Выбрать главу

Я з’явіўся на свет якраз у той год, калі адбыўся Першы гарадскі сход. І як многія мае аднагодкі, займеў летапіснае імя. Кажуць, што падчас майго нараджэння адбывалася сонечнае зацменне, але пераправяраць падобныя байкі я не наважыўся, таму за што купіў – за тое прадаю. Калі хто-небудзь засумняваецца ў зацменні, можаце смела правесці даследаванні і вызначыць сапраўдныя гістарычныя факты. Толькі потым раскажыце мне ці ўпішыце ў мае ўспаміны. Мне ж сёння нашмат цікавей чалавечая памяць, вусная гісторыя, якая і памыляецца, і расказвае адначасова, як людзі запомнілі сваю эпоху.

Я рос у сям’і галоўнага банкіра горада, выдатна вучыўся: абавязковыя прадметы за курс школы былі здадзеныя на найвышэйшы бал. Усе на нашай вуліцы, а гэта былі ў асноўным паважаныя людзі горада, казалі бацькам, што з мяне выйдзе выдатны прадаўжальнік дынастыі. Але я не апраўдаў агульныя чаканні. Спачатку. Справа ў тым, што апроч энцыклапедый і падручнікаў я з маленства захапіўся мастацкай літаратурай. Ніхто на гэта не запярэчыў, наадварот заахвочвалі, бо чытанне лічылася вельмі карысным для разумовага развіцця дзяцей. Аднак ніхто не чакаў, што я зайду так далёка і вырашу прысвяціць сваё жыцце той самай мастацкай літаратуры.

Напачатку, зусім малым хлопчыкам, я любіў паездкі за горад. Я бясконца назіраў за тым, што яшчэ называлася прыродай. За рознымі там казюркамі, дрэўцамі, травінкамі. Гэта прыносіла сапраўдную асалоду, я лавіў кожную хвілінку негарадскога наваколля. Потым пачаў прыслухоўвацца і да з’яў, якія адбываліся каля маёй хаты, стараўся асэнсаваць іх, адчуць, апісаць. І я зразумеў, што пад маімі нагамі неверагодны свет, які немагчыма раз і назаўсёды адкрыць і вывучыць. Можна толькі паспрабаваць. І я спрабаваў і запісваў свае спробы. Затым мне захацелася пачытаць кнігі з бібліятэкі майго прадзеда. Той меў за хобі збіранне старажытнай літаратуры і за сваё жыццё сабраў агромністую бібліятэку. Мой шаноўны продак нават склаў спіс абавязковых кніг для членаў яго сям’і. Я ў тым спісе і захрас. Пасля такой літаратурнай адукацыі я напісаў некалькі вершаў і апавяданне. Мяне ўхвалілі, а апавяданне надрукавалі ў спецыяльнай дзіцячай газеце. Я быў на сёмым небе ад шчасця, няхай недзе глыбока ў душы і здагадваўся, што прозвішча бацькі ў гэтай справе вельмі дапамагло. Пасля першага трыумфу я вырашыў стаць літаратурным дзеячам. І рашэнне было бескампрамісным. Літаратурная праца захапіла мяне.

Я вельмі любіў сваіх бацькоў. Іх, канешне ж, непрыемна ўразіла маё жаданне пайсці вучыцца не на самую перспектыўную спецыяльнасць, таму тата і мама сказалі, што будуць сур’ёзна размаўляць са мною, калі я адумаюся. Праўда, забараняць паступаць на літаратара ва ўніверсітэт не наважыліся. Верагодна, тата вырашыў, што я хутка сам кіну недарэчную авантуру, перарасту. І тут яму трэба аддаць належнае і сказаць дзякуй.

Ва ўніверсітэт я паступіў даволі лёгка, бо экзамены былі здадзеныя на высокі бал. Пачалося студэнцкае жыццё, але пра гэта пазней. Зараз жа дазвольце крыху распавесці пра родны горад, занатаваць яго такім, якім ён адбіўся ў маёй памяці.

Горад майго дзяцінства і юнацтва быў сярэднім па памеры. У ім расло даволі шмат дрэў, у ім заўсёды было чыста і прыгожа. Старыя будынкі перапляталіся з новай архітэктурай. У тэхнічным плане горад М. амаль не адставаў ад сусветных тэндэнцый. Як і ўсе іншыя сусветныя гарады, М. меў самакіраванне, своеасаблівае Магдэбургскае права, як сказалі б у сярэднявеччы. Вельмі шмат было і цікавых мясцін, пра якія вы прачытаеце ў Вялікай энцыклапедыі. Мне ж найбольш падабалася бібліятэка: і сам будынак, і кнігі ў ім, і рэчка, і веладарожка для аматараў рарытэтных ровараў. Таксама я любіў блукаць па парках, мроіць каля фантанаў, рабіць аб’ёмныя фатаграфіі помнікаў, асабліва пісьменнікам Я. К., Я. К., М. Б., М. Г., В. Б. і многім іншым.

У горадзе заўсёды адчуваліся спакой і парадак, якія ўсталяваліся ў год майго нараджэння пасля Першага гарадскога сходу, калі ўсе зацікаўленыя колы горада раз і назаўсёды дамовіліся, падзялілі сферы ўплыву і замацавалі правілы «гульні». Атрымалася, што ніхто нікому не перашкаджаў, ніхто ні з кім не змагаўся і ўсё спакойна квітнела. Мэр, які выбіраўся раз на чатыры гады шляхам латарэі сярод дванаццаці галоўных кіраўнікоў горада, выдатна парадкаваў гарадскія справы.