Выбрать главу
VIII
Узьлез. Гляджу — будынак новы Стаіць, зазвычай панскі двор, Кругом абнесен тын яловы: Нябойсь, сюды ня ўлезе вор! А на дварэ тым сьвіньні ходзяць, Каровы, козы, бараны... Знаць, і багі хазяйства водзяць, Калі сьвіней дзяржаць яны. На грошы ў тронкі тут гуляюць Парнаскі хлопцы-дзецюкі, А хто капейкі зь іх ня маець, Той лупіць проста ў шлягі. Улез к багам тады я ў хату... Авохці мне! Ні даць, ні ўзяць, Як у казарме там салдатаў — Багоў — ня можна пашчытаць!»
IX
Тарасу ліха што здаецца, — Ну, як бы ў рандзе ён сядзіць: Хто піпку курыць, хто сьмяецца, А іншы песьню бурудзіць. Глядзіць ён, аж на лаўцы шыюць Шаўцы багіням хадакі, Багіні ж у начоўках мыюць Багам кашулі і парткі. Сатурн там, лыкі размачыўшы, Падвіркай лапці падплятаў; Па сьвеце добра пахадзіўшы, Лапцей ён многа патаптаў. Няптун на лаўцы чыніць сеці І восьці садзіць на шасты, Пры ім жа, мусіць, яго дзеці Дзіравы ладзяць нераты.
X
Вось б'юцца Марс ды зь Геркулесам, А Геркулес, як той мядзьведзь, — Каб цешыць старага Зевеса, Хахол ён Марсу добра мнець. Зевес жа наўзніч лёг на печы, Сярмягу ў голавы паклаў... Ён грэў на печы стары плечы І нешта ў барадзе шукаў. Во перад люстрам задам меліць
І маслам мажа валасы Ды нечым белым твар свой беліць Вянера, знаць, дзеля красы. Амур жа зь дзеўкамі жартуе, Ну, проста сьмех ажно бярэ! То ён зьнянацку пацалуе, То хустку з галавы зьдзярэ; То на гармоніку зайграе, То німфам песьню запяе, То адным вокам заміргае, Як быццам бы каго заве.
XI
Вось затраслася ўся гара: Зевес на печы зварухнуўся Зяўнуў і дужа пацягнуўся Ды кажа: «Есьці ўжо пара!» Тады праворна дзеўка Геба Гарэлкі ў чаркі наліла І, як жарон, букатку хлеба, Прынёсшы, — бразь! — сярод стала! Яна ў найміткі ў неба ўзята, Каб есьць варыць і плацці мыць. Нябось, ня дарам яе плата — Ці ж лёгка столькіх накарміць?! Во, з усяго сабралісь неба! Як тараканы каля хлеба, Багі паселі ўкруг стала, І стравы смачны зь печы Геба Насіць да столу пачала.
XII
Наперш дала яна капусту, Тады са скваркамі кулеш, На малацэ крупеню густу Дае ўволю, толькі еж. І з пастаялкай жур сьцюдзёны, А з кашы сала аж цякло, Ды і гусяціны смажонай Уволю ўсім багом было. Як унясла ж на стол каўбасы, Бліны аўсяны ў рашаце, Аж сьлінкі пацяклі ў Тараса І забурчала ў жываце. Багі гарэлку піць пачалі, З насадкі ў чаркі так і льюць! Падпіўшы, песьні запявалі Ну, як у рандзе, ўсе пяюць. Бах сьп'яну пеў такі прыпеўкі, Што аж ня можна гаварыць, Аж засароміліся дзеўкі, Так стаў ён брыдка развадзіць. А Зеўс тым часам насьцябаўся, Што носам чуць зямлю ня рыў, — Ён вочы плюшчыў і ківаўся Ды быццам нешта гаварыў. Хоць не маё то, праўда, дзела, Ня сьлед мне, можа, і казаць, Любіў ён цешыць грэшна цела Ды часам лоўка падгуляць.
XIII
Але багі такі ўсталі, Як ўсё паелі, папілі. Во... разам у дуду зайгралі, Скакаць багіні пачалі. Узяўшы хустачку, Вянера Пайшла «Мяцеліцу» скакаць. Прыгожа, стройна цераз меру, Пяром ня можна апісаць. Чырвона, тоўста, круглаліца І вочы, як на калясе, Як жар, гарыць яе спадніца, Істужкі ўплецены ў касе. Хапіўшы келішак гарэлкі, Амур яшчэ павесялеў — Іграць пачаў ён на жалейцы І дзеўкам стройна песьні пеў. Няптун з прыгожанькай наядай Пайшоў упрысядку «казака»; Нябось, і ў старога гада Кроў грае, як і ў дзецюка, А во й сам Юпітар зь Вестай, — Пусьціўся, стары хрэн, у пляс, Як бы жаніх перад нявестай, Заткнуў ён рукі за паяс. А во й Марс у новых ботах; Ён, мусіць, ботаў не жалеў, Бо зь німфамі скакаў да поту, Гуляў у жмуркі і шалеў. І кожны бог так разгуляўся, Што аж ня можна ўдзяржаць. А хто гарэлкі насьцябаўся, Таго пад лаўку клалі спаць.