Выбрать главу

Канешне, на мове немаўлятак гэта гучыць крыху па-іншаму. «Ку-га» — падасца вам. Але любячае сэрца ўсё зразумее, бо само чакала — дачакацца не магло гэтага імгнення...

Але з набліжэннем спаткання з мамай і татам здарылася нешта такое, чаго дзяўчынка не магла зразумець.

Тата ўсё радзей і радзей быў побач з мамай, а пасля надоўга знік. Калі з’явіўся, гаварыў не пяшчотным і добрым голасам, а чужым і халодным.

«Я больш цябе не кахаю, мы паспяшаліся з дзіцём...»

— А я, як жа я, тата? — разрывалася сэрца дзяўчынкі, але ніхто не пачуў гэты безгалосы крык.

Як балюча было дзіцятку! Але што магло яно зрабіць з чалавекам, які слухаў у дзяцінстве байкі пра бусла. І вось сам, як бусел, кінуў дзіця — і паляцеў у свет...

Нешта здарылася і з нядаўна пяшчотнай, вясёлай мамай. Яна больш не спявала, а толькі плакала і гневалася. І гнеў яе быў на жыццё, што расло ў ёй, на малюсенькую дзяўчынку, якая несла на Зямлю чароўную жалейку, каб некалі сыграць музыку вызвалення ад пакут...

«Усё з-за цябе,— скрозь слёзы паўтарала дзяўчынцы маці,— каб не ты, ён быў бы са мной...»

Якой пакутай адгукалася на кожную маміну слязінку і крыўднае слова душа дзіцяці! Чакаючы свайго з’яўлення на свет, дзяўчынка так палюбіла сваіх бацькоў, што не магла падумаць пра іх нічога дрэннага.

«Ад мяне столькі гора, я, відаць, вельмі благая, калі з-за мяне пайшоў ад мамы тата...» — плакала дзіця, захлынаючыся ва ўласных слёзках, але ніхто не чуў гэтага плачу.

А пасля мама зрабіла тое, што робіць далёка не кожная маці, нават калі яе пакідае тата дзіцяці.

Дачакалася з’яўлення на свет дачушкі і, нават не глянуўшы ў яе чыстыя-чыстыя вочы, сказала, адвёўшы ад усіх пагляд:

— Забярыце яе, мне яна не патрэбная...

Гэтай маме ў дзяцінстве лгалі, што дзетак знаходзяць у капусце. І яна, відаць, думала цяпер, што і народжанае ёй дзіця нідзе не дзенецца, вырасце само па сабе, як пустазелле на градах.

— Мамачка родная, прабач мне, я не буду благой, я ніколі цябе больш не пакрыўджу,— крычала ўслед жанчыне, якая знікала з вачэй, дзяўчынка.

Ад дзіцячага адчайнага «Ку-га! Ку-га!! Ку-га!!!» здрыгануліся нават мёртвыя бальнічныя сцены.

Абыякавае ж сэрца зачыніла за сабой дзверы, каб ніколі больш не чуць гэты незразумелы яму крык.

...На Зямлю ляцеў Анёл, каб прывітаць на ёй дзіця, прызванае сыграць чароўную музыку. Анёл прыслухоўваўся да крыку кожнага немаўляці на Зямлі. Голас гэтай дзяўчынкі ён адразу пазнаў бы сярод тысячы іншых, бо некалі ў Даліне Шчасця сам апекаваўся над ёй.

Але дзяўчынкі не было чуваць.

Тады Анёл стаў заглядваць ва ўсе вокны, адкуль струменіўся свет ад чыстых душ, нядаўніх жыхароў Чароўнай Краіны.

...У пустой бальнічнай палаце, на маленькім халодным ложачку ляжала спавітае дзіця. Яно ляжала ціхенька, не плакала, не звала, нават калі былі мокрыя пялюшкі ці хацелася есці. За кароткі адрэзак часу на Зямлі дзіця спасцігла, што галасіць — марна. Трэба цярпліва чакаць, пакуль нехта падыдзе.

У палату ўвайшла медсястра. Прывычным рухам нават не расхінула пялюшкі, а тузанула іх на сябе — і дзіцятка вылузнулася са сваёй пасцелькі. Медсястра таксама бяздумна як разгарнула, так і памяняла пялюшкі, торкнула ў роцік дзіцяці смочак і заспяшалася па справах.

Белы Анёл з зіхоткімі крыламі і сэрцам, вялікім і гарачым, як сонца, счарнеў ад гора, зразумеўшы, што дзіця — пакінутае...

Калі немаўляткі ўсміхаюцца, кажуць, што гэта анёлачкі іх дражняць. Гэта праўда, яны з’яўляюцца ў першыя месяцы жыцця дзетак і забаўляюць іх.

Але з гэтым дзіцем няможна было забаўляцца. У дзяўчынкі былі па-даросламу сур’ёзныя, збалелыя ад гора вочы.

Анёл апусціўся на край бальнічнага ложачка.

— Дзіця маё,— прамовіў Анёл да дзяўчынкі,— я магу вярнуць цябе ў Даліну Шчасця. Твая душа такая чыстая і лёгкая, што імгненна дамчыць да яе...

— Мне балюча, Анёл... — ціхутка ўздыхнула дзяўчынка.

— Бог пакарае тваіх бацькоў за тое, што кінулі цябе,— не сказаў, а прастагнаў Анёл.

— ...Але яшчэ горш маім бацькам, бо яны ж не разумеюць, што зрабілі,— сказала дзіця, сэрца якога знала толькі любоў і спагаду.— Раптам яны адумаюцца і вернуцца за мной. Дазволь мне застацца на Зямлі, Анёл, дазволь пачакаць сваіх маму і тату...

Анёл моўчкі пацалаваў дзіцячы лобік. Яго вялікае гарачае сэрца не магло не саступіць міласэрнасці дзіцяці.

Праходзілі дні за днямі. Дзяўчынка падрастала і гадавалася ў прытулку разам з такімі ж гаротнікамі, як і сама. Ва ўсіх дзяцей у гэтым доме было аднолькавае адзенне, аднолькавыя пасцелькі, посуд, пароўну на ўсіх ласункаў і ежы. І адна на ўсіх мара — каб знайшліся іх мама і тата.