Выбрать главу

Неўзабаве мы ажаніліся. Скончыўшы навучанне банкаўскай справе, я пачаў працаваць. Займацца літаратурнай дзейнасцю не было калі, таму гэты занятак я паслядоўна адкладваў, адкладваў і адкладваў. Часам нават думалася, што я ніякага дачынення да мастацтва і не маю, што гэта нейкі дурны сон. Незадаволенасць такімі акалічнасцямі згасала, і мая падсвядомасць старалася запіхнуць яе куды далей. А вось у матэрыяльным і прафесійным плане сітуацыя выходзіла адваротна прапарцыянальная. Кар’ера развівалася, як у папулярных кніжках, тыпу «Як я сам зрабіў свой лёс».

Навіна дня

Дзівак з «чэкам» (галоўны дэпартамент навін)

Дзівацтва хапала ва ўсе часы. Аднак, здавалася б, у цяперашнім высокатэхналагічным і прагрэсіўным грамадстве не засталося месца непрыстойным паводзінам. Гэта павінна мінаць яшчэ ў дзяцінстве. Менавіта таму штораз дзівяць выбрыкі прыстойных з выгляду людзей. Паглядзіце на гэта відэа, якое выклаў у сетку добрасумленны сведка падзеі з горада М.: www.таварыства-кнігалюбаў.бел/dzivak_u_banku_1_bez_huku/www.таварыства-кнігалюбаў.бел/dzivak_u_banku_1_bez_huku/

Відавочна, што «не-юнак» у прыведзеным відэаматэрыяле з глузду з’ехаў ад чутак пра «чэк у бібліятэцы». Ён не можа думаць ні пра што іншае. Ён нават пераканаў сябе, што паперка ў яго руках і ёсць той міфічны банкаўскі дакумент. Ён прыйшоў у банкаўскую ўстанову і патрабуе мільярд. Уявіце, да вас у хату заходзіць чалавек з пустым аркушам і хоча за яго неверагодныя скарбы. Смех ды слёзы.

На шчасце, ахова хутка разабралася з гэтым прыкрым здарэннем. Але пра што яно нам гаворыць? А гаворыць пра тое, што многія няўстойлівыя элементы замест таго, каб сумленна выконваць свае службовыя абавязкі, звар’яцелі ад думкі, што могуць стаць мільярдэрамі. А ці карысна гэта для горада? Адказваць на дадзенае пытанне, я думаю, няма сэнсу, бо кожны цвярозы розум без ваганняў знойдзе правільны адказ: «Не».

Напэўна, толькі знойдзены чэк уратуе горад М. ад вэрхалу і падобных непрывабных рэчаў.

Вось так вось – як ёсць. 50 070 011 праглядаў 20 080 100 рэпостаў, 30 356 614 лайкаў

Глава трэцяя

Адна партыя, або Выйгрышная камбінацыя

Раніцай я прачнуўся са свежымі думкамі. Як раней я не здагадаўся праверыць усё, што мне ўчора сказалі, з дапамогай інтэрнэту?! Здаецца неверагодным, але па нейкіх цалкам невядомых прычынах часам відавочныя рэчы прыходзяць у галаву не адразу. Так было і зараз. З тых цудоўных часоў, калі быў прыдуманы інтэрнэт, усю інфармацыю так ці інакш можна было знайсці. Праўда, шукаць таксама трэба ўмець, бо зараз сусветная павуціна запоўнена разнастайнымі бязмежнымі дадзенымі. Часам гэтыя дадзеныя наўмысна памылковыя, каб звесці ў зман даверлівых людзей. А часам на адно і тое ж пытанне даюць два зусім супрацьлеглыя адказы. Выбірай, што падабаецца. Таму праверка інфармацыі праз інтэрнэт стала сапраўдным майстэрствам для выбраных. І мне як навукоўцу прыйшлося гэта майстэрства засвоіць. У мяне было некалькі сваіх надзейных крыніц. Праз іх я спачатку праверыў спадара Святаполка. Усё супала: і вучоба ў мяне на курсе, і перакваліфікацыя, і хуткі кар’ерны рост, і жонка. Яшчэ адна спасылка паведаміла, што філалогію Святаполк скончыў дыстанцыйна і зусім нядаўна, бо быў адлічаны з вышэйшай навучальнай установы па сваім жаданні, калі не здаў мой прадмет. Толькі тут я насамрэч успомніў таго хлопца, які тры разы здаваў мне іспыт. Таленавіты, але з характарам. На трэцяй пераздачы ён адрынуў мае заўвагі да сваёй пісьмовай работы і кінуў вучобу. А я проста хацеў падказаць яму кірунак развіцця, дапамагчы стаць адным з лепшых. Тады ў мяне быў прынцып – кожнаму не менш за тры пераздачы. Гэта зараз я працую інакш… Вось дык гісторыя выйшла. Як гаворыцца: не крыўдзі апошняга, бо ён можа стаць першым. Я яшчэ больш засумняваўся ў Святаполку, у яго намерах.

Потым я паглядзеў на свае ўчарашнія выбрыкі ў розных навінах. Так… Сапраўдная зорка папулярных відэахостынгаў. 50 мільёнаў праглядаў. Але навіны ў нас хутка ўзнікаюць і хутка забываюцца. Мне вельмі хацелася верыць у такія высновы сучасных вучоных. Таму дадзенае пытанне хвалявала ўжо не настолькі моцна. Песцілася небеспадстаўная надзея, што сур’ёзныя наступствы нечакана абмінуць.

Што сапраўды хвалявала, дык тое, дзе я чуў прозвішча Крыніцкі. Вось што з’яўлялася сапраўднай інтрыгай для мяне. Пошукавая сістэма выдала наступнае: «Спадар Вітаўт Крыніцкі жыў тады і тады, быў даволі вядомым грамадскім дзеячам і навукоўцам. Ёсць непацверджаныя звесткі, што займаўся сакрэтнымі філалагічнымі распрацоўкамі. Стварыў арганізацыю «Таварыства кнігалюбаў», якая мела на мэце папулярызацыю кніг і карыснага чытання ўвогуле. Трыццаць гадоў таму арганізацыя зачынілася. Двое дзяцей: Рагнеда і Брачыслаў. Тады якраз была мода на падобныя «гістарычныя» імёны». І вось тут я дапетрыў-такі, дзе чуў прозвішча Крыніцкі.