Выбрать главу

— Дык ты ж мне сама параіла Хлеўніка прагнаць,— галосіць гаротніца,— дык я яшчэ і з Палевіком пасварылася.

— А калі ад тваіх скаргаў не адбіцца было? — узлавалася старэйшая Хатнічыха.— Ці чула, як кажуць: іншых слухай, а свой розум май! Бяжы мірыся з Хлеўнікам, шукай Палевіка. Знойдзеш спосаб улагодзіць іх — пойдуць на лад справы. Не — гаспадыня з ног саб’ецца, а гаспадаркі не наладзіць. Будзеце вы з ёй разам па цёмным лесе сноўдацца.

Як ніколі раней, хуценька пасялушніцы ў гасцях справіліся. Бегма дадому пабеглі — кожная за сваю справу хапацца.

Гаспадыня за парадкі ў хаце ўзялася, а Хатнічыха пабегла шукаць Хлеўніка і Палевіка. Добра, што крутала. Пераняла іх на падыходзе да бліжняга хутара. Ішлі яны поруч і адзін другому на нядбайную ды няўдзячную гаспадыню скардзіліся.

Добра, што не паспелі на суседскую гаспадарку ўзысці. Суседу, вядома, пашанцавала б: каб так здарылася, гаспадарка яго ўдвая палепшылася б. Але тады яны ўжо нізашто не вярнуліся б на старую сядзібу.

Дагнала іх Хатнічыха, у ногі кінулася.

— Прабачце мяне, панове,— просіць,— вярніцеся, зрабіце ласку!

Ажно вочы на лоб у Хлеўніка ды Палевіка павыпірала. Такая шляхетная асоба так пакорна з імі гаворыць. А толькі ж лаялася ды конікі выкідвала!

Але хоць і крыўдлівыя былі што Палявік, што Хлеўнік, хоць і злавалі на Хатнічыху, ды, як сапраўдныя кавалеры, не маглі не ўважыць яе слёз, хоць і запозненых. І яе ружовага тварыка, і ладных боцікаў.

Глянулі яны адзін на другога.

— Ну, што, брат Хлеўнік, паслухаемся?

— Ды ўжо ж, брат Палявік, нельга дапусціць, каб такая гжэчная пані з-за нас слёзы ліла.

Узрадавалася Хатнічыха, смяецца, дзякуе.

— Але ж адным тваім дзякаваннем не падсілкуешся, даражэнькая,— смяюцца таварышы.— Ёсць у нас умова. Паабяцаеш выканаць — будзем гаспадарцы спрыяць. Не — бывай тады, пойдзем і ўжо ніколі не вернемся.

— Слухаю, панове, кажыце, што трэба!

— Ад мяне заданне не цяжкае,— кажа Хлеўнік.— Каб штовечар яешня была мне прыгатавана і пастаўлена. Як добра паем, я лагаднейшы раблюся і жывёлу гляджу лепш.

— А маё заданне яшчэ прасцейшае,— дадае Палявік.— Хачу, каб, жніво пачынаючы, першы сноп прыбіралі, як маладуху на вяселле. І каб каласкоў у полі па нядбайнасці не пакідалі!

На тым і пагадзіліся. І ўсёй кампаніяй пакіравалі назад, на сядзібу малодшага брата.

Кажуць, з таго часу гаспадарка яго пачала папраўляцца. Хатнічыха знайшла спосаб пераказаць просьбы Палевіка і Хлеўніка маладой гаспадыні. А тая ўжо шчыравала, іх выконваючы. І гаспадарку глядзець стала.

Хатнічыха ж у сваім падпечку старалася ад гаспадыні не адстаць. Спярша абедзвюм цяжка было. А як навучыліся толкам рабіць і тое, і другое, і трэцяе — лягчэй справы пайшлі. А пасля і песні пры рабоце спявацца сталі.

Цяпер гаспадарка малодшага брата квітнее не горш, чым гаспадарка старэйшага.

Мужчыны, як і раней, то аруць, то сеюць, то ў лес па дровы едуць.

А дома застаюцца спраўляцца іх увішныя гаспадыні.

Лагодны воўк

Калі кажуць людзі: «Галодны, як воўк»,— мабыць, успамінаюць таго шэрага небараку, што ў цёмнай пушчы жыве. Пад кашлатай елкай стаіць яго пахілая хатка. А над дзвярамі шыльда прыбіта: «ВОЎК». І дабаўлена дробненька «...галодны».

І гэта чыстая праўда. Бо насуперак сваёй звярынай натуры, мае воўк жаласлівае сэрца. Іншыя яго браты на дзічыну палююць, а гэты грыбоў, ягад назбірае, зёлак насушыць — чай заварыць, п’е. Але для ваўка такая ежа не трывалая. Улетку яшчэ туды-сюды — лес корміць. А прыйдзе зіма — хоць ваўком вый. І вые, на месяц гледзячы, доўгімі зімовымі начамі. Перапрашае суседзяў за непакой, тлумачыць, што песні голад глушаць.

Адну зіму, другую трывалі суседзі, а пасля папікаць шэрага пачалі: «Ды што ты за воўк! Раз галодны — павінен быць злосным. А злосны — ідзі ды ўпалюй каго. І не цягні свае галодныя скаргі — галовы баляць іх слухаць!»

І такім аблогам на ваўка пайшлі, што няма куды дзецца. Думаў-думаў воўк, патыліцу чухаў:

— І праўда, нікчэмны я, нікуды не варты. Браты мае шэрыя ядуць сыта, кажухі штогод спраўляюць новыя, песні спяваюць вясёлыя. А я...

І неяк бліжэй да вясны адважыўся — пайшоў здабычу шукаць. Галодны, як ніколі,— усе свае прыпасы падабраў. Халодны — бо ў кажусе дзюрка на дзюрцы. А на дварэ сцюдзёна — дарма, што вясна на парозе: мароз цісне, не здаецца.

На досвітку выйшаў воўк на ўзлесак. А там — хатка. Снегавой шапкай прыкрытая, марознымі фіранкамі шыбы завешаныя. Стаіць, дым з коміну пускае — топіцца. Дзверы ў хатцы рыпнулі — выйшла бабка, спраўляцца ў хляўчук пайшла. А на ваўка так смачна патыхнула цяплом ды водарам варанай капусты! Небарака, ледзь не самлеў, за агароджай стаіўшыся. Так яго ў хату пацягнула зайсці! Але ж дзе там паткнешся да людзей... Як ні круці, адна ваўку дарога — схапіць якую худобу, раз наважыўся.