Уласна, берага не было. Адразу ж па пуп угразнуў. І адразу мне той ставок успомніўся, у якім мы ад Кантрыбуцыі ратаваліся. Такая ж твань. Ні дрэўца на востраве, ні кусціка. Нават сушы сапраўднай няма. Адна гразь. Ну, ды выбіраць не прыходзілася. Дзякуй і таму, што ёсць. Жыць на ім я не збіраўся. Мне толькі човен трэба выцягнуць і дзюрку заткнуць. Можа, яшчэ, думаю, і за Кнышом паспею. Пасадзіў Сабакевіча на самую сухую лапіну і — за работу. Схапіў човен за нос, пачаў цягнуць. Ого-го! Вочы вылазяць. Жылы вось-вось палопаюцца. А човен — нібыта яго цвікамі да дна прыбілі — ні з месца.
Зайшоў я з кармы — пачаў пхаць. Куды там! Ногі па мулкім дне коўзаюцца. Я раз-пораз з галавой у ваду — і толькі.
Біўся-біўся, стараўся-стараўся, вады ўжо паўвядра накаўтаўся, а толку няма. І такое мяне зло ўзяло — сеў я проста ў ваду і ледзь не заплакаў. Ты ж мяне ведаеш, я ніколі не плачу, а тут слёзы самі коцяцца.
Вось у нерат ускочыў. Ну!
Тады плюнуў, падхапіўся і зноў — пхаю і цягну.
Сонца ўжо даўно ўзышло, свеціць на поўную катушку, а я, нібы той жук, у брудзе боўтаюся. Зусім з сілы выбіўся.
Гэта ж колькі ўжо часу прайшло, думаю. Урокі ўжо, можа, хутка. Ну, ды пра кантрольную я не думаю. Што мне кантрольная! Галоўнае — дзяржаўная справа... Я тут, у багне, як чарвяк, а той шпіёнішча, можа, ужо... А я ж мог яго высачыць. Мог жа! Не даруе мне айчына. І, скрыпнуўшы зубамі, я зноў бяруся за справу. Я і выліваць ваду з чоўна спрабаваў, думаеш, не! Ды дзе яе выльеш, калі яна зноў адразу ж набіраецца. Гэта тое ж самае, што раку вычарпаць.
А сонца ўжо высока-высока ўгары. Гэта ж ты, думаю, ужо ўстаў, чаравікі паваксаваў, новую сарочку апрануў, гальштук завязаў.
Лупатае жабяня паблізу на лотаць села і крумкае — бы смяецца. Тут Сабакевіч на яго як гаўкне, яно толькі — шубоўсь у ваду. Сабакевіч мяне ўвесь час маральна падтрымліваў — гаўкаў, хвастом махаў. Мабыць, адчуваў, што праз яго я так мучаюся.
І раптам мне ў галаву ідэя стрэльнула. І чаго, скажы ты, гэтыя ідэі адразу ў галаву не страляюць!
Такая просценькая ідэя — заткнуць дзюрку, а потым ужо выбіраць ваду. Я ж, дурань, выбіраў не заткнуўшы.