Выбрать главу

Мы ішлі даволі доўга, вуліца пачала падымацца, а туман — адступаць, адкрываючы вачам зарэчны раён з прыватнаю забудовай, садамі і гародамі, дзе жыхары трымалі кароў, а перад Новым годам у дварах смалілі кабанчыкаў. Кіяскёрка выпусціла маю руку і, паказваючы дарогу, зноў ішла за пару дзясяткаў крокаў ад мяне. Яна спынілася пры жалезнай брамцы, за якой у засені маладой травеньскай лістоты стаяла залітая месяцавым святлом мураванка. Брамка засталася адчыненай, і праз дзесяць удараў сэрца я ступіў на брукаваную сцежку.

У цесным калідоры гаспадыня раскрыліла мне абдымкі. Як і ў танцах на даху, у спальні з двума вокнамі і доўгім вузкім ложкам мы маўчалі, ды ўзахапы размаўлялі й спявалі рукі, целы, яе грудзі, большыя, чым здаваліся пад адзеннем, смоль ейных валасоў, калі яна апыналася зверху. Тонкую мелодыю вялі і знянацку жарыя, а не чорныя кудзеркі над улоннем.

На белай процілеглай сцяне вісела карціна з незвычайным краявідам — у небе над начной ракою плылі, люструючыся ў вадзяной роўнядзі, адразу дзве налітыя залатым сокам поўні. Трэцяя поўня, пакуль не такая спелая і дасканалая, але найярчэйшая, зазірала ў бліжэйшае да нас вакно. Усе поўні неўпрыкмет увайшлі ў наш рытм і пачалі мяняцца месцамі: тая, за вакном, перавандроўвала на карціну, каб дадаць у пакоі святла, а залатыя, што адбіваліся ў рацэ, зазіралі ў вокны — кожная ў сваё…

Назаўтра ўсё паўтарылася: туман, брамка, вузкі ложак, поўні, што далучаліся да танца нястомных целаў. У нейкі момант дзверы спальні бязгучна адчыніліся і на парозе ўзнікла жаночая постаць. У мігатлівым прыцемку яе немагчыма было разгледзець, і штосьці знаёмае мне, пэўна, толькі прымроілася. Жанчына некалькі імгненняў глядзела на нас, скрыжаваўшы на грудзях рукі, і гэтаксама, без гуку і шолаху, растала за дзвярыма. Наш танец не перапыняўся: Кіяскёрка танчыла спінаю да ўваходу і магла ўбачыць прывідную візітантку адно ў маіх вачах, але я папрасіў іх маўчаць.

З той начы памятаю і высокія тонкія шклянцы, адкуль мы пілі адзіны напой — ваду, у якой грала, пералівалася і танчыла, намагаючыся перадаць нам свае тайніцы, месяцавае святло.

17

Напачатку ўяўлялася: ночы не ўплываюць на дзённае жыццё, бо дзве гэтыя рэальнасці — паралельныя і не перасякаюцца. Я памыляўся.

Спаткаўшыся праз два дні з Лораю, я пацярпеў жорсткую мужчынскую паразу. Лорыны намаганні натхніць мяне толькі пагаршалі становішча. Яна пайшла на тое, каб аголенай станчыць імправізаваны эратычны танец, пасля чаго мой сорам стаўся адно больш пякучым. Нечакана Лора, праявіўшы жаночую мудрасць — чым, трэба сказаць, моцна ўразіла, — абвясціла, што, маўляў, з кожным хоць раз, але такое абавязкова здараецца.

Мая мужчынская існасць прагнула рэваншу, і па дарозе дадому я адмыслова прайшоў каля кінатэатра. Працавала якраз Кіяскёрка. Ці застаўся ў вас «Футбол»? — таймуючы сэрца, запытаўся я. «Футбол» па аўторках, — дзяжурна адказала яна, падняўшы фіялетавыя вочы. Я змусіў сябе не адвесці позірку. Што яшчэ? — Скажыце, а вы жывяце ў Зарэччы? Ейныя вочы імгненна сталіся гуллівымі: Малады чалавек, вы, здаецца, хочаце пазнаёміцца са мной бліжэй? Адвагі хапіла на тое, каб выціснуць з сябе: Хачу. Кіяскёрка крыху падумала. Тады можаш правесці мяне заўтра ўвечары дадому. Прыходзь а восьмай, — весела прапанавала яна. Заўтра ўвечары не магу, — у раптоўнай паніцы адказаў я. Ну як сабе хочаце… — Яна зноў перайшла на «вы», а голас набыў адценне паблажлівасці.

Я доўга не мог супакоіцца, хоць адчуваў, што зрабіў абсалютна правільна. Яе раніцы, дні і вечары пасля восьмай няхай належаць каму заўгодна, але ночы, калі мы танчым, будуць толькі маімі.

18

Пачаліся выпускныя школьныя экзамены. Дні стаялі ветраныя, з дажджамі ды халоднымі начамі, і я засынаў і прачынаўся, не выходзячы з пакоя. Маці ўхваліла мае паводзіны: маўляў, цяпер на першым месцы адзнакі, а Лора — пачакае.

