Счакаў, пакуль гаспадыня ў хату вернецца,— і ў хляўчук.
Пашчасціла ваўку двойчы: сабака не брахаў, бо з гаспадаром раненька на кірмаш выправіўся. І ў загоне, адразу ля ўвахода, баранчык стаяў — беленькі, ладненькі, з вачыма, як поўня.
У ваўка ажно слёзы на вочы набеглі.
— А мой ты харошы, мой слаўненькі! Хадзі да мяне хутчэй! — І так ладна закінуў баранчыка на спіну, нібы ўсё жыццё толькі і рабіў, што па хлявах рабаваў.
Дабег да сваёй хаты — як на крылах даляцеў. Давай завіхацца, баранчыку стойла ў куту ладзіць, яселькі. Да стажка на палянцы збегаў, сена прынёс:
— Еш, малеча!
А што сам на баранчыка зубы збіраўся вастрыць — і не помніць.
Баранчык паеў — і давай па хаце тупаць, падбрыкваць. Воўк цымбалы дастаў, ды як ударыць па струнах! Такое пачалося, што воўк і на голад забыўся. Цешыцца з баранчыка,— на душы ружы цвітуць.
А тым часам дзед вярнуўся з кірмашу. У хаце гора — баба бядуе, што баранчыка не ўпільнавала. І дзіўна абаім, што такі адчайны воўк трапіўся, у хлеў залез — па слядах на снезе яго пазналі.
Тут ужо дзед стрэльбу са сцяны зняў, сабаку свіснуў:
— Пайшлі злодзея шукаць!
Па следзе хутка да хаткі дайшлі. Дзед стрэльбу наставіў, да акна крадзецца. А ў хатцы баранчык скача, воўк у ладкі пляскае, баранчыка хваліць: і разумны, і штукар, і артыст.
Дзед ад здзіўлення знямеў, на стрэльбу забыўся, у дзверы пастукаў. Воўк, дзеда ўбачыўшы, ашчэрыўся:
— Высачыў-такі, прывалокся! А ты бачыш, што тут напісана,— тыцнуў ён лапай у шыльду: «Галодны воўк!» Вось вазьму і з’ем цябе зараз!
— Не такі я ўжо і смачны па старасці, суседзе,— смела адказаў дзед, бо таксама быў не лыкам шыты... — Ды і паваяваць мы заўсёды паспеем. Ты мне перш патлумач, зрабі ласку — чаму ты барана ўкраў, а не задраў?
Ад абурэння ў ваўка ажно дыханне перахапіла.
— А ты думаў, калі вы з бабай мяне разбойнікам завяце, я на барана адразу кідацца павінен? Ён жа такі... рахманы,— разлілася лагода па ўсёй воўчай постаці.— А можа, мне сумна! А можа, маркотна! — выгаворваў воўк збянтэжанаму дзеду.— Хто пра гэта падумаў? Ды праходзь ты, не стой у дзвярах, калі надта ведаць хочаш, што ў мяне на душы...
І воўк пасунуў кажух, даўшы дзеду месца на лаве.
Хутка на агні ў воўчай хаце кіпела вада. Аб нечым напружана падумаўшы, воўк палез у шафу і дастаў слоік мёду — да чаю.
— На чорны дзень берагу. Мядзведзь летась пачаставаў — кашляю я,— патлумачыў ён дзеду.— Еш і ты — ліхому не даў бы. А ты слухаеш мяне, не стрэліў адразу. Можа, і нішто сабе чалавек...
Калі б хто мог той парой зазірнуць у воўчую хатку, нямала здзівіўся б з гэткай кампаніі: воўк з дзедам гарбату п’юць, а да іх баранчык лашчыцца.
А воўк, разамлеўшы ці ад зёлкавага адвару, ці ад дзедавай увагі, спавядаўся далей:
— Во ўжо пра нашага брата благога напрыдумлялі:
«Колькі ваўка ні кармі, ён усё роўна ў лес глядзіць...» Не ты са сваёй бабай прыдумаў часам? Не? Ну, усё адно, мабыць, не раз казалі. А вы спрабавалі хоць раз ваўка накарміць? Пазачыняецеся ў сваіх хатах, капустку сёрбаеце... А я тут ад голаду ваўком выю! Завяце нас ліхімі — а скуль той дабрыні на бясконцае нашча брацца? Я ўжо нават вершы ў абарону ваўкоў пісаць пачаў. Слухай: «Дзе ж тут будзе воўк лагодны, калі вечна ён галодны»,— прачытаў воўк і зацягнуў тужліва: «Ау!»
— Твая праўда, суседзе,— аж зніякавеў дзед ад воўчай шчырасці.— Збірайся, пойдзем да мяне ў госці!
— У госці?
— Бліноў у смятану памакаеш, поліўкі пасёрбаеш...
— А сабаку не нацкуеш? — насцярожыўся воўк і тут жа рассмяяўся: — Ат, была не была! Людзей баяцца — у госці не хадзіць.
Займаўся досвітак наступнага дня, калі новыя прыяцелі прыйшлі на дзедаву сядзібу.
Баба, якая ўжо вочы па дзеду паспела выплакаць, лішняга пытацца не стала. З ваўком дык з ваўком. Жывы, здаровы. І баранчыка прывёў.
На стол сабрала, усіх накарміла.
— Здымай,— кажа ваўку,— кажух. Зараз залаплю...
Пад вечар сыты, шчаслівы воўк подбегам кіраваў у пушчу. Кажух яго свяціўся новымі латкамі, а вочы — усмешкай.
— А няхай бы ты прыходзіў да нас статак пільнаваць,— сказала на развітанне ваўку баба.— Ад ваўкоў — не ўсе ж яны вершы пішуць...
І што вы думаеце? Воўк згадзіўся. З той пары пільнуе хлеў — будзь здароў! Баба корміць яго і аладкамі, і капустай. Не грэбуе воўк і бульбай з агуркамі...