Выбрать главу

Плот пераадольваўся там, дзе і калісьці, а падцягвацца і пералазіць цераз яго не было патрэбы: праз колькі крокаў ад выспы вербалозу, падобнай здалёк да велізарнага вожыка, шырокая дошка трымалася ўсяго на адным верхнім цвіку і лёгка адыходзіла ўбок. Адтуль ледзь прыкметная сцяжынка — дакладней, намёк на яе — наўпрост вяла да саміх непрыкметных гатэльных дзвярэй. Яны, як і астатнія, былі на замку, ды адчыняліся і зачыняліся звычайным цвіком з расплясканай галоўкай. Яго дастаткова было павольна павярнуць тры, а часам і два разы. Кожны меў уласны такі ключ, прычым я не мог прыгадаць, ад каго і калі яго атрымаў.

Дзверы, найверагодней, павінны былі служыць чорным ходам, які праз дзясятак прыступак выводзіў у шырокую прастору першага паверха, дзе, відаць, меркавалася зрабіць рэстарацыю або канферэнц-залу. Два бетонныя маршы і сорак восем засыпаных бітым шклом і тынкам прыступак вялі на другі паверх. Потым лесвічныя пралёты рабіліся карацейшыя, і паміж паверхамі заставалася па трыццаць прыступак, што аўтаматычна адлічваліся ў паўзмроку. На кожным паверсе на два бакі разыходзіліся кароткія цёмныя калідоры з прахонамі для дзвярэй гатэльных нумароў. Аднаго разу тарганулася жаданне прайсці па калідоры. Я зрабіў колькі крокаў, але прыцемак наперадзе адразу згусціўся, папярэджваючы, што мне туды не трэба.

Мне трэба было на шосты паверх, адкуль заставаліся апошнія прыступкі да выйсця ў зорнае неба.

11

Мы ішлі па адным і ніколі не сустракаліся, бо кожны меў свой маршрут, ды часам, ужо на закінутай дарозе да Гатэля, я мог знячэўку ўбачыць наперадзе невысокую, вузкаплечую і трохі нехлямяжую постаць Настаўніка, які рухаўся, здавалася, нейкімі рыўкамі — то павольна, то паскараючы крок. За ім, крыху воддаль, нязменна ішла Гімнастка. Маленькая, танклявая, але налітая сілай, яна, наадварот, крочыла рытмічна і лёгка, так, быццам пад ступачкамі ў яе былі схаваныя спружынкі, што падкідвалі цела над зямлёй. Юная зорка спартыўнай гімнастыкі, як называла яе гарадская газета, вучылася ў восьмым класе суседняй школы. Я запамятаваў, дый не хацеў узгадваць ейнага імя, бо яно магло парушыць загадкавы баланс таго, што з намі адбывалася.

Наогул у тыя імгненні не думалася ні пра зорнасць Гімнасткі, ні пра нехлямяжасць Настаўніка. Мяне апаноўвала невыказная радасць: я — не самотны, мы ідзем, мы — разам, мы падымемся па прыступках і выйдзем на дах, дзе сустрэнем астатніх. Магчыма, азірнуўшыся, я мог бы ўбачыць яшчэ кагосьці з нашага маленькага брацтва, аднак ніколі не рабіў гэтага: хапала і той радасці, што перадавала сваю вібрацыю кожнай часцінцы маёй істоты.

Мы збіраліся ў розным парадку, але Залацістая і Котка кожнага разу ўжо былі там. Яны ж і заставаліся апошнімі — нібыта жылі на даху або недзе ў нетрах Гатэля, хоць такая версія мне не надта падабалася. Залацістая зазвычай сядзела на краі люка, у які звісалі яе босыя ногі, а Котка вітала нас, збягаючы насустрач па прыступках да шостага паверха, затым паважна, быццам паказваючы дарогу, ішла наперадзе да лесвіцы ў неба, перад якою прасілася на рукі, каб цёплым вуркатлівым камячком аддана прытуліцца да грудзей. Найпазней з’яўлялася Кіяскёрка — як неўзабаве стала вядома, яна ішла з няблізкага Зарэчча.

З прыходам кожнага пачуццё еднасці мацнела. Заўсёды шчаслівыя адно ідыёты, але ж чалавеку выпадаюць шчаслівыя хвіліны, гадзіны, дні. Той час на даху ўкрай поўніўся шчасцем.

Чакаючы, пакуль усе будуць у зборы, Гімнастка, здаралася, успамінала, што яна — гімнастка: выходзіла на сярэдзіну даха ды, палохаючы ластавак, якія гэтаксама лічылі дах сваім, пачынала круціць сальта за сальтам, лёгка пералятаючы вентыляцыйныя калодзежы і часам відочна пакідаючы межы нашага прастакутніка, ды ў апошні момант паспяваючы згрупавацца і мякка прызямліцца на самюткі край. Чамусьці ні я, ні, думаю, ніхто іншы не адчуваў страху за яе, толькі Котка пасля такіх рызыкоўных вылетаў падыходзіла і церлася аб ногі з рэльефнымі цягліцамі — можа, дзякуючы за пабачаную віхуру скачкоў, а можа — за тое, што Гімнастка вырашыла застацца тут, з намі.

