Выбрать главу

— Ды ну цябе, дурны! Мелеш такое, абы-што. Дзе ты возьмеш такі востраў? Цяпер такіх астравоў не бывае.

— Бывае. Гэта ты не ведаеш.

— Як ты ўцячэш, калі мы з табой нават да мора не змаглі даехаць? Цябе ж на першай станцыі зловяць.

— А я і не пайду на станцыю. Навошта мне станцыя?

— А што?

— У плаўні падамся. Колькі там астравоў бязлюдных...

— А як жа ты там жыць будзеш? Прападзеш, як мыш рудая.

— Не прападу, — упэўнена сказаў Ява і выцягнуў з-пад сарочкі кніжку. — Жыў вось чалавек на бязлюдным востраве — і нічога. Не прапаў.

— Што гэта за кніжка? — пытаю.

— «Прыгоды Рабінзона Круза». Чытаў?

— Кніжка кніжкай, а плаўні плаўнямі. Ты падумай лепш.

— Я ўжо думаў. І вырашыў канчаткова. Ты мяне знаеш. Я толькі хачу, каб ты мне трошкі дапамог.

Я быў абяззброены.

І надоўга ты збіраешся на той востраў?

— Рабінзон прабыў на бязлюдным востраве дваццаць восем гадоў два месяцы і дзевятнаццаць дзён, — уздыхнуўшы, сказаў Ява.

— Ого-го! — я ажно рот разявіў. — Гэта ж колькі табе будзе? Сорак з гакам. Гэта ж мы ўжо і школу, і інстытуты паканчаем. Карафолька акадэмікам стане, Грабянючка аграномам. Я лётчыкам — калі атрымаецца. А ты...

— Што ж зробіш, — зноў уздыхнуў Ява.

— Слухай, а хто ж будзе за Кнышом і Бурмілам сачыць? Хто будзе іх выводзіць на чыстую ваду? Можа, яны і сапраўды вельмі небяспечныя шпіёны і злачынцы? Га? Ты што, забыў пра тую таямнічую размову? І акваланг? І торт, і ўсё астатняе? Забыў?

Ява адразу пачырванеў, няйначай я злавіў яго за руку. Я ўжо думаў, што ён адмовіцца ад сваёй прыгоды. Але ён сказаў:

— Не, нічога я не забыў. Але давядзецца табе аднаму сачыць за імі і выкрываць іх. Ты хлопец кемлівы, смелы, сам управішся. І станеш вядомым. І пра цябе ў газетах напішуць, і па радыё, і па тэлевізары. А я не магу тут больш жыць. Не магу. Праз некалькі дзён прыедзе маці і... хоць — куды вочы глядзяць!

Я ўздыхнуў.

— А можа, усё-такі не ўцячэш? Неяк патрываем.

— Не, раз я вырашыў — усё!

— А каб яго, Кукурузу гэтага! Цябе толькі з панталыку збіў. Няўжо ж мы ў дзяцінстве ўжо не пабачымся? — з адчаем запытаў я. — З кім жа ў цуркі-палкі буду гуляць? З Карафолькам? Дзякуй табе вялікае!

Ява зморшчыўся, паглядзеў на мяне — прамармытаў нешта. І, памаўчаўшы трохі, сказаў:

— Чаму не пабачымся? Толькі ты адзін будзеш ведаць пра мой востраў. І прыязджаць дзе-калі... Рабінзон таксама не адзін быў. Потым ён выратаваў дзікуна Пятніцу і жыў з ім удвух. Так што...

— Выходзіць, я буду ў цябе дзікуном, — ужо весялей сказаў я. — Ён, значыць, герой... А я, значыць, дзікун. От Кукуруза!

— Ды Круза, а не Кукуруза! Рабінзон Круза.

— Гэта ён быў Круза, а ты — Кукуруза. Якраз падыходзіць імя... Асабліва пасля ўчарашняга...

— А што? Можа, гэта ты нядрэнна прыдумаў. Кукуруза! Гучыць! Га? Ведаеш што! Дык ты не заві мяне — Ява, а заві — Кукуруза. Няхай так і будзе. Дамовіліся?

Так Ява перастаў быць Явам, а зрабіўся Рабінзонам Кукурузай. Пэўна, на вяку напісана яму было насіць прыдуманыя імёны. Так што запомніце добранька, далей я буду зваць яго Кукуруза.

— Дык ты што — сёння не хочаш уцячы на востраў? — запытаў я.

— Эх, які ты! «Сёння»! — раззлаваўся Кукуруза. — Трэба ж спачатку выбраць надзейны бязлюдны востраў, а тады ўжо ўцякаць.

— Ды што там выбіраць? Высадзіўся на які-небудзь і жыві сабе.

— Табе што... А мне — дваццаць восем гадоў два месяцы і дзевятнаццаць дзён там жыць. Думаеш, лёгка?

— Хіба я супраць, можна і выбраць. Хоць цяпер. Паедзем?

— Пачакай трохі. Праз гадзіну. Няхай дзед у сельмаг пойдзе.

— А што ты наогул дома скажаш, калі будзеш уцякаць? Яны ж хвалявацца будуць. Усіх на ногі падымуць. Будуць шукаць. Ох, уяўляю...

— Вядома ж, не скажу: «Дарагія бацькі, я ўцякаю ад вас на бязлюдны востраў. Бывайце. Пішыце». Гэта ж камедыя. Ніхто ж так на бязлюдны востраў не ўцякае. Маці і бацьку ўвогуле нічога не трэба будзе гаварыць. Яны ў Кіеве. А дзеду я што-небудзь прыдумаю. Скажу, напрыклад, што пайду ў Пяскі да цёткі Ганны. Там якраз і Ярынка ў гасцях. Ат, нешта прыдумаю... Каб панікі не нарабіў.

— А потым што? Калі маці прыедзе і даведаецца, што ты знік?

— Нічога, як там ужо будзе... — тут голас у Кукурузы задрыжаў. Мабыць, думка аб тым, што яго забудуць, была ўсё-такі горкаю для яго. І ён паспяшаўся перавесці гаворку на іншае: — Галоўнае, востраў трэба добры адшукаць. Каб і месца было рыбнае, і дзічына каб...

— А ты стрэльбу возьмеш?

— А як жа. У Рабінзона нават некалькі стрэльбаў было. Але я і з адной бярданкаю не прападу. Ты ж ведаеш маю бярданку. Б'е, як шалёная. Нават лепш за той «Заўэр», што ў дзеда ёсць.