Выбрать главу

Не пуцёўку — маё сэрца ён ірваў на кавалкі. Белымі папяровымі кавалачкамі бязгучна падалі на падлогу сіняе мора, белыя караблі, чайкі і альбатросы.

Слёзы закіпалі ў маіх вачах.

— І няхай сабе! — крыкнуў я і як шалёны выскачыў з хаты.

...Я сядзеў у густым, непралазным бур'яне за клуняю і шморгаў носам. У носе свярбела і шчыпала, як пасля газіроўкі. А ў сэрцы была тая пустая халодная прорва, калі адчуваеш, што ўжо нічога не вярнуць. Ну і няхай! Не патрэбны мне вашыя караблі і альбатросы... «Але ж ты сам гэтага хацеў?» Так, сам. Вядома, сам. Але... «Ці, можа, ты думаў, што цябе будуць упрошваць, на калені перад табой стануць, потым пабягуць да дзеда Варавы, пераканаюць яго, што з работай на лета можна ехаць у лагер, і вы з Явам спакойненька паедзеце? Ты гэта думаў?» Не. Але...

Так, мабыць, адчувае сябе чалавек, які ідзе за свайго сябра нават на смерць. Складанае, але высакароднае пачуццё!

І дзеля Явы — я гатовы. Вы ж проста не ведаеце, што гэта за хлопец — Ява, як мы з ім пасябравалі.

Вось я раскажу вам...

РАЗДЗЕЛ IX, у якім Паўлуша расказвае, як ён пасябраваў з Явам

Да чацвёртага класа я з ім не сябраваў. Ён быў «урэдны».

Так мне здавалася.

Бо ён пры ўсіх мяне ў лужыну штурхнуў, калі я ягоную шапку на вярбу закінуў. А я быў у новенькіх штанах. Мне мама толькі раніцай іх у раймагу купіла. І тымі новенькімі штанамі я ў саменькую гразюку сеў. І Ганька Грабянючка так смяялася, так смяялася, што ў яе ажно булька з носа выскачыла.

Я сябраваў з Антосікам Мацыеўскім. Ён мяне малінай частаваў. У іхнім садзе было шмат маліны, а ў нашым не было. А маліна з малаком — вы ж ведаеце!

Я думаў, што буду сябраваць з Антосікам і есці маліну аж да старасці. Але...

Быў сонечны цёплы вераснёвы дзень. Мы сядзелі на баштане і з прыцмокваннем хрумалі кавуны.

Вы не былі на нашым баштане? О-о! Тады вы нічога не ведаеце. Такога гарода няма нідзе. Точна! Канца-краю не відаць. І кавуноў — тысячы, мільёны... І ўсе паласатыя. Як тыгры. Тысячы, мільёны тыграў. Я жывых бачыў у цырку. У Кіеве. Але хіба там былі тыгры. Наш дзед Салівон — стораж — во гэта «тыгр!» Ох і б'ецца ж! Як улупіць сваёй кашчавай лапай па нагавіцах — два дні чухаешся. Ён чамусьці не любіў, калі мы самі бралі кавуны з баштана. Ён любіў, каб мы прасілі. А мы не любілі прасіць... Яны тады не такія смачныя.

Карацей, мы сядзелі на баштане і хрумалі кавуны. Дзеда не было. І блізка не відаць. Ён пайшоў у сельмаг па цыгарэты. Мы бачылі. І мы былі спакойныя. Ён там абавязкова сустрэне каго-небудзь са старых дружбакоў, дзеда Вараву напрыклад, і яны завядуць пра амерыканскіх агрэсараў ці рэваншыстаў да змяркання. Дзед Салівон цэлымі днямі слухаў на баштане транзістар «Атмасфера», што купіў у сельмагу, і яго проста распірала ад розных навін.

Дык вось, мы сядзелі і хрумалі. Ды ўжо і не хрумалі нават. Адзін толькі таўстун Рыгорка Сала хрумаў — той мог дзень і ноч есці. А мы ўсе сядзелі і цяжка дыхалі.

Во панаядаліся! Як кажуць, ад пуза. Далей есці ўжо няма сіл — няма куды.

Мы сядзелі пад вялізнаю гарою кавуноў — па іх заўтра прыедуць машыны.

І есці няможна, і кінуць гэты кавуновы рай сіл няма — калі яшчэ так пашчасціць, каб дзеда не было, ды і вывезуць іх заўтра!

Паглядзеў тады Сцёпа Карафолька на гару кавуноў і кажа:

— Здаравенная ўсё ж такі! Сапраўдная табе эгіпецкая піраміда!

— Га? Што? Каго? — не ўцямілі мы. Сцёпу мы не любілі. Ён заўсёды нас падводзіў.

Бо заўсёды:

— А вось Сцёпа, бачыш...

— А чаму Сцёпа...

— А паглядзі на Сцёпу...

І — плясь! плясь! плясь!

«А каб табе, Сцёпа, чыр на носе выскачыў!» — думалася ў такія хвіліны.

Але дзе-калі мы прабачалі Сцёпу за тое, што, на нашу думку, ён багата чаго ведаў. Бо чытаў і ўдзень і ўначы. І быў для нас хадзячым даведнікам.

Вось і зараз.

— А... што гэта такое — эгіпецкія піраміды? — злуючы, запытаў Рыгорка Сала.

— Не ведаеш, барахольшчык? Гэта такія грабніцы здаравенныя ў Эгіпце. У іх эгіпецкіх цароў-фараонаў хавалі. Шмат стагоддзяў таму. Да гэтага часу стаяць, як новенькія, і турысты з усіх краін ездзяць паглядзець на іх.

— Ага, гэта ў пятым класе праходзяць, я ў братавым падручніку бачыў, — пацвердзіў Антосік.

— А я па тэлевізары ў кіначасопісе, — сказаў Вася Дзяркач.

— Ну і што? — запытаў я. — А як жа гуляць?

— Як? Хм! — пагардліва хмыкнуў Сцёпа. — Выберам сярод нас фараона. Ён памрэ, і мы яго пахаваем. І піраміду зробім. З кавуноў.

— А што, гэта — во! — у Явы загарэліся вочы. — Цікава! Даём!

— Хлопцы! Ды вы што! Цьфу! — сказаў я. — На чорта нам у таго смярдзючага фараона гуляць! У мерцвяка! Вось табе весела — у пахаванне гуляць! Ха-ха!.. Давайце лепш у пагранічніка і шпіёна. Я згодны шпіёнам!