Выбрать главу

Перапоўнены эмоцыямі, я пагаварыў з Міхалінай, якая на дзіва лёгка падтрымала маю ідэю. Мяне адгаворвалі ў дэканаце, калі я пісаў заяву на адлічэнне, Усяслаў Вячаслававіч прапанаваў напісаць яшчэ адну работу, але юнацкі максімалізм разам з падтрымкай каханай перамаглі. Праз тыдзень пасля адлічэння мой шчаслівы бацька аформіў мяне на спецыяльныя курсы банкаўскіх работнікаў па скарочанай праграме, якія адпавядалі вышэйшай адукацыі і давалі права займаць пасаду кіраўніка. Я тыя курсы бліскуча скончыў і вельмі хутка стаў дырэктарам філіяла.

З чацвёртага курса адлічылі і майго найлепшага сябра – Кастуся Прайдзісвета. Прайдзісвет – гэта яго прозвішча, толькі смех у тым, што гэтае прозвішча цалкам перадае стан яго душы. Усяслаў Вячаслававіч так і не ўбачыў яго другой пісьмовай работы, таму цалкам законна прапанаваў дэканату звярнуць увагу на такога недысцыплінаванага студэнта. Дэканат два тыдні шукаў Кастуся і не знайшоў. Гэта стала падставай для адлічэння. Майго сябра такое развіццё падзей зусім не засмуціла. Ён даўно мне гаварыў, што вучоба – гэта толькі афіцыйны занятак, каб было менш пытанняў. Насамрэч, Кастусь Прайдзісвет вырашаў іншыя задачы і вырашаў іх даволі паспяхова. Кастусь Прайдзісвет, як сапраўдны прайдзісвет, вельмі хутка пасля адлічэння займеў сапраўдны дыплом аднаго з самых уплывовых універсітэтаў свету. Калі ён там вучыўся (і ці вучыўся наогул) застаецца вялікай таямніцай.

З Кастусём заўжды было весела і цікава. Ён мог падбіць мяне на нечаканыя рэчы, накшталт паездкі на які-небудзь фестываль музыкі ХХ стагоддзя ці стварэння суполкі аматараў паэзіі. На першы погляд, мы былі з ім даволі рознымі, але нешта нас вельмі збліжала. Мы гатовыя былі дапамагчы адзін аднаму ва ўсім і без чакання нейкай за тое ўзнагароды. Мусіць, гэта і называюць сапраўдным сяброўствам. Пасля нашага бясслаўнага завяршэння вучобы Кастусь стаў адным з самых багатых людзей у горадзе, які не агучвае сваё імя. Многія яго баяліся, прыдумвалі розныя бязглуздзіцы, журналісты спрабавалі вывесці яго на чыстую ваду. Для мяне ж Кастусь Прайдзісвет застаўся тым самым хлопцам, з якім я пазнаёміўся ў студэнцкім інтэрнаце пры засяленні ў свой пакой і з якім зрабіў шмат цікавых рэчаў, а дзесьці настолькі цікавых, што і апісваць небяспечна.

Дарэчы, Кастусь, як сапраўдны сябра, вельмі карэктна пытаўся, ці сапраўды я хачу кінуць універсітэт. На прайдзісвецкую думку, Усяслаў Вячаслававіч убачыў у мяне вялікі патэнцыял, таму і ціснуў так заўзята, каб выйшаў толк. Я катэгарычна пацвердзіў сваё рашэнне. Ужо потым пачалі адольваць думкі, што Кастусь прамаўляў слушныя рэчы. І адкуль у яго такі розум? Загадка. Таксама сябра вельмі сур’ёзна распытваў мяне, ці кахаю я Міхаліну. Калі ж пачуў станоўчы адказ, настойліва вымусіў паабяцаць скласці шлюбную дамову, калі я вырашу-такі ажаніцца, бо гэтак робяць усе цывілізаваныя людзі. Я паслухаў сяброўскую параду, няхай і палічыў, што гэта ў нейкай ступені выказвае недавер да маёй каханай.

З таго, студэнцкага, перыяду мне запомніўся яшчэ адзін момант. Ужо не студэнтамі я, Кастусь і Міхаліна сядзелі на беразе ракі, якая працякае праз увесь наш горад, і пілі адпаведныя напоі. Я перажываў, што стану менш бачыць Міхаліну, пра што і паведаміў усім. Міхаліна ці то жартам, ці то сур’ёзна сказала, што ў мяне толькі адно выйсце – прапанаваць ёй выйсці за мяне замуж. Я адразу гэта і зрабіў. За сведку атрымаўся Кастусь, які ўвесь час падазрона пасміхаўся – так яго здзівілі мае рамантычныя адносіны з Міхалінай. Проста, на беразе рэчкі, мы адзначылі шчаслівую падзею, нагаварылі многа цікавага, паўспаміналі гады вучобы. Міхаліна расказала, што Усяслаў Вячаслававіч паступіў у аспірантуру толькі з чацвёртага разу, калі на гэтае месца ніхто не прэтэндаваў, а таксама тое, што на факультэце спрачаюцца, ці ажэніцца ён з Рагнедай, а калі і ажэніцца, то – калі?

Мяне заўсёды здзіўляла, адкуль Міхаліна ведае такія шпіёнскія падрабязнасці. Тут хаваецца яшчэ адна таямніца жанчын. Зразумела, што гэтымі размовамі мая будучая жонка проста хацела мяне падтрымаць. Таксама мы дамовіліся з Кастусём, што будзем ствараць у гэтым горадзе новае і добрае, наколькі гэта магчыма. Усё адбываецца не проста так, усё адбываецца да лепшага.