Выбрать главу

— Ну, глядзіце мне, калі паўкамбайна прападзе, ногі паадкручваю, — смяецца Грыць і ідзе ў адчыненыя дзверы майстэрні.

Мы азіраемся. Здаецца, ніхто не бачыць.

— На абардаж! — дае каманду Ява.

Раз-раз-раз! Гоп! Ён ужо ў кузаве. Цяпер я.

Раз-раз-раз!.. Др-р-р!..

А каб цябе!.. Зачапіўся і — як штаны на плоце — на два бакі звесіўся. Ні туды, ні сюды.

Ява хапае мяне за каўнер — смык! Др-р-р-рррр... Гоп! Як жаба, ляпнуўся я ў кузаў. Лып — такі добры кавалак штаноў трохвугольнікам адваліўся, цела маё грэшнае нябёсам выставіў. Ой, і пападзе мне ад маці! Што ж, давядзецца цярпець, за шпіёнамі ганяцца — не ў шашкі гуляць.

Толькі б Кныш у кузаў не зазірнуў... Бо павыкідвае за шкіркі, як шчанят, ён такі! Колькі ні прасі: «Дзядзька, пакатайце» — ніколі не возьме. І схавацца, прыкрыцца няма чым — зусім парожні кузаў.

Ажно вось бразнулі дзверцы, завурчаў матор — уздрыгнула і рушыла з месца машына.

Пашанцавала! Не зазірнуў. І зноўку падкідвае нас на выбоінах — добра, што хоць крэслаў над намі няма. Нічога, вытрымаем — да аэрадрома кіламетраў дзесяць, не больш.

Мы толькі па некалькі сінякоў ды па дватры гузакі панабівалі і ўжо прыехалі.

Калі машына спынілася і Кныш выйшаў (бразнулі дзверцы), мы асцярожненька і ціха-ціха высунуліся над бартамі. Ён! Аэрадром. Наш, раённы. Вунь трапечацца надуты ветрам конус на службовым будынку. Стаіць некалькі самалётаў сельгасавіяцыі. З грузавіка стужкавым транспарцёрам нагружаюць у адзін з самалётаў мінеральныя ўгнаенні.

Кныш падыходзіць да лётчыкаў, якія кураць каля будынка, штосьці пытае, пазірае на гадзіннік, потым з-пад далоні — на неба.

І якраз у гэты момант у небе з'яўляецца самалёт. Ужо чутны гул матора.

— Ідзе на пасадку, — аўтарытэтна шэпча Ява.

І вось, падскокваючы, едзе самалёт па няхітрай пасадачнай пляцоўцы, азначанай тычкамі.

Кныш адразу пабег да самалёта. Спусціўшы на зямлю металічныя драбіны, з самалёта выйшаў лётчык. У руках — доўгая скрынка, з якой тырчыць нейкая трубка. Лётчык перадаў скрынку Кнышу, штосьці сказаў (мы не пачулі) і паказаў, маўляў, асцярожна. Кныш бярэ скрынку так, нібы ў ёй бомба.

— Што гэта? Што ён перадаў? — заклапочана пытаюся я.

— Нешта падазронае, — кажа Ява. — Можа... Можа, атамная бомба... з Амерыкі.

— Замалое для бомбы, — намагаюся я супакоіць сябе.

— Вельмі ты разумееш, — хмыкае Ява. А калі на транзістарах... Спецыяльна для шпіёнаў.

Кныш асцярожна ўлазіць у кабіну, заводзіць матор, і мы едзем. Не, мабыць, «едзем» не тое слова. Мы паўзём, паціху, асцярожна, абмінаючы кожную яміну, кожны каменьчык. Толькі адзін раз у жыцці бачыў я, калі гэты грузавік так ехаў. Тады ён быў накрыты чырвонай кітайкай і на ім стаяла... труна. Гэта — калі ўсім сялом хавалі героя грамадзянскай вайны дзеда Апанаса.

Згадка пра той факт халодным шыльцам утыркаецца ў сэрца. А што, калі і сапраўды ўзарвецца? І для пахавання нічога не застанецца, нават попелу... Атамная бомба — гэта ж...

— Ява, — шапчу я, — а давай з-злезем...

— Навошта? — пытае ён, але па вачах бачу, што ён таксама не супраць таго, каб злезці.

— Калі так ехаць, дык лепш ужо ісці! На такой хуткасці ён ад нас усё роўна не ўцячэ. Дый ногі размяць хочацца.

Мы пералазім цераз задні борт і, як жабяняты, ляпаемся на зямлю.

Ява прысядае і валіцца на бок. Я схіляюся над ім. Ява трымаецца за нагу і крывіцца:

— Ч-чорт... падвярнуў...

Але па вачах бачу, што нічога ён не падвярнуў. Малайчына. Я б не здагадаўся. Машына ўжо ад'ехала метраў сто. Цяпер можна следам. Калі што якое, хоць у канаўку пападаем — усё ж абарона.

— Ісці можаш? — для прыліку пытаюся я.

— Паспрабую, — адводзіць вочы Ява.

Нейкі час ён кульгае, а потым забывае і перастае кульгаць.

Мы ідзём за машынай. Нам нават не трэба спяшацца — так павольна яна сунецца.

Вось і вёска. Машына паварочвае ў вузенькую, зацішную, зялёную вулічку і спыняецца каля вастраверхага будыначка пад чарапіцай.

Мы трывожна пераглядваемся.

О, мы добра знаем гэты будыначак. Тут жыве Фарадзеевіч, вядомы на ўвесь раён, а можа, й на ўсю вобласць Фарадзеевіч.

Вы не знаеце, хто такі Фарадзеевіч? Ды ну? Няўжо?!

О, гэта незвычайны, цудоўны чалавек. Чалавек, які, як казаў мой бацька, трапляецца адзін на мільён, ды і не на кожны мільён.

Ён — наш вясковы бібліятэкар. Афіцыйна. А неафіцыйна — вынаходнік. І не проста вынаходнік. А, як казаў дзед Варава, «універсальны вынаходнік». Ён і механік, і электрык, і па розных там радыёштуковінах (што на транзістарах, паўправадніках), і селекцыянер (новыя нябачаныя сарты гародніны, садавіны), і па гідрасістэмах — проста не пералічыць...