Кароль тупнуў нагой, але ніхто не звярнуў увагі на каралеўскі гнеў. Кілім толькі падумаў, што гаспадар заўчасна радаваўся расшырэнню каралеўства. Законнымі яго ўладаннямі па-ранейшаму заставалася яго аксамітна-сіняе поле.
Але кароль быў не з тых, хто здаецца, сустрэўшыся з цяжкасцямі. Ён паважаў сваю карону, а сітуацыя вымагала адстойваць яе гонар.
— Я навяду парадак у гэтым каралеўстве! — прашаптаў ён.
Позна ўвечары, калі ўсе ў доме заснулі, кароль тройчы пляснуў у ладкі і закруціўся-завярцеўся на адным месцы. А калі спыніўся, абуджаныя рэчы войкнулі ад здзіўлення. Кароль з кіліма ўжо не ляжаў на падлозе, а хадзіў па вітальні, папраўляючы карону на галаве.
— Глядзіце, кароль сапраўдны! — зашаптала люстэрка.
— І ён умее чараваць! — выцягнулася ў струнку перад Яго Вялікасцю камода.
Шафа ж назірала за каралём моўчкі. Ён праставаў да яе, і ў беднай ад страху закруцілася галава. Шафа вырашыла, што кароль пакарае яе за непачцівасць, з якой яна гаварыла з ім днём.
Але ён паціху адчыніў дзверцы, дзе на палічцы стаяў абутак, і дастаў адтуль чаравікі брацікаў.
— Ваша Вялікасць,— нясмела завохкала шафа,— што Вы робіце? Рэчы павінны быць там, куды іх паклалі звечара!
— Не рыпіце без патрэбы! — угневаўся кароль.— Бо ператвару вас у друз! — пагрозліва дадаў ён, пацвердзіўшы самыя жахлівыя апасенні шафы.
Рашучасць Яго Вялікасці зрабіла цуд: з бездапаможнага караля на кіліме ён імгненна ператварыўся ў магутнага манарха. Рэчы недаўменна глядзелі на караля, які гаспадаром хадзіў па вітальні, але пытацца нешта ўжо не адважваліся.
А кароль зняў карону і гарнастаевую мантыю і паклаў іх на падлогу. Закатаў рукавы... і пачаў выцягваць з чаравікаў шнуркі. Пасля ціхенька пракраўся на кухню, загадаў веніку наскрэбці хоць трошкі пылу і выпацкаў ім абутак.
Чаравікі, звечара начышчаныя да бляску, захныкалі.
— Ваша Вялікасць, гэта несправядліва. Рукам столькі часу спатрэбілася, каб навесці на нас глянец...
— Чыім рукам? — строга спытаў кароль.
— Маміным, вядома,— румзалі чаравікі.
— Цыц! — прыкрыкнуў на іх кароль.— Маміным! Вы каму служыце? Хлопчыкам? Няхай яны вас і даглядаюць! Бо калі раптам маміных рук не будзе побач, у што вы ператворыцеся? А што чакае змену, якая прыйдзе на ваша месца? Служба неахайным гаспадарам?
Пра будучыню чаравікі ніколі не задумваліся. Але словы караля здаліся ім слушнымі. Таму яны сцішыліся.
Раніцай дом абудзіўся ад абуранага крыку хлопчыкаў.
— Мама, мы ж учора прасілі пачысціць наш абутак! — крычалі яны.— А ты толькі шнуркі дастала з іх!
Мама недаўменна глядзела на чаравікі. Пасля яна моўчкі пакратала свой лоб рукой — ці няма ў яе тэмпературы.
— Гэта ператамленне,— уздыхнула яна, бо добра, як ёй выдавала, памятала, што чысціла абутак.
— Цяпер мы спознімся ў школу! — галасілі сынкі.
Але на крык выйшаў з пакоя тата.
— Які сорам вінаваціць маму за тое, што яна не справіла вашай работы! — строга сказаў ён сынам.— Сёння вечарам я сам праверу, як вы пакінеце абутак.
Хлопчыкі незадаволена саплі, але спрачацца з татам не наважваліся. Мама ў пакаранне магла паставіць дзяцей па кутках, пазбавіць салодкага — гэта было ім крыўдна. А калі не паладзіць з татам, то пазбавішся і рыбалкі, і катання на машыне... Гэтага хлопчыкі вельмі баяліся. Яны моўчкі даваявалі з чаравікамі і пабеглі ў школу.
Пачаўшыся з гэтай раніцы, дзівосы працягваліся самым неверагодным чынам. Хлопчыкі заўважылі незвычайную акалічнасць. Варта было ступіць у вітальню ў брудных чаравіках, як можна было загрымець носам аб парог. Гэта кароль налаўчыўся ставіць падножкі і не шкадаваў хлопцаў, калі яны збіраліся натаптаць... У змове з каралём цяпер былі ўсе рэчы з вітальні. Шафа і камода сачылі за тым, каб хлопчыкі клалі на месца сваё адзенне. Калі яны самі прыбіралі на месцы рэчы, то знаходзілі іх без цяжкасцей. Калі за імі прыбірала мама — раніцай было не знайсці нічагуткі.
Асабліва ж стараліся чаравікі. Яны адчувалі, што становяцца цеснымі хлопцам і вось-вось іх зменяць на большыя. Так хацелася, каб у новага абутку не было прычыны папікаць папярэднікаў у неахайнасці. І чаравікі, начышчаныя хлопчыкамі ўласнаручна, абыходзілі гразь. А калі былі наваксаваныя чужымі рукамі — так і падбівалі ногі ні адной лужыны не мінаць.
Хочаш не хочаш, давялося брацікам пакрысе мяняць свае звычкі.
Абціраць бруд з абутку на вуліцы. Вешаць паліто на плечыкі. Класці сушыцца мокрыя сподкі. Шалікі і шапкі складаць на паліцы.
Каб заахвоціць брацікаў, кароль з кіліма падаваў каманды, якія чулі толькі рэчы: