20
Мама трымала нада мною будзільнік, што падымаў на апошні экзамен. Зусім вы з тваёй Лорай з рэек з’ехалі, — прамовіла мама, і я спрасонку рэкнуў: Пры чым тут Лора? Дапіваючы ранішняе малако, я не ўспомніў анічога, апрача звыклага хрумсту шкла пад нагамі і знаёмага вядра з немаведама калі скамянелай рошчынай на шостым паверсе.
Усё вярнулася праз сем халодных дажджлівых дзён, у такі самы хмурны мокры вечар. Ужо застаўся ў мінулым выпускны школьны баль, на якім Лора павіншавала мяне з залатым медалём, але падкрэслена вальсавала з аднакласнікам. Месяц таму я вар’яцеў бы ад рэўнасці, трымцеў бы ад жарсці, уяўляючы Лору пад тонкай блакітнаю сукенкай, а цяпер ціха радаваўся такому развіццю падзеяў.
Назаўтра пасля выпускной вечарыны я затэлефанаваў Лоры з прапановаю сустрэцца. Можа, ніколі мы не кахаліся так доўга і апантана, аднак у шаленстве целаў зеленаватай яшчаркаю праслізгвала адчужанасць. Калі мы знясілена выцягнуліся на ложку, Лора раптам паднялася і вымкнула музыку. Ты не мой. Ідзі. Проста хацела з табой развітацца.
Я ішоў пад дажджом, не раскрываючы парасона. Прамок да ніткі, ды не адчуваў холаду. Зняў чаравікі і басанож плюхаў па лужах. Каля перапоўненага фантана на плошчы зачэрпнуў у чаравікі вады і зрабіў сабе душ. Напалохаўшы бацькоў, я пераапрануўся ў сухое, напіўся гарачага малака і пайшоў да сябе ў пакой. Вецер шпурнуў у вакно жменю буйных кропляў, па шыбах пабеглі тонкія стуменьчыкі, і скрозь іх я ўбачыў усё, што пачалося пасля вядра з застылай рошчынай.
21
Мы з Залацістай плылі ў чыстай вадзе колеру каменю хрызапразу з майго цяперашняга пярсцёнка. Нават не плылі, а луналі па-над густым падводным лесам, вершаліны якога казыталі нам ногі, ды не заміналі рухацца лёгка й імкліва. А можа, гэта было не багавінне, што цягнулася з глыбіні, а рыбы, якія мільгалі пад намі ў насычанай сонцам прытульнай прасторы. Возера прыняло нас аголенымі, адно на безыменным пальцы левай рукі ў Залацістай пабліскваў шырокі срэбны пярсцёнак з зялёным каменем. Гэта надавала заплыву адценне ўрачыстасці, і мне хацелася, каб возера запомніла абрысы нашых целаў, запісала звесткі пра нас у свае хронікі — на донных камянях, на карэнні прыбярэжных дрэваў, выбеленым вадою, што мела сваю жывую плыўкую памяць і магла зноўку паклікаць нас у зменлівы хрызапразавы сусвет.
Раз-пораз мы адначасова давалі нырца і, трымаючыся за рукі, праплывалі колькі дзясяткаў метраў пад вадой. Тады доўгія валасы маёй спадарожніцы пачыналі нагадваць расчасаныя плынню «русалчыны косы», якія з дзяцінства заўсёды заварожвалі мяне, толькі гэтыя косы былі не смарагдавыя, а залатыя, кранутыя грабянцом сонечных промняў.
Вада здзіўляла свежасцю й смакам. Яе хацелася пакаштаваць, і мы не ленаваліся рабіць маленькія асцярожныя глыткі. Серабрыстай платвіцаю бліснула думка: у мінулым або пазамінулым жыцці мы абое былі рыбамі і хвіліны, што перажываюцца зараз, — гэта сустрэча двух нашых ранейшых увасабленняў.
Блізкі ўжо бераг аздаблялі лапікі трыснягу і вясёлыя выспачкі аеру. Мы кіраваліся да пазначанай радком хвояў касы, якая вабіла паскам пясчанае водмелі. Там навісала над вадою, адкідваючы на яе доўгі цень, высокая грацыёзная вольха, што валадарыла над раскошна ўтравелым берагам. Целы наструньваліся, трымцелі ад прагі схавацца ў высокай мяккай траве, даверыцца засені вольхі й выправіцца ў іншае плаванне.
Там, на беразе, яно атрымалася неверагодна імклівым, але асалода ад гэтага анічога не страціла. Рукі, ногі, вусны, яе ўлонне дзіўным чынам былі адначасна халаднаватымі й гарачымі. Мы ператварыліся ў рабоў адно аднаго і — уладароў цэлага свету. Потым я нібыта памёр і вярнуўся назад — дарослым і спустошаным, сцішаным і шчаслівым. Я пачуў і ўбачыў, як наваколле жыве сваім адвечным парадкам. Па руцэ бегла порсткая рудая мурашка. Гушкаліся на травінках сапфіравыя і бурштынавыя стрыблі. У гушчары жаласна пішчала злоўленая вужакай лясная мышка.
