адарвалася ад вакна і рашуча скіравала да іх. На яе шляху вырас дырэктар. Эма, умольна ўсміхаючыся, намаглася абысці яго, але дырэктар уладна ўзяў жанчыну пад локаць і, пераконваючы ў нечым, павёў да выхаду. Марцін ірвануўся быў перашкодзіць яму, але замест гэтага вярнуўся да стала, наліў поўны келіх і адным глытком выпіў.
41
Неўзабаве Нільс выклікаў таксі, каб ехаць на станцыю. Выдавец з дырэктарам яшчэ размаўлялі, і Марцін выйшаў раней. Неба было неверагодна шчодра засеянае зоркамі. Ад захаплення яму на хвілю амаль перахапіла дыханне. Марцін знайшоў улюбёнае сузор’е Касцоў-Касіяпеі і ўспомніў радкі адкрытага ім сёлета паэта.
А я хацеў бы так:
маральны закон нада мной
і зорнае неба ўва мне.
Выразна, нібы ціхі меладычны гук, ён пачуў нечы позірк і, перавёўшы вочы ўніз, знерухомеў. У зырка асветленым і вялікім, на палову сцяны, вакне дома насупроць, раскрыліўшы рукі для абдымкаў, стаяла Эма. Яна была абсалютна голая і нават праз вулічную прастору свяцілася і апякала жаданнем. Марцін адчуў, як жаданне ахоплівае і напаўняе гарачынёй яго самога, і, быццам загіпнатызаваны, рушыў насустрач вакну.
Ужо на тым баку вуліцы, прамінуўшы зазелянелую яблыню і амаль усутыч наблізіўшыся да вакна, ён убачыў Эму ва ўсёй суладнасці яе налітага спеласцю цела. Марцін разгледзеў, што яна не зусім аголеная: на ёй былі празрыстыя, цялеснага колеру майточкі. Крыху ніжэй за іх доўгія і стройныя, у меру поўныя ногі сціскалі чырвоную ружу, ад якой па параненым спічаком сцягне бег, сціхотна перагукаючыся з ярка падведзенымі вуснамі, пунсовы струмок.
Паводле шведскай завядзёнкі, вакно жылога дома не мела ні штор, ні фіранак. Эма стаяла на нізкім шырокім падвоканні на адлегласці далоні. Праз Марціна пракацілася новая гарачая хваля: левая Эміна смочка ўдвая пераўзыходзіла памерам правую і — падфарбаваная нечым бардовым — больш за ўсё іншае нагадвала спелую вішню.
Эма прытулілася да шкла. Марцін паволі падняў руку, дакрануўся да шкляной паверхні ў тым месцы, дзе пачынаўся струменных крыві, і здзівіўся, сустрэўшы холад.
На другім баку вуліцы, відаць, ужо даўно сігналіў таксіст. Марцін імкнуўся зазірнуць Эме ў вочы, але яна стаяла з апушчанымі павекамі. Нешта прымусіла ягоны пагляд слізгануць долу і на імгненне затрымацца на падваконні.