Ён падышоў да акна — і застыў ад здзіўлення, бо ўбачыў на пляцоўцы перад бальнічным скверам сваю любімую гару. Яна стаяла і размахвала вялізнымі елкамі, як быццам гэта былі звычайныя лыжныя кійкі.
— Прывітанне, дружа! — закрычала гара.— Я прыйшла цябе палячыць!
Гара крычала так гучна, што да вокнаў падбеглі ўсе хворыя і ўсе дактары.
Быў сярод іх і ўрач, каторы лячыў добрага чалавека. Ён пабег у палату і ўбачыў свайго пацыента, якому ўвачавідкі палепшала, бо ён ужо апранаў цёплы світэр і чаравікі, каб бегчы на вуліцу.
— Вы рызыкуеце, дарагі мой,— пачаў стрымліваць доктар чалавека.— Вы толькі што ляжалі ледзь жывы, а цяпер гатовы бегчы на гару, якая невядома адкуль і з якімі намерамі з’явілася тут!
— Супакойцеся, доктар,— шчасліва ўсміхнуўся чалавек,— намеры ў гэтай гары самыя добрыя. Вы ж самі сказалі — я хвіліну назад быў ледзь жывы. Адным сваім выглядам мая любімая гара вярнула мне сілы. А ўжо калі я з яе пару разоў з’еду — буду здаровы, як калісьці!
І чалавек подбегам кінуўся на двор. Лыжаў у яго не было. Але гара, чакаючы сябра, здагадалася з яловых лапак змайстраваць санкі. Як толькі чалавек наблізіўся, яна падала яму елку і, як на пад’ёмніку, падняла яго на сваю вяршыню. І гэта было правільна — нельга хваравітаму сэрцу даваць вялікія нагрузкі.
Затое ўніз на санках чалавек скаціўся сам.
А потым яшчэ раз.
І яшчэ...
Пасля трэцяга спуску твар чалавека заружавеў, вочы заіскрыліся, усмешка заіграла на вуснах.
— Даўно мне не было так добра! — цешыўся ён.
Доктар, які лячыў чалавека, выбег на двор з танометрам і слухаўкамі і настаяў на тым, што трэба змерыць ціск і паслухаць сэрца.
— Ну, няхай сабе будзе па-вашаму! — згадзіўся чалавек і даў сябе агледзець.
Доктар змерыў ціск, паслухаў сэрца — і не мог даць веры сваім вачам. Пацыента можна было хоць у космас адпраўляць! Доктар склікаў цэлы кансіліум — многа дактароў, сярод якіх былі і прафесары. І ўсе яны недаўменна круцілі галовамі. Адны казалі: «Такога не можа быць!» Другія: «Гэта дзіва!»
Чалавек жа толькі радасна смяяўся. А над ім віўся шэры верабейка і весела чырыкаў.
— Дарагі доктар,— сказаў чалавек,— дзякуй вам за вашы турботы і ўвагу. Але я павінен праводзіць назад, за горад, маю дарагую сяброўку — гару. Я недарма так верыў, што яна дапаможа мне. Вы бачыце — я здаровы!
І з гэтым мусіў згадзіцца ўвесь салідны кансіліум. А галоўны ўрач бальніцы параіўся з калегамі і пайшоў да гары на перамову.
— Паважаная спадарыня гара! — сказаў ён.— Вы маеце незвычайную сілу. Тое, што вы зрабілі з нашым пацыентам — рэч неверагодная. Просім вас застацца! Мы будзем прапісваць сваім пацыентам катанне з вас як сродак ад недамаганняў пасля хвароб.
Гара стаяла, залітая пунсовым светам закату. А магчыма, яна паружавела ад задавальнення атрымаць такую прапанову. Але яна была сапраўды мудрай і таму годна адказала:
— Для мяне вялікая пашана вашы словы, спадар доктар. Але вашым пацыентам куды карысней будзе, падлячыўшыся, выбірацца да мяне за горад. Там і паветра чысцейшае, і прастору больш. І вы прыязджайце. Хоць з лыжамі, хоць з санкамі. А яшчэ, ведаеце, добра вялікі мех з цыраты сенам набіць і на ім з гары катацца — мякка, не трасе... Прыязджайце з калегамі і дзяцей прывозьце — месца для ўсіх хопіць. А цяпер — прабачце, мушу выпраўляцца дамоў, у роднае поле. Надумаеце наведацца — паставыя на выездзе з горада дарогу да мяне падкажуць.
І, махнуўшы на расстанне яловымі лапкамі, гара развярнулася і пайшла. Паліцэйскія машыны ўключылі сірэны і мігалкі, у горадзе зноў перакрылі рух.
Чуткі пра тое, як яна вылечыла свайго даўняга сябра, разляцеліся па гораду імгненна. І гараджане прыветна махалі хусцінкамі ўслед гары, калі яна праходзіла паўз іх дамы.
А яна ўсім усміхалася. І ўсіх запрашала да сябе ў госці.
Добрага чалавека да самага выезду з горада гара везла на плячах. Яна пасадзіла яго ля вуха і слухала расказы пра тое, колькі няшчасцяў давялося яму перажыць апошнім часам.
— Не дзіва, што сэрца тваё не вытрывала,— сказала гара.— Але давай дамовімся так — досыць ужо пра сумнае. Ты ўжо адхварэў за яго. Трэба жыць далей. А каб цяжкія думкі менш у галаву лезлі — як і раней, станавіся на лыжы і прыходзь да мяне! І сваячку сваю хворую прывозь — паставім на ногі!
На выездзе з горада гара ссадзіла чалавека на зямлю. Быў позні вечар, і яму трэба было дамоў. А гары — на сваё старое спрадвечнае месца. Ёй не вельмі хацелася, каб у суседнім лесе і на родным полі пра яе думалі як пра асобу легкадумную. Справіла надабніцу — і дамоў.