12

Цяпер ведаю, я не проста належаў да меншасці, якая, абуджаючыся, памятае свае дзеянні, але і сярод меншасці быў анамаліяй, бо выразна бачыў ці, прынамсі, меў перакананне: мне на яве дадзена бачыць усё адбытае. Поўнай упэўненасці ў мяне няма, бо па дарозе дадому зноў пачыналіся затрымкі ва ўспрыманні рэчаіснасці, і тое, як я адмыкаў дзверы і рабіў з вітальні тры крокі да свайго пакоя, праяўлялася ў свядомасці ўжо тады, калі я нацягваў на сябе коўдру.

Аднак існавалі і невытлумачальныя прагалы. Напрыклад, немагчыма ўспомніць, як пераадольвалася адлегласць ад пляцоўкі паміж чацвёртым і пятым паверхамі Гатэля і пляцоўкаю шостага. Наяўнасць паміж гэтымі пляцоўкамі трох маршаў і сарака пяці прыступак я сцвярджаю ўсяго паводле аналогіі.

З памяці амаль сцерлася і тое, у што мы былі апранутыя. Амаль — бо здалёк усё ж свеціцца нечы «чмяліны», у чорную і залацістую палоскі, швэдрык, пад якім нагадваюць пра сябе жаночыя грудзі.

Затое абліччы кожнага з нашага брацтва — перада мною, усё роўна як гэта адбывалася ўчора, хоць яны, абліччы, і падсвечаныя праз далечыню гадоў маім сённяшнім успрыманнем.

Настаўнік не можа пахваліцца ростам, але ўвесь якісьці светлы, і таму выдае вышэйшым. Малады і адкрыты, нязменна чыста выгалены і крыху здзіўлены твар. На лоб спадае густая пасма ячменных валасоў, ды ёй не ўдаецца схаваць вялікай радзімай плямы, што нечым падобная да зоркі. Вочы за акулярамі ў тонкай аправе глыбокія і сур’ёзныя і разам з тым — безабаронныя.

Смуглявая, каравокая Гімнастка з тонкай таліяй і кароткай каштанавай касой. У яе ўсё невялікае і зграбнае — вушкі, задзірлівы нос, пальчыкі на выштукаваных руках, бездакорныя ступачкі…

У Залацістай не толькі кучаравыя валасы гэтага колеру, ейнае цела — марэлевае і злёгку свеціцца. Потым звяртаеш увагу на месяцападобны твар з зялёнымі вачыма пад доўгімі, як крылцы матылька, вейкамі. Яна трымае правае плячо крыху вышэй за левае, ногі не зусім дасканалыя, але затое — неверагодна прыгожыя рукі з доўгімі пальцамі і раптоўна тонкімі запясцямі. Уся гэтая вонкавая несуладнасць выглядае па-асабліваму гарманічна. (Тады я не ведаў, аднак адчуваў, што «прыгажосць» не ёсць прыгажосцю, а недасканаласць можа быць прыкметаю якраз дасканаласці.) Аблічча Залацістай цудоўна дапаўняе няўлоўнасць яе гадоў: ёй можна даць дваццаць пяць, а праз хвіліну — удвая болей. Яна проста не мае ўзросту.

Кіяскёрка — самая рослая з нас, ці не на паўгалавы вышэйшая, чым я, з навальнічнаю хмараю чорных, з сінім адлівам валасоў і вузкім авалам твару, які цяжка назваць прывабным, ды сітуацыю ратуюць вялікія вочы, што — у залежнасці ад асвятлення — мяняюць колер ад аксамітава-чорных да валошкавых і раз-пораз успыхваюць бурштынавымі агеньчыкамі. Яе доўгія стройныя ногі пераходзяць у высокія клубы і адначасова нібыта дасягаюць і спакуслівых грудзей, трымаючы іх на жывой зваблівай кансолі. Я, зрэшты, як і сёння, не адмыслоўца ў вызначэнні жаночага веку, але Кіяскёрка здаецца ўдвая старэйшай за мяне.

Не магу нічога сказаць пра галасы, бо мы ніколі не размаўлялі: нам ставала моўкнасці, кожны, як і я сам, відаць, кіраваўся тут унутранай забаронаю, парушыўшы якую мы рызыкавалі б разбурыць нашае брацтва. Праз гэта я не ведаў і імёнаў, апрача імя і голасу Настаўніка — вам ужо вядома, ён выкладаў у нас астраномію і любіў уштукаваць у расповед пра сузор’і і планеты сваю ўлюбёную метафізіку. Але я быў пэўны: у яго ёсць іншае імя.

І — Котка.

Яна не належала да экзатычнай пароды — звычайная трохколерная рыска, аднак з невераемна доўгім хвастом, што, закінуты на спінку, даставаў да вушак. Я не памыляюся, бо там, на лесвіцы, браў нашую сяброўку на рукі, і далей мы падымаліся разам. Яна пакусвала мяне за мезенец левай рукі, а правай я пагладжваў яе па асабліва чуйным падчарэўцы. Там у Коткі з правага боку была круглая ружовая плямка без поўсці, усё роўна як хтосьці прыклаў на міг распаленую жалезную пячатку. Ад маіх ласак Котка шчасліва вуркатала, але, калі пальцы краналіся плямкі, мая трапяткая ноша здрыганалася і амаль па-чалавечы ўскрыквала.