Фарадзеевіч адкручвае вечка і ўрачыста гаворыць:
— Увага, таварышы-грамадзяне, вы-лі...
Мы з Явам маланкава пераглянуліся:
— Гой!
— Вой!
Спачатку з кустоў вылецела наша войканне, а за ім — мы.
— Стойце! Не ліце!
Вы памятаеце, у спектаклі «Рэвізор» Гогаля ёсць у канцы нямая сцэна, калі ўсе застываюць у розных позах з разяўленымі ратамі. Дык вось, зусім такая ж сцэна паўтарылася і зараз. На нейкае імгненне, вядома. Першы апамятаўся Фарадзеевіч.
— Што? — здзіўлена запытаў ён.
— Мы... — сказаў Ява і глянуў на мяне.
— Мы... — сказаў я і глянуў на Бардадзіма.
— Мы... — паўтарыў Ява і таксама глянуў на Бардадзіма. — Мы... толькі вам можам... па сакрэту...
Фарадзеевіч усміхнуўся.
— Па сакрэту дык па сакрэту. Я люблю сакрэты.
Ён адышоўся з намі ўбок і схіліўся, наставіўшы вуха. І мы, перабіваючы адзін аднаго, шэптам расказалі ў тое вуха чыста ўсё. У канцы Ява сказаў:
— А цяпер скажыце ўсім... Няхай нам надаюць... па заходнім паўшар'і... Мы згодны.
Фарадзеевіч неяк дзіўна скрывіўся і працягнуў:
— Вунь яно што... Добра...
Потым рашуча накіраваўся да юннатаў. Мы, заклаўшы рукі за спіну, як арыштанты, папляліся за ім.
— Дык вось, таварышы-грамадзяне, — сказаў Фарадзеевіч. — Гэтыя маладыя людзі (мы апусцілі галовы) прапануюць спачатку добра ўзмацніць грэблю, ачысціць плёс, а тады ўжо...
Мы ўстрапянуліся, не верачы сваім вушам. Фарадзеевіч нахіліўся і шапнуў:
— Думаю, таго, што засталося, хопіць...
Потым выпрастаўся і голасна прамовіў:
— Правільна яны прапануюць, га?
— Правільна! Правільна!
— Ачысціць! Вядома! — пачуліся галасы.
— Сакрэт, — праз зубы працадзіў Грышка Бардадзім і ляснуў сваімі граблямі па патыліцы спачатку мяне, потым Яву.
А мы нават не адчулі. Мы пераглянуліся і засмяяліся.
А калі юннаты палезлі ўмацоўваць грэблю і ачышчаць азярцо ад раскі, мы з такім азартам узяліся дапамагаць, што вада ажно завірылася, закіпела навокал. Раз-пораз мы кідалі на Фарадзеевіча палкія ад захаплення позіркі. Вось гэта чалавек! Вось чалавек! Калі б ён нам сказаў цяпер: «Піце, хлопцы, возера!» — далібог, выхлебталі б усё да дна.
Неўзабаве возера было чыстае — ні расачкі. Усе вылезлі на бераг.
Фарадзеевіч нахіляе тэрмас, і тоненькім струменьчыкам ільецца ў возера празрыстая вадкасць (якая, выяўляецца потым, была «спажыўным асяроддзем» глабулуса). Ільецца і дзюрчыць. Ільецца і дзюрчыць. Гэтае дзюрчанне здалося нам чароўнай музыкай.
— Скажыце, калі ласка, — нясмела пытае Ява, — а які ён будзе? Калі прыжывецца?
— Які? Бачыце гэты плёс? Ён будзе смарагдавым, як... Як шоўк. Уяўляеце?
Мы заківалі галовамі, хоць я, па праўдзе кажучы, не вельмі гэта ўяўляў.
— А які ён на смак? — пачуўся за намі голас Бурмілы (мы яшчэ раней заўважылі яго ўскудлачаную галаву, якая выглядвала з «прэзідэнцыі», але нам не да яго было).
— Як вам сказаць, — павярнуўся да Бурмілы Фарадзеевіч. — Асабіста я не каштаваў. Але думаю, што падобнае на салату...
— На салату... Скажыце! Выходзіць, пад «Сталічную» ў самы раз. Люблю салацікі... Дасце хоць пакаштаваць з першага ўраджаю?
І ён хрыпла зарагатаў.
— А чаму ж, калі ласка, — так шчыра і сардэчна адказаў Фарадзеевіч, што Бурміла адразу зніякавеў.
— Ды не, я жартую... Гэта я так, пасмяяцца. Дзеля жарту.
Мне нават здалося, што ён пачырванеў. Я глянуў на яго і падумаў: «Няўжо гэта шпіён? Жывы шпіён? Цьфу! Нейкі зусім не падобны. Ні ў якім кінафільме не было шпіёнаў, якія б чырванелі. Ні ў адной кнізе дэтэктыўнай...» Але Яву я нічога не сказаў, не адважыўся.
...У той дзень у вёсцы толькі й гаворкі было, што пра глабулус.
Куды ні ткнешся:
— Чулі? Фарадзеевіч з вучнямі водарасць на Высокім востраве вырошчвае. Асаблівую нейкую.
— Кажуць, карысная — жах! Вітамінаў шмат. Адны вітаміны.
— А ты што думаў — касманаўтаў трэба макухай карміць?
— А ўжо ж, для іх найлепшае прыдумаюць.
— Там вітамін на вітаміне сядзіць і вітамінам паганяе.
— А па-мойму, найболей вітамінаў — у гарэлцы.
— Кажуць, сам Паповіч прыедзе паглядзець на гэты «глабулус».
— ...а як нанач ім памазацца — дык на дваццаць гадоў памаладзееш.
— Усміхацца трэба часцей — тады памаладзееш.
І наогул, гавораць, дужа спажыўная. Усе сто працэнтаў арганізм засвойвае, адыходаў ні на капейку няма.
Сказаў сваё слова пра глабулус, вядома, і мой тата. Я нават не сумняваўся, што ён скажа. Мой тата — страшэнны «любіцель прэсы», як ён сам гаворыць. Без газеты і часопіса я яго, здаецца, ніколі й не бачыў. Есць — чытае, ідзе куды — чытае, тэлевізар глядзіць — таксама чытае. Так з газетаю ў руках і засынае.