Выбрать главу

— Чакай! — кажу, а самога ажно мароз па скуры дзярэ. — Тата калісьці чытаў у часопісе. Расказваў... Дзесьці ў Чэхаславакіі ў нейкім возеры, Чорным, ці што, шпіёны ныралі ў аквалангах. Хацелі падняць са дна, каб паціху вывезці, дваццаць жалезных скрынак. Гэта быў архіў гестапа, які фашысты затапілі, адступаючы. Вельмі важныя дакументы... спісы ваенных злачынцаў. І ў Аўстрыі тая ж пятрушка была, таксама ў возеры і таксама шпіёны з аквалангамі.

— Точна! Яно самае! Ух ты-ы! — загарэўся Ява. — Ну так, «дваццаць жалезных», і «вермахт», і аквалангі...

Ён не дагаварыў, бо ў гэты момант з рэпрадуктара гучна, на ўсю станцыю, пачулася:

— Вучні з вёскі Васюкоўка, якія прыехалі на экскурсію ў Кіеў, Рэнь і Заўгародны, вас чакаюць на выхадзе са станцыі «Дняпро»!

Нібыта хтосьці зверху нас аглушыў, ажно ногі падкасіліся. Так гэта было для нас неспадзявана. Нам здалося, што ўсе гэтыя людзі, якія па станцыі і ўнізе швэндаюцца, усе яны разам на нас паглядзелі.

І мы адразу ж зрабіліся маленькімі-маленькімі і нібыта голымі. Упершыню ў жыцці нашыя прозвішчы называлі па радыё.

— Не бойся, — апамятаўся нарэшце Ява. — Гэта, напэўна, Галіна Сідараўна. Шукае нас. Гайда!

Мы патупацелі да выхаду.

Зірк-зірк. Ні Галіны Сідараўны, ні нашых — ні слыху ні дыху. А стаіць вялізны вусаты міліцыянер. Убачыў нас і адразу:

— Стоп! — падняў руку. — З Васюкоўкі? Рэнь і Заўгародны? Вы мне і патрэбны. Пайшлі.

Вось табе і «не бойся»! Папаліся! За нашы хуліганскія паводзіны ў «Дынама», за тыя вудзільны праклятыя.

Мае ногі прыкіпелі да зямлі і зрабіліся ватнімі — вось-вось на падлогу сяду.

— Ну, пайшлі, чаго ж вы, — азірнуўся міліцыянер. — На руках вас несці, ці што?

Ледзь з месца крануўся.

Выйшлі мы з метро, глядзім — стаіць сіняя машына з чырвонай стужкай на баку, а на той стужцы напісана: «Міліцыя». І вядзе нас міліцыянер да машыны. Адчыніў дзверцы, сказаў: «Сядайце», а сам — каля шафёра. Зняў трубку (радыётэлефон) і гаворыць:

— Таварыш лейтэнант! Дакладвае старшына Палянічка. Хлопцаў знайшоў. Вязу на аператыўнай машыне куды трэба.

Мы так і аслупянелі. Ну ўсё! «Куды трэба». У турму, значыць, вязе. Прапалі мы.

Нам бы якраз плакаць, гаварыць: «Мы болей не будзем, адпусціце», а мы ні слова, ні гу-гу! Гордыя мы!

Тулімся адзін да аднаго, едзем і праз акенца на Кіеў апошні раз паглядаем.

Запунсавеў Кіеў сцягамі і святочнымі транспарантамі. Першамай жа заўтра. Усюды людзі вясёлыя, усмешлівыя, вольныя. А мы... у турму едзем. А сапраўдныя шпіёны на волі ходзяць. І нам зрабілася так прыкра — хоць ты плач.

— Эх вы! — не вытрымаў Ява. — Не тых узялі, каго трэба!

— Як гэта? — павярнуўся старшына.

— Вось вам і «як гэта», — закапыліў губы Ява. — Можа, мы за сапраўднымі шпіёнамі сачылі...

— Ну?! — левае брыво старшыны выгнулася, як запытальнік.

— Вось вам і «ну». Можа, яны толькі што аквалангі купілі... для падводнага плавання...

— Ого!

— Вось вам і «ого»! Можа, яны гестапаўскі архіў з дна будуць падымаць.

— Зразумела! «Аквалангі на дне». Глядзеў. А хто яны, вашы шпіёны? Адкуль узяліся? З-за акіяна?

— З нашай вёскі.

— Ага, мясцовыя, значыць. Калгаснікі. Як прозвішчы?

Ява разгублена зірнуў на мяне. Ён ужо шкадаваў, што пачаў гэтую размову. Міліцыянер гаварыў пасміхаючыся, відаць, ні слову не паверыў.

— Як жа прозвішчы вашых шпіёнаў? Га? — усміхаючыся, паўтарыў старшына. — А можа, гэта сам старшыня калгаса? Або дырэктар школы? Або калгасны вартаўнік, які яблыкі не дае латашыць? Га? Чаго маўчыце?

Раптам машына спынілася.

— Ну, прыехалі. Вылазьце, шэрлакі холмсы, — сказаў старшына Палянічка.

Вылезлі мы. Турму вачамі шукаем. Нешта не відаць. Направа царква, а прама — вялікі шэры будынак з калонамі, на тэатр падобны. Няўжо ў Кіеве такая турма?

Толькі мы падумалі пра гэта, а міліцыянер і кажа:

— Гэта, хлопцы, гістарычны музей, дзе ваш клас з настаўніцай. Ідзём пашукаем іх. А то яны, пэўна, хвалююцца, думаюць, што вы назаўсёды згубіліся.

«Дык вось яно што, — радасна забіліся нашы сэрцы. — Дык вы, значыцца, не ў турму нас, таварыш Палянічка. А ў музей, да Галіны Сідараўны. Ох! Які ж вы малайчына, які ж вы добры чалавек!»

— І не хвалюйцеся, хлопцы! — супакоіў нас добры чалавек. — Я вашай настаўніцы скажу, што вы сачылі за шпіёнамі. Яна не будзе сварыцца. Гэта ж справа сур'ёзная! Дзяржаўная!

— Не трэ...

— Не ка... — адначасова ўсклікнулі мы. А што, як... На ўсю вёску засмяюць! Навошта Ява сказаў!

— Ён па... пажартаваў, — зіркнуўшы на Яву, паспешліва сказаў я.

— Умгу! — насупіўшыся, пацвердзіў Ява.