— Даруй, браце, не ў добрую хвіліну мы сустрэліся,— стаў перапрашаць сябра казачніка.— Што за спакуса апанавала — не ведаю...
Але што ні гавары цяпер — казка ўжо ў кніжцы. А напісанага пяром не высечаш тапаром. Пайшла кніжка па свеце гуляць. Да розных людзей трапляла. Пра Хмарку апавядала. Але, перагарнуўшы старонкі, скора забываліся людзі, што ў той кніжцы напісана. Бо хітрасцю не проста кудзеркі па-іншаму казцы завілі, а ўсёй радасці яе пазбавілі.
А казачнікі? Разладзілася іх сяброўства. Кожны сваёй дарогай пайшоў. Адзін пабажыўся, што век на чужое не спакусіцца. Другі — што ніколі знойдзеных казак кідаць не будзе.
Ды вось бяда — з той пары сталі абмінаць іх казкі. Ні адзін, ні другі ўжо мяхамі іх не носяць. Бо казкі не любяць ні сквапных, ні нядбайных.
Калі марыш сустрэць у жыцці сапраўдную казку, помні пра гэта і ты, дружа.
Музыка крыштальнага саду
Аднойчы цёплай восенню расцвіла ў двары Вішанька. Адкрыла свае белыя вочкі-кветкі і здзіўлена пазірае наўкол.
...А празрыста-стылае неба азываецца да Вішанькі жураўліным курлыканнем. Развітальна махаюць крыламі чароды птушак, адлятаючы ў вырай. Здзіўлена пазіраюць на святло белай квецені залатыя клёны. Самы маладзенькі з іх, страсянуўшы чупрынай, схапіў за рукаў Вецер.
— Слухай, дружа, зрабі ласку — перадай той бяляначцы пісьмо!
Вецер згодна хітнуў і прыціх на хвілінку, чакаючы, пакуль Клёнік на лісточку выводзіў барваю паміж радкоў-пражылкаў: «Я Вас кахаю...» Пасля Вецер ціха, як уздыхнуў, хукнуў, і кляновы лісток апынуўся ля Вішанькі.
— Прыгажунька, вам пісьмо! Спадзяюся, паненка ўмее чытаць?
— Так, бліжэйшыя да хаты галінкі адукаваныя. Яны зазіраюць у акно, а за ім стаіць пісьмовы стол. Ён вывучыўся грамаце сам і мае галінкі паціху навучыў...
Вецер асцярожна апусціў кляновы лісток, куды ўказала Вішанька, і кветкі на ёй крыху паружавелі.
— У вас закахаўся той прыгожы Клёнік!..
— Ах, які ён легкадумны,— збянтэжылася дрэўца.— Мы зусім не знаёмыя.
— Чакайце, не гневайцеся,— затрывожыўся Клёнік, якому Вецер імгненна перадаў на словах адказ Вішанькі.— Мы ж не сёння выраслі тут. Відаць, даўно глядзелі адзін на другога — але не заўважалі. Але ж мы тутэйшыя, хто заўгодна з суседзяў замовіць за мяне слоўца... Якой прыгажуняй глядзіцеся вы ў белі сярод золата дрэў!
Вішанька сціпла апусціла долу вочкі, але яе хваляванне выдала квецень, бо раптам раскрыліся яшчэ некалькі пяшчотна-белых сузор’яў...
Ужо не першы год квітнела, а пасля гадавала сакавітыя ягады Вішанька. Але гэта адбывалася ў прызначаны прыродай час, вясной і летам, а штовосень дрэўца, як і ўсе, рыхтавалася да зімовага сну. Але на досвітку гэтага дня нібы хто пастукаў у сэрца дрэўца, ажылі, запульсавалі па ствале і галінках сокі, і вось — Вішанька зацвіла.
Глядзіць Вішанька на панадворак — і не пазнае яго ва ўборы вяргінь і астраў — восеньскіх кветак. Агародчык ля хаты пусты. Бульба выбрана даўно, пачышчаныя буракі прыкрыты паверх цыраты бацвіннем — ад марозу. Сад праз парадзелае лісце струменіцца яблычным ззяннем. Ападышы ляжаць пад дрэвамі ў плеценым кошыку і проста скіданыя ў гурбачкі. Ад іх так смачна пахне і прымятай травой, і патрывожаным спакоем зямлі, і стылай прахалодай восеньскай ночы, якая вымусіла яблыкі на дрэвах дрыжэць, а тых, у гурбачцы, ціснуцца адзін да другога замёрзлымі бакамі.
З дрэў амаль апала лістота. Яны ўжо не хваляцца адно перад адным кучаравымі чубамі, а плацяць зямлі спрадвечную даніну, засцілаючы яе залатымі світкамі са сваіх плячэй,— каб не застыла ўзімку. І самыя прыгожыя сярод восеньскіх дрэў — клёны. А сярод іх — той, маладзенькі, што даслаў Вішаньцы ліст.
Яна ўпотай кідае позіркі на яго, і сэрцайка яе соладка замірае.
А Клёнік за кароткі час звёўся зусім. Хваляванне хвалямі б’е па ім, вымушаючы запунсавець і золата, і нешматлікую зелень яго лісткоў.
— Я ажанюся з ёй! — задзірыста абвяшчае ён сваім старэйшым сваякам, якія растуць поплеч.
Але тыя і пярэчыць не думаюць. Хоць Вішанька і не іх роду дрэўца, але такой незямной прыгажосці!..
Сталі думаць, каго паслаць у сваты. Вецер? Ён хоць і перадаў ліст Вішаньцы, але для свата занадта наравісты, страшна, каб не наламаў дроў... Сарока, заўсёды дасведчаная не толькі ва ўсіх падзеях, але і намерах ваколіцы, прапанавала сябе за сваццю. О не, яна не толькі балбатліўка, але і пляткарка — можа ўсё сапсаваць і дакладна сапсуе... Гусі — хатнія птушкі!.. Вось яны, такія важныя і надзейныя, шпацыруюць па сцяжынцы дахаты... Але — не, для такога ўрачыстага моманту ім не стае ўзнёсласці...