Цела ў Залацістай было проста абсыпанае радзімкамі розных колераў і адценняў ад антрацыту да алівіну — цэлая галактыка. Але я не паспеў пачаць яе вывучэнне, бо Залацістая з уладнай пяшчотаю перавярнула мяне са спіны на жывот. Яе дыханне ставала ўсё бліжэйшым, яго цёплая змейка бегла па маіх плячах, і ў нейкі момант я адчуў на мокрай макаўцы пяшчотныя вусны. Знайшоўшы патрэбную кропку, Залацістая пачала хутка-хутка дзьмуць туды гарачым струмком паветра. Цела зрабілася бязважкім і не маім, што, аднак, не палохала, а захапляла.
Вагомасць і моц вярнуліся целу — разам з усведамленнем яго сваім уласным — ужо тады, як мы зноў плылі поруч. Але нешта зыначылася. З пальца ў Залацістай знік пярсцёнак з зялёным каменем. Я не мог сказаць ёй пра гэта, бо мы і тут маўчалі, ды мая спадарожніца хуткім рухам левай рукі дала зразумець, што ведае пра страту. Я адно не мог даўмецца: шкадуе яна або не?
І замест адказу ўва мне ціха прагучала: Маё імя — Эфа.
22
Праміне шмат гадоў, і я апынуся, відаць, у самым прыгожым і загадкавым сне свайго жыцця, у сне, шчодра наладаваным сімваламі, алюзіямі й дагэтуль не раскрытымі знакамі.
Пачынаўся сон досыць будзённа і нават з прысмакам анекдатычнасці. Перад адпраўленнем экскурсійнага аўтобуса я пабег у прыбіральню. Зрэшты, завязка атрымалася ўсё ж не зусім звычайнай: аўтобус стаяў пасярод выпаленай камяністай пустэльні, над якой у зіхоткім мроіве плыло бязлітаснае паўднёвае сонца.
Усе кабінкі ў прыбіральні былі крыж-накрыж заклееныя ліпучкай, а намаляваныя на іх стрэлкі паказвалі ўправа на адзіныя чыстыя ад ліпучкі дзверы, за якімі адкрыўся душны калідор кудысьці ўніз. Ісці па ім не хацелася, але іншага выйсця я не меў, бо назад дзверы не адчыніліся. Сотавая сувязь знікла, і, скарыўшыся з тым, што адстану ад сваіх, я рушыў наперад.
Неўзабаве калідор прывёў у падземны горад-лабірынт, а магчыма, нават у цэлую краіну, з несканчонымі вуліцамі-анфіладамі. Сярод іх часам узнікалі пляцы з фантанамі й фінікавымі пальмамі, ад якіх разыходзіліся промні новых вуліц і завулкаў. Некалькі суседніх вуліц насяляў нейкі адзін народ. Найчасцей — габрэі, аб чым сведчылі меноры, шасціканцовыя зоркі і пісьмёны на сценах і нізкай столі. У адных анфіладах жылі светласкурыя ашкеназі, між якіх, мне здалося, я двойчы пазнаў аднакласнікаў, што з’ехалі з бацькамі на зямлю продкаў. Іншыя вуліцы належалі смуглым сэфардам або цёмнатварым кучаравым юдэям-абісінцам. Ад іх адгаліноўваліся ўладанні мараканскіх габрэяў, а за імі ляжаў анклаў марыскаў.
З тых кварталаў я зноў трапляў у габрэйскія, ужо адрозніваючы сімволіку і мовы. Хутка прыйшло разуменне: паміж нашай экскурсіяй і тым часам, у якім жыў падземны горад, пралеглі стагоддзі: нават друкаваныя кнігі трапляліся тут вельмі рэдка, а ўбачаная недзе на падваконні мікрахвалёўка падалася аптычным падманам.
Мясцовыя жыхары сустракалі мяне ў горшым разе абыякава-спакойна, а найчасцей — прыязна, аднак тыя, каго я спрабаваў распытаць пра дарогу назад, аніколі не збіраліся дапамагчы, прапаноўваючы наўзамен пачостку або начлег. Вандруючы па лабірынце не адзін дзень, я, відаць, паспеў пакаштаваць усе тамтэйшыя прысмакі: свежыя буйныя фінікі, тэйгелах, размаітыя перапечкі і праснакі з мёдам, разынкамі, цынамонам. Адну ноч я спаў на ложку з белымі і халаднаватымі льнянымі прасцінамі, другую — на тонкай бруднай посцілцы, кінутай на каменную падлогу. Трэцяе начы ў багатую спачывальню гаспадыня прывяла юную нявольніцу ў вянку з белых лілеяў.
Між тым азарт падарожніка хутка запаветрыў, і на змену яму прыйшло вусцішнае падазрэнне, што выцяла як пярун: я асуджаны! Асуджаны да канца дзён блукаць у чужым часе, пад небам, што ўяўляе сабой не больш як столь, дзе ніколі не шэпчуцца зоркі і не ўзыходзіць здзіўлены месяц, а дзень надыходзіць тады, калі паводле нечага загаду паўсюль загараюцца вымкнутыя нанач свяцільні. Здагадка была нясцерпна-пякучай, і я закрычаў і пабег. Я бег бясконца доўга і, калі знясілеў, убачыў: вуліца заканчваецца глінабітным тупіком. У роспачы я заваліўся на дол і заскавытаў, як бадзяжны сабака.