Скажу некалькі слоў і пра гісторыю. Горад М. узгадваецца з летапісных часоў. Ён развіваўся, як і іншыя гарады, а ў ХХІ стагоддзі стаў пашырацца і актыўна ўбіраць у свой склад іншыя населеныя пункты. Так утварыўся сапраўдны горад-поліс, нават мегаполіс, са сваімі парадкамі і ладам жыцця. Але тое была сусветная тэндэнцыя, і пра гэта вы таксама пачытаеце ў энцыклапедыі ці падручніку…
Паводле аўтарытэтных даследаванняў згаданае зацменне не было бачнае ў нашым горадзе.
Навіна дня
Мільярд ад мільярдэра
(галоўны дэпартамент навін)
Горад М. стаіць на вушах, нібыта падчас залатой ліхаманкі. Але золата замяніў чэк, а рэкі і капальні – бібліятэкі. Што ж стала прычынай такіх акалічнасцей? Усё проста! Некалькі радкоў спадара N. у сваім блогу – і людзі гартаюць (і нават чытаюць) папяровыя кнігі: «Я схаваў у кнізе ў адной з бібліятэк краіны чэк на мільярд умоўных адзінак. Чэк на прад’яўляльніка. А каб было цікавей, пахаваў грошы меншымі купюрамі на тую ж суму ў розных кнігах самых розных бібліятэк. Шукайце і чытайце! Дакладней, чытайце і шукайце! І хай дапаможа вам шыфр! Можна не дзякаваць!»
Такіх чэргаў, як цяпер, бібліятэкі не ведалі нават у эпоху свайго росквіту. Аднак некаторыя спецыялісты лічаць, што чэка няма і гэта ўсяго толькі злосны жарт. Іншыя проста зарабляюць на абставінах. Самае смешнае, што ў кнігасховішчах па некаторых падліках ужо знайшлі каля мільярда ўмоўных адзінак. Адкуль там узяліся такія сумы, можна хіба што здагадвацца. Ці не руплівыя бібліятэкары пастараліся…
Дзівіць і тое, што паважаны N. адмаўляецца ад якіх-небудзь каментароў. Вось такія жарты мільярдэра, такія віртуальныя мільярды парушаюць парадак і спакой у горадзе М. Прадуктыўнасць працы падае, на вуліцах летуценна чытаюць. Хто спыніць гэта і верне ўсё, як было?
Хіба што ўладальнік сапраўднага чэка на мільярд? Сачыце за падзеямі разам з намі… 10 000 021 праглядаў 5 010 011 рэпостаў, 7 204 600 лайкаў.
Глава другая
Дзікае паляванне, або Зорка сеціва
Я зноў упэўніўся, што за мною нехта ідзе. Гэта было нескладана. Сцены банка зроблены са шкла, таму ў іх, як у люстэрку, я ўбачыў таго самага чалавека, які шоргаўся каля маёй хаты. Банк ветліва адчыніў перада мною свае аўтаматычныя дзверы – і я хутка нырнуў у бязмежны палац фінансавых аперацый.
Мяне адразу сустрэў ідэальна ветлівы адміністратар.
– Добры дзень! Мяне завуць Гермес. Чым магу Вам дапамагчы?
– Мне трэба атрымаць мільярд, – без папярэджанняў растлумачыў я.
Нават ідэальна выхаваны твар адміністратара змяніўся, але бачна было, што не ад здзіўлення. У вачах мільгануў злосны смех. Гермес (такое адчуванне, што імя яму выдалі на працы разам з карткай для пералічэння заробку) змераў мяне вачыма і асцярожна спытаў:
– Вы, напэўна, знайшлі чэк, пра які расказваюць у навінах?
– Так! А як вы здагадаліся? – крыху збянтэжыўся я.
– У мяне проста добрая інтуіцыя, – хітравата растлумачыў адміністратар. – Пачакайце, калі ласка, хвілінку. Мне трэба папярэдзіць кіраўніцтва.
Гермес рашучымі крокамі дайшоў да тэлефона, які стаяў на адмысловым стале, набраў нумар і, як мага цішэй, пачаў размаўляць. Людзей у холе было мала, таму гук разносіўся выдатна. Сумленны адміністратар гаварыў прыблізна наступнае: «Спадар дырэктар філіяла, тут зноў нейкі дзівак з чэкам. Ужо соты за сёння. Падкажыце, што з ім рабіць… На выгляд не вельмі… Чэк не паказваў… Выклікаць ахову… Добра». Пасля гэтага Гермес набраў іншы нумар і назваў нейкі код. Да мяне з розных бакоў пачалі набліжацца людзі ў форме аховы. І толькі цяпер я дацяміў, што мяне збіраюцца проста выгнаць з адзінага банку ў горадзе, які мае права выдаваць такія вялікія сумы, як на маім электронным чэку. Мне справядліва падалося, што іншага шанцу выкарыстаць чэк можа і не быць. Раніцай па тэлебачанні паказвалі сюжэт пра людзей, на якіх нападаюць праз тое, што ў іх усяго толькі падазраюць наяўнасць чэка, бо яны часта наведваюць чытальныя залы. Вось гэта мяне хутчэй за ўсё і чакала. Тым больш, грэх не праверыць кнігалюба, які невядома чаго пайшоў у такі прэстыжны банк.
Крытычны момант падкраўся нечакана: як ні круці, трэба было нешта зрабіць. І зрабіць гэта трэба было, як мінімум, хвіліну раней. Тут я заўважыў вялікі мікрафон на стале адміністратара. Нешта ўнутры прачнулася, і я амаль мімаволі кінуўся да заўважанага прыбора, нібы да апошняй надзеі. Такіх паводзін я не дазваляў сабе бадай з далёкага дзяцінства, калі экспромтам расказаў невялікі «завочны» вершык пра аднаго дзіўнага чалавека якраз гэтаму самаму чалавеку. Замест падзякі перапала бярозавай кашы. Мне растлумачылі, што трэба рабіць толькі прадуманыя ўчынкі, а яшчэ лепш – узгодненыя. Вельмі часта потым, калі мяне цягнула на авантуры, я ўзгадваў той вершык і прымушаў сябе спыніцца. Дык вось… гэты самы настрой, гэты самы заглушаны душэўны парыў да авантуры прачнуўся ўва мне і выйшаў вонкі. Я амаль не думаў, што ўчыняю, ды атрымлівалася ўдала. Адміністратарскі мікрафон быў моцна схоплены маімі рукамі, ногі паставілі свайго гаспадара на стол, а голас сам паляцеў па памяшканні. Карацей, я спаліў усе масты, дарогі назад да прыстойнай, выхаванай, стрыманай асобы: