Вераніцын
Тарас на Парнасе
І
Ці знаў хто з вас, браткі, Тараса,
Што палясоўшчыкам служыў?
На Пуцявішчы, у Панаса,
Ён там ля лазьні блізка жыў.
Што ж, чалавек ён быў рахманы,
Гарэлкі ў губы ён ня браў,
Затое ў ласцы быў у пана —
Яго пан дужа шанаваў.
Любіла тож Тараса й паня,
І войт ні разу не збрахаў,
Затое ж ён балота з раньня
Да цёмнай ночы пільнаваў.
Чуць золак — стрэльбу ён за плечы,
Заткне сякеру за паяс, —
Заўсёды ходзіць бор сьцярэгчы
Ды птушак біць з ружжа Тарас.
Хадзіў ці многа ён, ці мала,
Ды толькі нешта адзін раз
Бяда ў бары яго спаткала...
Во як казаў нам сам Тарас.
II
«На самага Кузьму-Дзям'яна
Пайшоў я біць цецерукоў.
Устаў я нешта дужа рана, —
Здаецца, зь першых петухоў.
Іду сабе я панямногу,
Але й на пень крыху прысеў,
Аж тут — лоп-лоп! — цераз дарогу
Як быццам цецярук зьляцеў.
Злажыўся стрэльбай — кляпсь! — ня паліць,
Крамзель з другога! — не пякець!
Гляджу — аж вось з-за елі валіць
Як ёсьць хароміна-мядзьведзь!
Хоць не труслівы я дзяціна,
Але затросься, як асіна,
Зубом, як цюцька, лапачу.
Аж бачу — зломана лясіна,
І ўздумаў: дай-ка ўскачу!
III
Скакнуў — ня трапіў, пасьлізнуўся
І ў яму старчаком лячу!
Ляцеў, ляцеў — як разануўся, —
Аж стала зелена ўваччу!
Ляцеў ці доўга я, ці мала,
Таго ніяк не ўцямлю,
Але ўжо ладно расьсвітала,
Як я зваліўся на зямлю.
Устаў зь зямлі, абкалаціўся, —
Бо быў у гразі я, як свіньня,
І доўга сам сабе дзівіўся —
Дзе апынуўся гэта я?
Рукой паскробшы каля вуха,
Дастаў зь кішэні рагавень
І храпы напіхаў цяртухай, —
Бо ўжо ня нюхаў цэлы дзень!
Як прасьвятлелі мае вочы,
Мядзьведзя ўжо я не шукаў.
Закінуў стрэльбу я за плечы
І па бакох глядзець пачаў.
IV
Авохці мне! Як там прыгожа!
Як быццам хто намаляваў!
Чырвоны краскі, мак і рожа, —
Ну, як сукенку хто паслаў!
І птушкі ёсьць там, дужа стройна
Пяюць, палепш за салаўя!
А-ай! авохці мне! авой-я!
Куды патрапіў гэта я?
Стаяў я доўга і дзівіўся,
Разявіў зяпу і глядзеў,
Аж вось адкулечка з'явіўся —
Ці то прышоў, ці прыляцеў —
Хлапчына нейкі круглалікі,
Увесь кудравы, як баран,
І за плячыма ў яго вялікі
Прычэплен лук быў і калчан.
— Адкуль, куды дарога гэта? —
Спытаў я ў хлопчыка той час.
— Дарога гэта з таго сьвета,
І проста йдзе аж на Парнас! —
Сказаўшы, хлопчык таго часу
На крыллях шпарка паляцеў
Дарогу ж паказаць Тарасу,
Ня меўшы часу, не хацеў.
V
Памысліў я тады нямнога:
Што за шайтан Парнас такі?
Пусьціўся я проста той дарогай,
Узяўшы ў рукі добры кій.
Прайшоў вёрст дзевяць той дарогай,
Аж бачу я — гара стаіць,
А пад гарой народу многа,
Як бы кірмаш які кішыць.
Прыйшоў я бліжэй, што за ліха:
Народ ня просты, ўсё паны.
Хто дужа шпарка, хто паціху,
Усе лезуць на гару яны
І, як у школе, галасуюць,
Гатоў адзін другого з'есьць,
Бо кожны морду ўперад суець,
Каб першым на гару ўзлезьць.
VI
Усе з сабой цягаюць кніжкі,
Аж з іншых пот руччом плюшчыць,
Друг дружцы выціскаюць кішкі.
Аж нехта з-паміж іх пішчыць:
«Памалу, братцы, не душыце
Мой фельетон вы й «Пчалу»,
Мяне ж самога прапусьціце
І не дзяржыце за палу!
А не, дык дадушы, ў газеце
Я вас аблаю на ўвесь сьвет,
Як Гогаля ў прошлым леце, —
Я ж сам рэдактар ўсіх газэт!»
Гляджу сабе — аж гэта сівы,
Кароткі, тоўсты, як чурбан,
Плюгавы, дужа некрасівы,
Крычыць, як ашалелы, пан.
Нясе вялікі мех пан гэты,
Паўным-паўнюсенька набіт.
Усё там кніжкі ды газэты,
Ну, як каробачнік які!
Таварыш поплеч зь ім ідзе
І несьці кніжкі пасабляе,
А сам граматыку нясе,
Што ў семінар'ях вывучаюць.
VII
Во нешта разам зашумелі,
Народ раздаўся на канцы,
І, як бы птушкі, праляцелі
Чатыры добрых малайцы.
Народ то быў усё не такоўскі:
Сам Пушкін, Лермантаў, Жукоўскі
І Гогаль шпарка каля нас
Прайшлі, як павы, на Парнас.
Ну, словам, многа тут народу
Сабралась лезьці на Парнас:
Былі паны, было й зброду,
Як часам і на сьвеце ў нас.
Праміж людзей і я штурхаўся
І ціснуўся, што ёсьць пары;
Вось чуць-ня-чуць такі прабраўся
І лезу проста да гары.