І цяпер, калі мы, журботна ўздыхаючы, засыпаем наша няўдалае метро, Кантрыбуцыя выглядвае з кароўніка і спачувальна пазірае на нас. Дарагая Кантрыбуцыя! Якое ў цябе вялікае і пяшчотнае сэрца. Ты адзіная разумееш і шкадуеш нас. Дзякуй табе, карова!
— Яшчэ не закончылі, антыхрысты! — так неспадзявана грымнуў ззаду дзед Варава, аж мы папрысядалі. Мы страцілі пільнасць, не заўважаючы, што ж у нас за спіной робіцца. Папаліся-такі.
Наперадзе сцяна свінарніка, з бакоў — густы бур'ян, ззаду дзед Варава. Уцякаць няма куды. Так і здранцвелі мы, прысеўшы, як кураняты перад каршуком.
— Не бойся, не крану!
Гэтыя словы нібыта паднялі нас, разагнулі нам ногі. І як быццам хтосьці роварнай помпай качнуў — так мы ўздыхнулі! І дрыготкія нашы вусны самі па сабе расцягнуліся ў агідную ліслівую ўсмешку. Але дзед на нашу ўсмешку не паддаўся. Не любіў дзед такіх усмешак. Суровы быў дзед Варава.
Яго твар быў шэры і плямісты, як залеташняе лісце. Вусны тонкія і моцна стуленыя, быццам у роце вада. Вочы без павек, круглыя і нерухомыя, як у пеўня. Здавалася, што дзед заўсёды нечым здзіўлены. Але так толькі здавалася. Мабыць, не было ўжо на свеце нічога, што магло б здзівіць дзеда Вараву. Яму пайшоў восемдзесят трэці.
— Канчайце, гаўрыкі, і ідзіце рыхтаваць урокі, дыктант на носе.
Мы скрывіліся. Мы гэта ведалі. І хто прыдумаў гэтыя дыктанты? Ды яшчэ вясною, калі ў паветры пахне футболам і цуркамі-палкамі, калі птушкі лямантуюць, як гандляркі на рынку, і калі так сонечна і цёпла, што мы з Явам ужо тройчы купаліся.
— Усё, здаецца. Так, як і было. Праўда ж? — нясмела пытае Ява, прытоптваючы нагамі свежую зямлю.
Дзед скоса пазірае на нашу работу — відаць, што ён не вельмі задаволены. Але кажа:
— Ідзіце, ідзіце ўжо. Але ведайце, яшчэ раз што-небудзь падобнае — вушы паабрываю і свінням выкіну.
Бокам, спінамі да бур'яноў, мы праходзім каля дзеда і, абмінуўшы яго, штосілы бяжым. Уцякаем.
І якраз учасна: яшчэ імгненне — і дзедава рука з размаху прыляпілася б да маіх нагавіц...
Я жыву па суседству з Явам. І праз хвіліну мы ўжо аддыхваемся ў нашым садку.
Мы сядзім у бульбе пад вішняю. Сядзім і бядуем, што такая прыкрая няўдача напаткала нас з тым «метро». Але доўга сумаваць мы не ўмеем.
— Слухай, — раптам кажа Ява, — а давай зробім... падводную лодку.
— Давай, — не задумваючыся, кажу я. І толькі пасля таго пытаю: — А з чаго?
— Са старой пласкадонкі. Той, што каля вярбы...
— А як?
— Ваду вычарпаць, дзіркі пазатыкаць, прасмаліць, верх забіць дошкамі. Вось тут перыскоп. Вось тут люк. На днішча баласт.
— А рухавік?
— На вёслах будзе. Нам жа не трэба, каб дужа ходкая. Абы падводная.
— А дыхаць?
— Праз перыскоп.
— А на паверхню як выплываць?
— Баласт выкінем і выплывем.
— А як вадой залье і затопіць?
— Ты што, плаваць не ўмееш? Вось яшчэ! «Як? Як?» Дулю з макам з табою зробіш!
— Сам ты дуля з макам! Які разумны!
— Ды ну цябе, — сказаў Ява ўжо прымірэнча. А я і зусім нічога не адказаў — не хацелася сёння сварыцца.
Мы выйшлі з саду і скіраваліся да старога калодзежа з жураўлём, з якога ўжо даўно і ваду не бралі — так затваніўся. Я перахіліўся і гучна крыкнуў у задушлівую і прапахлую цвіллю і балотам цемрадзь: «Го!» Я люблю гокаць у калодзеж: такое «го» атрымліваецца — аж у вушах ляскаціць. Такое «го» толькі ў калодзежы і пачуеш. Любата, а не «го». Вось — і зараз...
— Го!
— Го!
— Го!
Толькі адгалоскі пайшлі — няйначай аж да цэнтра зямлі.
І раптам у гэтыя адгалоскі ўплялося жаласнае тонкае скавытанне. Я натапырыў вушы.
— Ява! — кажу. — Там хтосьці ёсць.
— Мані!
— Ану, гокні і паслухай.
Ява перагнуўся і гокнуў. Мы прыслухаліся. І выразна пачулі з глыбіні плаксівае шчанячае скуголенне.
Мы пераглянуліся.
— Нейкая недарэка ўкінула туды цюціка, — сказаў Ява.
— Точна, — сказаў я.
— Ну дык што? — сказаў Ява.
— Трэба выцягваць, — сказаў я. Хаця мог гэтага і не гаварыць. Бо ён такім тонам запытаў, што гэта ўжо быў і адказ.
— Значыць, так, — сказаў Ява. — Я сядаю ў цэбрык і спускаюся. А ты мяне трымаеш.
— За што? Хіба я цябе так утрымаю?
— Ты і сапраўды слабак. Не ўтрымаеш.
— Дык, значыць, я спускаюся, а ты мяне будзеш трымаць, калі ты такі дужы.
— Не, спускацца буду я. Я першы сказаў... І... і ў цябе была тыдзень назад ангіна. Табе нельга ў калодзеж. І наогул, у цябе насаглотка... Мы, ведаеш што, — вяроўку прывяжам вунь да таго бруска — вагі. І ты будзеш цягнуць. Вельмі зручна.