Выбрать главу
XIV
Калі зайграў дудар «скакуху», Ніяк Тарас наш не ўцярпеў, І ад парога, што ёсьць духу, Скакаць на хату паляцеў. Як стаў прытаптываць атопкам, Аж рот разявілі багі: То ён прысьвісьне, то прытопне, То шпарка пойдзе ў кругі. Глядзеў Юпітар і дзівіўся, І пад дуду ў далоні біў, У канцы к Тарасу прыбліжыўся І так яго перапыніў: «А ты адкулечка, прыяцель? Зачым прыйшоў ты на Парнас? Ты хто такі? Ты не пісацель?» «Не, мой панок! — сказаў Тарас, —
Я палясоўшчык з Пуцявішча, Чуць золак сёньня са двара, Прыйшоў сюды я апаўдні шчэ, Ды ўжо й дадому мне пара. Ці не была б, паночак, ласка Адсюль дамоў мяне завесьці? Хадзіўшы па гары Парнаскай Мне дужа захацелась есьці...»
XV
Кіўнуў Зевес — і мігам Геба Крупені ў міску наліла І добрую краюху хлеба, Сказаўшы: «Еж», — мне падала. Крупені смачнай пахлябаўшы, Усіх падзякаваў багоў; Кашэль за плечы прывязаўшы, Сабраўся ўжо ісьці дамоў. Але зэфіры падхапілі, Хто за руку, хто за паяс, І, як бы птушкі, паташчылі Яны мяне цераз Парнас. Няслі на крыльлях, быццам вецер, І проста прыняслі ў наш лес. Гляжу я: мусіць, ужо вечар, Бо маладзік на неба ўзлез...» З тых пор Тарас ужо не ходзіць Так дужа рана па лясах, А дзеля гэтага не шкодзіць Бярвеньне красьці па начах. Дык вось што бачыў наш Тарас, К багам узлезшы на Парнас. Ён гэта мне апавядаў, А я ў паперку запісаў.