Выбрать главу

Бываюць вельмі ўражлівыя эмацыйныя дзеці. І калі іх увесь час караюць за шчырыя пачуцці, яны гэтыя самыя пачуцці хаваюць глыбока ў сабе. Хаваюць так, каб нават яны самі не маглі іх знайсці. Так было і са мной. Як толькі пачуцці падступалі блізка, падсвядомасць давала каманду «Стоп» і пачынала знішчаць усе сляды небяспечных эмоцый. А раптам за іх пакараюць? З аднаго боку, гэта смешна, а з іншага – падобнае здараецца не так і рэдка. Я выдатна ведаў імёны амаль усіх людзей, з якімі калі-небудзь сустракаўся, аднак імя і прозвішча адной маёй калегі ўвесь час выляталі з галавы. Я бачыў, што яна аказвае мне ўвагу, але нават не даходзіў да пытання: «Чаму?» Гэта была нейкая дзіўная самаабарона ад ворага, якога не існавала. З майго боку таксама прысутнічала ўвага, большая, чым да каго-небудзь іншага з маіх знаёмых. Але я не дапускаў нават думкі, што спадарыня Рагнеда Вітаўтаўна Крыніцкая мне шчыра падабаецца як чалавек і тым больш як жанчына. Гэтая статная дзяўчына з доўгімі русымі валасамі, сціплая, як і яе сукенкі, прыгажуня, магла лёгка стаць мадэллю ў любым прыстойным агенцтве. Замест гэтага яна часта апыналася побач са мной з розных нагод, працавала на адной кафедры і не абмінала выпадкаў абмеркаваць што-небудзь новенькае.

Але розумам я ўпарта верыў, што сяброўства мужчыны і жанчыны сапраўды магчыма: проста сяброўства, проста мужчыны і проста жанчыны, і нічога больш. Як ні дзіўна, учора менавіта Рагнеда знайшла мяне, не самага абаяльнага чалавека, і прапанавала дапамогу. Я вырашыў патэлефанаваць спадарыні Рагнедзе Крыніцкай. Раней я б дзесяць разоў падумаў над такой магчымасцю, дваццаць разоў ацаніў бы верагодныя наступствы, хто што падумае і як можна ўсё ўспрыняць, ды зараз сумненняў не ўзнікла. І гэта мяне чамусьці не насцярожыла. Нешта змянілася.

Рагнеда не адказала на званок. «Напэўна, на занятках ці на сходзе, пра які я, канешне, зусім забыўся», – падумаў я, бо гадзіннік строга адлічваў хвіліны штодзённых пар і частых паседжанняў. Але нічога не зробіш. Відаць, з характарыстыкай маёй асобы на падставе апошніх дзён доктарскую я абараню зусім не бліжэйшым часам.

Напрыканцы інтэрнэт-пошукаў я праверыў, дзе знайсці мільярдэра N., а таксама што пра яго прыдумляюць. «Павуцінне» расказала няшмат: «Мільярдэр N. стаў мільярдэрам у маладыя гады, чым займаўся – невядома. Ходзяць чуткі, што ён прафесійны махляр з выдатным веданнем юрыспрудэнцыі і літаратуры. Для паляпшэння свайго вобразу ў вачах грамадскасці ўдзельнічае ў розных акцыях, мерапрыемствах, займаецца мецэнацтвам. Жыве за горадам. Адрас такі і такі».

Я выклікаў знаёмага надзейнага таксіста. І стаў збірацца. Знянацку з адзення выпала візітоўка спадара Святаполка. Учора я нават не паглядзеў на яе. З аднаго яе боку ўсё было, як звычайна: імя, пасада, кантакты. З іншага ад рукі былі напісаны словы: «Калі Вас не пусцяць да спадара N., скажыце, што Вы ад мяне, і пакажыце візітоўку». «Ну і спрытны ж у мяне вучань, – падумалася мне. – Гэта ж трэба, наперад разабраўся з маімі цяжкасцямі».

Таксіст Піліп хутка завёз мяне ў патрэбнае месца і сказаў тэлефанаваць, калі што. Як і гаварыў Святаполк, мяне ў палац спадара N. не пусцілі. Тады я выкарыстаў візітоўку – гэта быў, бадай, мой універсальны пропуск.

Калі ахова пачула, што я ад спадара Святаполка, дык папрасіла пачакаць, з некім паразмаўляла, і я быў дапушчаны ў палац мільярдэра N. Дарэчы, гэтага чалавека па-іншаму і не клікалі, бо ён старанна ахоўваў сваё сапраўднае імя. Спецыяльная асоба правяла мяне праз своеасаблівы лабірынт да кабінета N. Шлях выйшаў таямнічым, доўгім і крыху непрыемным.

Я зайшоў у шыкоўны пакой і без запрашэння сеў на падрыхтаванае крэсла. Хітраватага выгляду чалавек, які, напэўна, і з’яўляўся спадаром N., нядоўга думаючы, спытаў:

– Чаго прыйшлі?

– Я знайшоў Ваш чэк, – пачаў я не самую ветлівую размову.

– Гэтага не можа быць! Я чэкаў не падпісваю, я працую толькі з наяўнымі, – рэзка выказаўся мільярдэр.

– Але ў Вашым блогу напісана, што Вы схавалі ў кнізе чэк на мільярд умоўных адзінак… – не адступаў я.

– Гэта пісаў не я. Не перавяліся яшчэ хакеры на белым свеце, – лёгка адбіўся ад маіх аргументаў N.

– Дык а чаму Вы не аспрэчылі інфармацыю? – паспрабаваў я зайсці з іншага боку, але для майго апанента пытанне выйшла нескладаным:

– Вы разумны чалавек і самі ведаеце чаму. Але, калі так хочацца, я агучу ўслых. Гэты чэк даў мне столькі станоўчай рэкламы, прычым амаль задарма, што адмаўляцца ад яе было б дзіўна. Я нават дзякуй павінен сказаць таму жэўжыку, што ўзламаў мой блог.

полную версию книги