Выбрать главу

Калі казаць праўду да канца, то ў лес ён да гэтай пары не толькі глядзіць, але і бегае. На пабыўку, каб не зусім адвыкнуць ад пушчанскага жыцця.

Аднойчы дзед, завітаўшы да ваўка падчас яго вакацый, сказаў:

— Шыльду, дружа, змяніць трэба. Нагараваўся ты, набедаваўся. Але хоць і галодны быў, а лагодным заставаўся заўсёды.

Змайстравалі шыльду разам, прыбілі на дзверы. Суседзі спярша лапамі тыцкалі, бо надта ўжо дзіўна чыталася: «Лагодны воўк». Ды з часам абвыкліся, за смеласць паважаць пачалі, нават за парадамі да ваўка прыходзіць сталі.

— Вы не верыце? А знайдзіце на ўскрайку лесу хатку, дзе жывуць дзед і баба. Можа, і вам пашчасціць убачыць, як там воўк гуляе — авечак сцеражэ. Павітайцеся з ім, пачастуйце лустай хлеба — і ён абавязкова раскажа, як бедаваў, пакуль не знайшоў чалавечага разумення.

Сапраўдны Правіцель

З крамы ў хату прынеслі кілім і кінулі на падлогу ў вітальні.

— Цяпер у нас не дом, а казачнае каралеўства са сваім каралём,— пажартаваў тата і паклікаў зірнуць на сваю пакупку ўсіх, хто быў дома.

На сінім полі кіліма красаваўся кароль у залатой кароне ды гарнастаевай з пурпурным аксамітам мантыі. Дзеці радасна запляскалі ў ладкі і першымі ўкленчылі, каб лепш разгледзець кілім. Тое ж пасля зрабіў і кожны з дарослых. Ды ніхто не заўважыў няўлоўнай, але важнай змены ў малюнку. Кароль, які напачатку меў важны і крыху надзьмуты выгляд, павесялеў і нават усміхнуўся...

На гэта ў яго былі свае прычыны. Ад першых дзён з’яўлення на свет кароль злаваў на тое, што яго размясцілі на кіліме для падлогі. Мала гэтага прыніжэння, дык яшчэ і паставілі сярод пустога сіняга поля і не далі ні аднаго падданага. Але хвіліну назад тата сказаў пра каралеўства, і ў караля павесялела на душы.

Кілім быў прынесены дамоў надвячоркам. Разгледзеўшы яго, людзі ў хуткім часе пайшлі спаць. І першая ноч у каралеўстве прайшла надзвычай спакойна. А раніцай, калі па кілімчыку першы раз у спешцы туды-сюды прабегліся не адной парай ног, кароль вырашыў, што пачалася вайна, і штосілы закрычаў:

— Дзяржава ў небяспецы! Падданыя, бараніце сваё каралеўства!

Ён толькі сабраўся прызначыць галоўнакамандуючым тату, як той сам ступіў на кілім і моцна прыціснуў да падлогі Яго Вялікасць.

Ад абразы караля затрэсла, але ён не ведаў, што рабіць. Людзі не чуюць галасы рэчаў, не пачулі і голаса казачнага караля. Яны бегалі, мітусіліся. Пасля раптам дом апусцеў і заціх.

— Крышку адпачнём! — пачуўся голас.

— Хто тут? — строга спытаў кароль.— І што ўсё гэта значыць?

— Ваша Вялікасць, гэта я, камода. Дазвольце мне, як старажылу, патлумачыць вам сітуацыю. На выхадныя ўсе былі дома, а сёння пачаўся працоўны тыдзень. Дарослыя пабеглі на работу, дзеці — у школу. Цяпер палову дня мы ўсе будзем адпачываць. Вельмі Вам раю падрамаць, бо вернуцца людзі і не будзе ні хвілінкі спакою. У Вас — асабліва.

— У добрым каралеўстве падданыя не турбуюць караля,— абурыўся кароль.

— Так, Ваша Вялікасць. Але ж кілім ляжыць на самым людным месцы, у вітальні, Вам турбот не пазбегнуць дакладна. Да таго ж, Вы не ведаеце, на што здатныя дзеці, што тут жывуць. Учора яны мусілі трымаць сябе анёлачкамі, бо пасля нядаўняй бойкі мама ўзяла з іх слова добра сябе паводзіць. А што яны вырабляюць, Вы яшчэ пабачыце на свае вочы. Пакуль жа ёсць магчымасць — паспіце!

І камода пазяхнула, ды так моцна, што прыадчыніліся дзверцы.

Каралю не спадабалася непачцівасць камоды, якая надумала даваць Яго Вялікасці парады. Але, як было відаць, толькі кароль і не прыслухаўся да іх. У вітальні спалі ўсе рэчы: шафа, люстэрка, дзверы...

— Нейкае соннае каралеўства,— буркнуў кароль.— Няйначай, зачараванае.

Але праз некаторы час дзверы на вуліцу шчоўкнулі ад павароту ключа і расчыніліся.

У хату віхурай уварваліся два хлопчыкі. Яны першымі вярнуліся дадому, і ўсё ў ім адразу ж захадзіла хадуном. Грукнулі кінутыя на падлогу ранцы.

— Прывітанне, кароль! — крыкнулі яны і ў брудным абутку пачалі мясіцца па кіліме. Пасля панесліся па калідоры, на хаду здымаючы з сябе паліто, шапкі, шалікі, пальчаткі і раскідваючы іх па хаце...

Соннага каралеўства як і не было. Нават звыклыя да такіх баталій рэчы спалохана ўздрыгвалі. А што да караля, то ў яго і мову адняло на нейкі час. Што топчуцца — прыйдзецца трываць, тут цяжка не пагадзіцца з камодам. Але бруднай падэшвай па гарнастаевай мантыі?..

— Гэта незаконна,— закрычаў, апомніўшыся, кароль.— Што вы робіце?