Выбрать главу

— Гэта нашы дзеткі забаўляюцца,— крэкнула шафа, прымаючы на сябе ўдары падушак — брацікі вымушалі іх працаваць самалётамі.

— Ранавата яны сёння нешта з’явіліся,— войкнула камода, у якую ляцелі, паспеўшы затаптаць хату, брудныя чаравікі.

— Зараз будуць слёзы,— падагуліла люстэрка, калі хлопчыкі выкаціліся на калідор і пачалі лупцаваць адзін другога кулакамі.

І яно ведала, што казала. Столькі разоў прыходзілася адлюстроўваць адну і тую ж сцэну, што люстэрка навучылася прадбачлівасці.

Ці большы крапчэй чым трэба, шкуматнуў меншага, ці меншы дзерануў большага — было не разабраць. Яны ўжо біліся не дурэючы, а па-сапраўднаму. І хто ведае, чым бы скончылася бойка, каб не прыйшла мама.

Яна вельмі засмуцілася, убачыўшы дома вэрхал і слёзы.

— Мне абрыдла, дзеці, казаць вам штодня адно і тое ж. Не ўсчыняйце дурных шалаў, не раскідвайце рэчаў. Вы ж абяцалі жыць дружна. А вытрывалі без боек толькі ўчарашні дзень,— сказала яна.— Давядзецца вам пастаяць у кутках і падумаць пра свае паводзіны.

Дзеці гучна зарумзалі.

— Вось пакута,— зарыпелі ўсе дзверы ў доме.— Ліюць свае слёзы, куткі насамі падпёршы, псуюць шпалеры. Невядома, каму большае пакаранне — дзеткам ці сценам.

— Чаму ж невядома,— адгукнуліся сцены. Яны мелі вушы і ўсё чулі.— Нам дастанецца, гэта факт. Куткі хутка прыйдзецца ратаваць ад сырасці, а нашыя любімыя шпалеры ў кветачкі мяняць...

Ад усяго пачутага ў караля кругам пайшла галава. Ён, як сапраўдны манарх, павінен клапаціцца пра спакой у сваіх уладаннях, а тут ім і не пахне.

Яго Вялікасць толькі пачаў збірацца з думкамі, што рабіць, як нешта замільгацела над галавой і заказытала яго бакі.

— Дазвольце пачысціць Вам футра, Ваша Вялікасць,— пакланіўся каралю венік.

— Гэта мантыя,— буркнуў кароль, збіты з панталыку такім вольным абыходжаннем са сваёй асобай.— І я не выклікаў пакаёўку.

— Ах, Ваша Вялікасць,— прыгаворваў, шчыруючы, венік.— І я лепей бы падрамаў, але маме трэба прыбрацца за дзеткамі, вось я і чышчу Ваша футра... Прабачце, мантыю. Я нічога не разумею ў высокай модзе. Я жыву на кухні, пад рукамыйнікам, побач з вядром са смеццем. Не вельмі, ведаеце, далікатная кампанія, але мы ладзім паміж сабой і працуем на карысць дому... Яшчэ тут трэба пачысціць, Ваша Вялікасць,— туды-сюды шастаў венік.— Нашкодзілі чаравікі, а Вам трываць...

Падмёўшы, гаспадыня прыхінула венік у кутку насупраць кілімчыка, і ў караля з’явілася магчымасць даўжэй пагаварыць з венікам.

— Скажыце, шаноўны, у гэтым каралеўстве ўсе такія... неўраўнаважаныя, як гэтыя хлопчыкі? — пачаў дазнанне кароль.

— Ах, што Вы. Дарослыя людзі як людзі. А вось ад дзяцей тут пакутуюць усе. І рэчы, і бацькі. Праўда, тата рэдка бывае дома. Ён усё ездзіць па нейкіх важных справах. Дзеці найчасцей дома з мамай. Яна мілая і вельмі бедная жанчына. Ёй некалі прысесці — усё завіхаецца, шчыруе па гаспадарцы. А дзеці не проста памагчы ёй не хочуць, а самі бачылі, што вытвараюць. І так кожны дзень. А мама пасля прыбірае.

— Ну і дарэмна,— заўважыў кароль.— Няхай бы тыя, хто кавардак наводзіць, пасядзелі пару дзён у бярложку — абрыдла б, больш, можа, парадак шанавалі.

— Спрабавала гаспадыня не зважаць на беспарадкі! — ажно ўсклікнуў венік.

— І што?

— А нічога. Параскідалі ўсё, за некалькі дзён па хаце стала не прайсці. Мама трывала, трывала — цярпенне лопнула, парадкавалася сама. Толькі намнога даўжэй, чым звычайна.

— Дык, магчыма, ёй падабаецца прыбірацца,— заўважыў кароль.

— Ваша Вялікасць! Куды больш яна любіць чытаць кнігі. А яшчэ выдатна малюе. Толькі ёй некалі гэтым займацца. Яна цэлы дзень на працы, а пасля то есці гатуе,то за сваімі неслухамі парадкі наводзіць... Я чуў аднойчы, як бабуля, прыйшоўшы ў госці, казала, што мама сваё жыццё загубіць празмернай працай па дому.

— А што мама?

— Яна заплакала і адказала, што інакш не можа, бо шануе свой дом.

— Ну, ведаеце, пра гэта і паспрачацца можна,— сярдзіта сказаў кароль.

— Дом шануе, а такіх распуснікаў трымае. Выгнаць іх з каралеўства!

— Ах, Ваша Вялікасць, не так усё проста. Дзеці!.. Падрастуць, палепшаюць, дасць Бог...

— Вось так і ёсць з гэткімі разважаннямі! — загарачыўся кароль.

— Ваша Вялікасць! — азвалася шафа пад адзенне, якая да гэтай пары слухала размову моўчкі.— Хіба можна адразу выносіць такі жорсткі прысуд? Мы гадамі трываем ад хлопчыкаў — і жывыя. А Вы толькі, прабачце, з’явіліся ў доме — і ўсяму не рады.

— Выгнаць! — сталі пад’ялдыкваць брудныя чаравікі.— А мы куды тады пойдзем?

— І праўда,— згадзіліся шалікі і шапкі.— Толькі пра сябе дбае Ваша Вялікасць.