Выбрать главу

Велічная, манументальная карціна намалявалася перад маімі вачыма: людзі стаялі каля кніжных паліц і хутка гарталі старонкі кніг. Дакладней, абсалютная большасць гартала хутка, нібы нешта шукала, а некаторыя гарталі павольна і ўчытваліся. Кінулася ў вочы, што выданні выбіралі розныя: і папулярную літаратуру, і дзіцячую, і нон-фікшн, і нават даўно запыленыя напаўнавуковыя трактаты-сачыненні. Ад навуковай звычайная чытальная зала (яна ж выконвала ролю абанементу) адрознівалася тым, што ў ёй шэрагамі на паліцах стаяла мноства папяровых кніг. Раз на тры дні кнігі замянялі, і такім чынам чытачы атрымлівалі яшчэ большы выбар выданняў. Калі папяровага асобніка не было, яго запампоўвалі на электронную «чыталку». Праз два тыдні копія файла самаадвольна выдалялася. Але гэтымі дабротамі жыцця карысталіся мала, і бібліятэкары звычайна не былі моцна абцяжараныя натоўпам кліентаў. Па праўдзе, найбольшы попыт на абанеменце адзначаўся на фільмы і музыку. «Адкуль жа менавіта сёння ў столькіх людзей узялася такая прага да кніжнай навукі?» Гэта сапраўды было пытаннем на мільярд умоўных адзінак самых каштоўных грошай у свеце. Нехта выкрыкнуў: «Ёсць!» Але праз імгненне расчаравана выдыхнуў: «Усяго адна…»

Падзівіўшыся на ўсё гэта, я вырашыў пайсці на сваё месца ў навуковай чытальнай зале, пакуль яго яшчэ не занялі. «Можа, гэта які перфоманс, ці акцыя, ці эксперымент, ці проста спецзаданне…» – мільгалі бесперапынку думкі. Трэба праверыць у інтэрнэце. Сёння я чамусьці яшчэ ніводнага разу не наведаў сусветную сетку, нават тэлевізар не глядзеў. Такое выпадае рэдка, але бывае: тэлевізійныя навіны праспаў, мабільнае прыстасаванне нечакана разрадзілася.

Месца, канешне, занялі: аднекуль узніклі «руплівыя» навукоўцы са спецыяльнымі пасведчаннямі. Прыйшлося выбіраць з таго, што засталося: або самае рыпучае крэсла, або пяць разоў рамантаванае. Выбраў чамусьці рыпучае. Сеў. Дастаў мабільнае прыстасаванне. Падключыў зарадку. Пачакаў, пакуль прыстасаванне «ажыло» і загрузілася. Адкрыў старонку папулярнага інтэрнэт-партала. І… У топе навін шыкоўна вісеў наступны загаловак: «Вядомы мільярдэр схаваў у кнізе чэк на мільярд… і не толькі». Маё крэсла актыўна зарыпела. Я перайшоў па спасылцы. Калі коратка, дык у артыкуле апавядалася прыблізна наступнае: на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы вядомы мільярдэр і вялікі жартаўнік па сумяшчальніцтве размясціў аб’яву наступнага зместу: «Я схаваў у кнізе ў адной з бібліятэк краіны чэк на мільярд умоўных адзінак. Чэк на прад’яўляльніка. А каб было цікавей, пахаваў грошы меншымі купюрамі на тую ж суму ў розных кнігах самых розных бібліятэк. Шукайце і чытайце! Дакладней, чытайце і шукайце! І хай дапаможа вам шыфр. Можна не дзякаваць!»

«Жартаўнік!» – адразу падумаў я. «Але ж сёння не дзень смеху», – дагнала супрацьлеглае меркаванне і не затрымалася ў галаве. Я папрасіў славутую дзіцячую кнігу «П.Р.», пра хлопцаў, якія шукалі прыгод і заблукалі ў балотах. Мая дысертацыя прысвечана дзіцячай літаратуры, таму трэба было папрацаваць з гэтым старым, зацертым, ды ўнікальным выданнем. На факультэце настойвалі, каб я хутчэй абараніў дысертацыю на найвышэйшую навуковую ступень, бо ў іншым выпадку павышэнне па службовай лесвіцы мне не свеціць, а калі з’явіцца які-небудзь ахвотнік да кар’ернага росту, дык можа дайсці да таго, што прыйдзецца мяне пераводзіць на іншую, менш прэстыжную пасаду. Канкурэнцыя – і нічога асабістага, такія парадкі. Нават тэрмін абароны прызначылі. Але работа ў гэты дзень зусім не ішла: вакол натоўп і шум. Я скарыстаўся сваім становішчам і як адказны навуковец узяў патрэбную старую кнігу дадому. Адміністрацыя бібліятэкі ў сувязі з непрадбачанымі абставінамі прэтэнзій не выказала, тым больш я правераны чалавек. «Напэўна, заўтра ўсё супакоіцца», – хацелася верыць мне.

Я пашкандыбаў дахаты так павольна, што, напэўна, і смоўж абагнаў бы мяне. Нечаканыя падзеі затлумілі галаву, нічога не хацелася, таму настрою працаваць не было. Дома я паглядзеў фільм пад нумарам 100 са спісу найлепшых кінашэдэўраў ХХІ стагоддзя. Фільм быў настолькі цікавы, што я пад яго сумленна заснуў.

Назаўтра мяне з нейкага перапуду панесла праверыць, як справы ў храме ведаў. Чаго ж не зробіш, каб адкласці напісанне дысертацыі на заўтра.