Цвірк!
— Ко-ко-ко-ко-ко! — няма чубаткі — недзе ў гародзе.
А тут ідзе дзед Салівон.
Ну, выпадкова ж, чэснае слова, выпадкова курок націснуўся.
Цвірк! Дзеду Салівону проста па лысіне.
— А каб вы ляснулі, разбойнікі! Я вам пацвіркаю! Я вам... Я вам...
Праз некалькі хвілін мы паціралі свае чырвоныя вушы далёка ад хаты.
Пісталеты аддалі нам з адной умовай — страляць толькі па нежывых прадметах.
Але ж настраляліся мы, ажно абрыдла.
А што ўжо нам хлопцы папазайздросцілі — і не кажыце!
Толькі і чулася:
— Дай паглядзець!
— Дай хоць глянуць!
— Дай патрымаць!
— Можа, я стрэльну?
— Можа, я паспрабую?
— А я? А я?
— Ох ты!
— Ох і б'е!
— Сіла!
Скажам шчыра, мы неахвотна давалі не тое што стрэльнуць, але нават і патрымаць.
Можна аддаць новыя штаны, чаравікі, сарочку зняць, усё, што хочаце, але выпусціць з рук пісталет у першы дзень — не хопіць сіл. Як жа яго аддасі, калі сам яшчэ не настраляўся!
Але папастралялі мы — дык папастралялі! Добранька! Ужо ж і адпомсціў я за ўсе пакуты, якія мне давялося перажыць, быўшы «шпіёнам», «разбойнікам», «беляком» і наогул «ворагам».
Мы нейкую хвіліну сумняваліся, успомніўшы ўмову страляць толькі па нежывых мішэнях. Але потым вырашылі, што і Сцёпа Карафолька, і Антосік Мацыеўскі, і Грышка Сала, і нават Вася Дзяркач па характарах поўнасцю адносяцца да «нежывых мішэняў».
Праз гадзіну ўсе былі мокрыя, хоць выкручвай.
Спачатку яны адносіліся да ўсяго раўнадушна, нават падбухторвалі.
— Ану! Ану, пацэль на такой адлегласці. І не пацэліш, не пацэліш! Ану!
А потым, калі мы сталі добра цаляць, пачалі злавацца:
— Ды ну, перастаньце!
— Ды годзе ўжо!
— Досыць, ну!
А Сцёпа Карафолька, калі Ява вельмі спрытна пацэліў яму проста ў нос, раптам вырашыў абурыцца і закрычаў:
— Гэй ты, двоечнік! Нешта залішне ўжо ты расцвіркаўся! Ідзі лепш урокі вучыць! Бо на наступны год застанешся. Вось я скажу тваёй маці!
Эх, Сцёпа, даўганосік, недалікатны чалавек. Хіба можна ўспамінаць пра такія рэчы!
Ява павярнуўся і пайшоў.
На наступны дзень рана-раненька бацькі Явы паехалі на некалькі дзён у Кіеў дакладваць пра сваю замежную камандзіроўку на Выстаўцы перадавога вопыту. І дзед Варава не паспеў нічога расказаць.
Але ўсё роўна настрой у Явы быў кепскі, прыгнечаны.
— Гад я, — упікаў ён сябе. — Маці мяне цалуе: «Сыночак, сыночак!» — падарункі для мяне, а я... Ведала б яна, які я... Лепей бы адразу... І што ж гэта будзе! Эх, калі б высачыць, пакуль няма маці, тых шпіёнаў! Усё было б добра. Можна было б расказаць праўду. Як я тапіўся і наогул... Эх, калі б высачыць...
Я невыразна мгыкаў:
— Мгы... вядома... так...
Я не верыў у рэальнасць гэтай справы.
Але на другі дзень пасля ад'езду бацькоў у Кіеў Ява прыбег да мяне белы, як смятана, ледзь дыхаючы.
— Хутчэй... хутчэй... хутчэй...
Я ўжо думаў — ці пажар, ці землятрус, ці футбол па тэлевізары перадаюць. Я сама што вядро цягнуў з калодзежа. Да палавіны выцягнуў. І вядро, калі ён прыбег, шубоўснула назад.
— Што такое?
— Гайда хутчэй! Яны ідуць у плаўні. Вось зараз. Сам чуў размову. Кныш кажа: «Штосьці доўга няма справы. Прысохла. Ерунда атрымліваецца». А Бурміла: «Так-так, трэба канчаць, паедзем сягоння, я ж невінаваты, што прастудзіўся. Захварэў...» А Кныш: «Дык я зайду да цябе праз паўгадзіны, і паедзем...» Хутчэй, Паўлуша! Я адчуваю, нешта будзе! Гайда, ну!
Ён гаварыў так горача і пераконліва, што маё вядро, запоўненае вадой напалавіну, здаецца, само выскачыла з калодзежа, імгненна апынулася на ганку, а мы з Явам, як выстраленыя з рагаткі, памчаліся па вуліцы.
РАЗДЗЕЛ XI. Трагедыя ў кукурузе. І хто б, вы думаеце, нас выратаваў?..
Нам не давялося доўга сядзець у карчах каля Бурмілавай хаты. Не прайшло і дзвюх хвілін, як з форткі выйшаў Кныш, а за ім Бурміла з мяшком за плячамі.
Хата Бурмілы стаяла за школай, на ўскраіне вёскі. Адразу за ёй пачыналася вялікае кукурузнае поле. Міма яго вілася палявая сцяжына.
Кныш і Бурміла пайшлі па сцежцы, а мы з Явам — па кукурузе. Не прайшлі і сто метраў, як Кныш раптам спыніўся і, чуем, кажа:
— Слухай, здаецца, да нас нейкія пацаны прычапіліся.
— Дзе? Хай іх халера! — здзіўлена прагудзеў Бурміла.
— Ды вунь там, у кукурузе.
— Ану, ідзём напрасткі праз кукурузу. Праверым.
Мы з Явам гэпнуліся на зямлю і, як зайцы, на карачках шуснулі ў глыб кукурузы.
Шорсткае лісце па-здрадніцку шапацела навокал. І не здагадаешся, ці гэта ад ветру, ці нехта ідзе. Здавалася, Кныш і Бурміла ўжо над галавой. Вось-вось наступяць і раздавяць цябе, як жука.