За дзень да апошняга экзамена вярнулася пагода. Радасць ува мне злівалася з хваляваннем. Мы ніколі не танчылі ў непагадзь, аднак і пагодлівы дзень не абавязкова азначаў, што ўначы Котка кінецца да мяне па прыступках, ускочыць на рукі і я пачую тахканне маленькага сэрца.

Але ноч рыхтавала свае падарункі.

Гладзячы Котку, мае пальцы ўпершыню адчулі: яе круглая выпаленая плямка зарастае густым пушком. У адказ на дотыкі ў тым месцы Котка не ўздрыгвала, а ўдзячна муркала.

Праз дзясятак прыступак чакала новая неспадзяванка. Хтосьці шчодра раскідаў па руберойдзе сцябліны маладога аеру. Чорнае палатно даху маляўніча спярэшчвалі зялёныя мазкі, і гэтая карціна цешыла не толькі вока: у паветры струменіў вытанчаны святочны водар. Я памятаў яго з дзяцінства, калі ў мамінай вёсцы перад Сёмухай прыцярушвалі аерам падлогу. Праўда, там аерны пах змешваўся з іншымі пахамі сялянскае хаты, тут жа ў паветры непадзельна ўладарыў адзін ён.

Кожны з нас радаваўся нечаканцы па-свойму. Залацістая аздобіла стрэлкай аеру кучаравую фрызуру. Кіяскёрка змайстравала сабе зялёныя, з ружовымі квадрацікамі ад карэньчыкаў каралі. Котка ўзяла аеравую шабельку ў зубы і не выпускала яе ні рухаючыся па коле, ні танцуючы пасярод яго, што выглядала асабліва святочна.

Аер, безумоўна, служыў знакам, які нам прапаноўвалася разгадаць або, наадварот, не імкнуцца зазірнуць у таямніцу, а проста чакаць яе разгадкі, атрымліваючы асалоду ад водару, які падчас танца рабіўся мацнейшым, бо нашыя босыя ногі міжволі расціскалі сакавітыя духмяныя сцябліны.

Іншым знакам, адрасаваным аднаму мне, сталася тое, што я ніводнага разу не адчуў у руцэ ядвабных падушачак Залацістай. Звыклы ў кожным танцы сустракацца з рукамі ўсіх танцораў, я — калі мы мяняліся ў руху месцамі — спрабаваў апынуцца побач з Залацістай, аднак усе манеўры сканчаліся безвынікова. Стоячы ў фінале з узнятымі ў неба рукамі, я падумаў: такое несупадзенне пярэчыць самой тэорыі імавернасці, вядома, калі яна тут дзейнічае.

Гэта было не астатняе парушэнне заўсёднай хады начных падзеяў.

Як зазвычай, мы разыходзіліся ў розным парадку, але апошнімі нязменна заставаліся Котка і Залацістая. Першым рушыў да адкінутых дзверцаў люка Настаўнік, за ім, як заўсёды, нырнула туды Гімнастка і, крыху памарудзіўшы, спусцілася Кіяскёрка. Надышла мая чарга, ды каля люка стаяла з Коткаю на руках Залацістая. Значыць, сёння апошнім адыходзіў я. Абвёўшы вачыма чорна-зялёны дах, я ўдыхнуў на развітанне аерны водар.

19

Раней я адзначаў дзіўную з’яву: пры пад’ёме на дах пяты паверх кудысьці знікаў: з пляцоўкі паміж чацвёртым і пятым паверхамі ты адразу трапляў на шосты і ўжо чакаў, як насустрач выбяжыць і папросіцца на рукі Котка. Я ніколі не мог узгадаць, як пераадольваў гэтыя сорак пяць — або ў дадзеным выпадку зусім іншую колькасць — прыступак, нават не паспяваў чарговы раз здзівіцца, як таямнічы ліфт вокамгненна пераносіў мяне на шосты паверх і пакідаў перад кароткай лесвічкаю на дах. Тое самае, але ў адваротным парадку, адбывалася па дарозе назад.

Аднойчы мне прыснілася, што Гатэль, важка зыбаючыся, ідзе начной ракою пад цёмным ветразем, а я ўглядаюся ў начны незварушлівы карабель са стромага берага, лічачы ягоныя палубы. Іх шэсць, і пацеркі каютных вокнаў не палохаюць цемрай, а прытульна свецяцца на ўсіх шасці, у тым ліку, зразумела, і на пятай. Але тое адбывалася ў сне, а на яве выглядала якраз наадварот: і ўдзень, і ўначы на ўсіх шасці лініях паверхаў цягнуліся цёмныя ланцужкі незашклёных вокнаў. Такім чынам, паміж чацвёртым і шостым паверхамі існаваў яшчэ адзін, аднак таямнічае поле, якое яго вартавала, дазваляла толькі маланкава пераадолець гэтую прастору, не даючы дазволу хоць на хвілю там затрымацца.

Вось жа, застаўшыся апошнім у тую «аеравую» ноч на даху, я набраў поўныя лёгкія духмянага паветра, ступіў на першую прыступку лесвіцы і — прачнуўся ў сваім ложку.