Перад бібліятэкай мітусілася яшчэ большая, нават непраходная чарга. Над дзвярыма вісела вялізная аб’ява: «Уваход у бібліятэку – 10 умоўных адзінак за гадзіну». «Нічога сабе! Такога я не чакаў!» – эмоцыі ваявалі з розумам. Праз колькі хвілін на сваім мабільным прыстасаванні я прачытаў, што дырэктары бібліятэк «вымушаны ўвесці плату за карыстанне бібліятэкай у сувязі з наплывам наведвальнікаў і для паляпшэння іх абслугоўвання». Людзі ўпарта не разыходзіліся. Я зразумеў, што сёння папрацаваць у чытальнай зале не давядзецца. Праз Валянціну, знаёмага менеджара па прыбіранні пакояў, бо да астатніх супрацоўнікаў не мажліва было дабіцца, я даволі хутка зайшоў у бібліятэку праз службовы ўваход, дамовіўся аб падоўжаным тэрміне карыстання кнігай «П.Р.», а таксама ўзяў дадому такую-сякую літаратуру.
Пакуль мне неслі кнігі, я, як звычайна, пачаў у навуковай чытальнай зале гартаць слоўнік, які стаяў у вольным доступе. На адной старонцы я заўважыў купюру наміналам 100 умоўных адзінак… не паверыў сваім вачам і хутка загарнуў гэтае выданне. Прынеслі патрэбныя кнігі. Я паклаў «заможны» слоўнік на стол, адвярнуўся, выбраў неабходную літаратуру. Тут мне падумалася: «А можа, трэба было б тыя 100 адзінак узяць сабе, раз выпаў такі шанец?» Раптам падышоў чалавек, моцна паціснуў мне руку і выйшаў. Што гэта было, я зразумеў потым, калі ў слоўніку не знайшоў сваіх грошай.
Я прыйшоў дадому, сеў за стол, але праца не ішла. З галавы не вылазіў гэты чэк, гэтыя кнігі, гэтыя людзі… Крыху раззлаваны, я палез у інтэрнэт. Усе навіны былі забітыя «жартам мільярдэра». Чаго тут толькі не лупцавалі! Рэпартажы, версіі, аналітыка, чуткі… Пісалі, што мільярдэр проста робіць сабе рэкламу, таму адмаўляецца ад любых каментароў. Што бібліятэкары проста нахабна зарабляюць грошы на бедных людзях, бо ўночы, і гэта бачыла мноства людзей, яны перабралі фонды, знайшлі грошы, але вырашылі прытрымаць іх, каб людзі ішлі ў бібліятэкі. Што такая падзея павінна паўплываць на развіццё кніг. Што на чэк палююць розныя структуры і арганізацыі. Што людзі бяруць выхадныя, каб пайсці ў бібліятэку. Што з’явіліся неверагодныя чэргі, у якіх адбываюцца махінацыі. Што чэка няма… Вечарам апублікавалі вялізны артыкул пра эканамічны эфект ад «чэка ў бібліятэках». У сацыяльных сетках хваліліся, хто колькі грошай і ў якой бібліятэцы знайшоў. Некаторыя пісалі, што нават прачыталі тую шчаслівую кнігу, дзе іх чакаў грашовы прыз. Эканамісты падлічылі, што за два дні ў «кнігасховішчах» знайшлі каля мільярда. З гэтай нагоды сур’ёзныя аналітыкі сталі сцвярджаць, што бібліятэкары самі падкладваюць грошы, каб зацікавіць людзей. Паказвалі першыя падробкі ўсімі жаданага чэка… Карацей, інтэрнэт і разам з ім увесь свет шумелі, ды і тэлебачанне не адставала. Адметная навіна завітала ў кожны дом. Некаторыя эксперты нават прагназавалі нашэсце турыстаў з нагоды «чэкавай ліхаманкі». Пакуль я ўсё гэта перачытаў, надышла ноч. Мой графік работы над дысертацыяй падказваў, што я яго крыўджу і не выконваю. Таму праз «не хачу» на стол былі-такі выкладзены кнігі.
Я доўга глядзеў на «фаліянты» і змагаўся з жаданнем пайсці спаць. І тут мне кінулася ў вочы, што кніга «П.Р.» нядаўна была падклеена. Неверагодныя думкі ўлезлі ў маю ачмураную навінамі галаву. А раптам там чэк? Яго ж маглі схаваць не на старонках, а, як у старажытнасці, у пераплёт. Як той вандал, я разрэзаў стары пераплёт унікальнай кнігі. І знайшоў там… чэк. Стары чэк на прад’яўляльніка на суму адзін мільярд умоўных адзінак! Я ледзь не пасівеў.
Я хацеў адразу кінуцца ў банк, каму-небудзь патэлефанаваць, крычаць пра ўдачу на цэлы свет, але… Праз хвілін пятнаццаць эйфарыя прайшла і на мяне напалі высакародныя думкі. Я падумаў, што, калі зараз паведаміць каму-небудзь аб знаходцы, людзі зноў адвернуцца ад бібліятэк, ад кніг, ад таго, што дорага душы і сэрцу, таго, за што я ціха і без надзеі на перамогу змагаўся палову свайго жыцця. Вось гэтая ўзнёслая і нікому не патрэбная сентыментальнасць ці натхнёнасць прымусіла мяне не паказваць чэк нікому. Хаця б тры дні… А ўпартасці і сілы волі там, дзе яе выяўляць не абавязкова, мне заўсёды хапала.
…Праз тры дні я сядзеў дома і разважаў, што рабіць далей. Дысертацыя сумна паглядала на мяне і амаль што плакала. Думкамі апанаваў чэк, мроілася пра маю ролю ў свеце, наляталі развагі пра лёс, фантастычныя планы і шмат чаго яшчэ. І толькі цяпер мяне нешта насцярожыла ў чэку. Ён быў нейкі стараваты з выгляду, але астатнія акалічнасці не пакідалі сумненняў – дакумент сапраўдны. За тры дні пра эканамічныя варункі і не толькі можна даведацца вельмі шмат. Чым я, між іншым, таксама займаўся, калі крыху адключаў летуценне. Таму я не надаў належнай увагі цвярозым назіранням, а палічыў іх выбрыкамі свядомасці і ператамленнем ад эмоцый.