Дом, дзе месціўся прытулак, стаяў недалёка ад мора. Вечарамі, перад заходам сонца, золатавалосай дзяўчынцы дазвалялі пасядзець на беразе, паслухаць гоман хваль.
Дзяўчынка брала жалейку, на якой да той пары вывучылася іграць, і старалася перакласці на музыку таямніцы, якія прыносілі з усяго свету хвалі і пакідалі ля яе ног.
Музыка атрымлівалася чароўная. Слухаючы яе, супакойвалася мора, засынала трава. Нават птушкі змаўкалі, саступаючы жалейцы.
Але дзяўчынка пакутліва шукала гукі, якія наканавана сыграць ёй, ёй адной,— і не знаходзіла.
І вось аднойчы села дзяўчынка на беразе мора і заплакала. Гарачыя слязінкі-кропелькі ўпалі ў ваду.
— Мора, можа, ты ведаеш, дзе шукаць тую музыку, якая падорыць людзям шчасце? Ёю поўніцца душа, а выказаць не можа,— роспачна спытала дзяўчынка.
На марской гладзі з’явіліся беласнежныя лебедзі. Трымаючы ў дзюбах залатыя ланцужкі, яны везлі за сабой сярэбраны човен.
— Вада мая салёная ад слёз, што праліваюць на Зямлі людзі. Але твае слязінкі самыя горкія, дачушка, бо твая музыка не складзецца на Зямлі без бацькоўскай любові!..— сказала мора.— Сядай у сярэбраны човен, дзіцятка, і гэтыя птушкі вернуць цябе ў Даліну Шчасця. Ніколі-ніколі там ты не будзеш плакаць, а жыццё пакарае людзей, якія кінулі і цябе, і музыку...
— Адпусці гэтых гордых птушак без мяне, мора, крышку пачакай! — узмалілася дзяўчынка.— Мае ж мама і тата не ведалі, што пакідаюць не толькі мяне! Я так люблю іх, так чакаю! Вось убачыш, мора, яны адумаюцца, вернуцца, і тады я ўсё змагу!
Цяжка ўздыхнуўшы, далёка-далёка за далягляд аднеслі марскія хвалі белых птушак з сярэбраным чоўнам.
Мора пацалавала ножкі дзяўчынкі цёплым дотыкам хваль — і растварыла свой гнеў у незямной дзіцячай спагадзе.
Праз некалькі дзён у дзверы прытулку пастукаліся мужчына і жанчына. Яны былі вельмі багатыя, а вось дзяцей не мелі. Таму хацелі ўзяць сабе на выхаванне дзяўчынку або хлопчыка.
У прытулку былі не супраць гэтага.
— Зараз дзеці гуляюць у двары,— сказалі наведвальнікам.— Паназірайце за імі і скажыце, да каго з іх ляжыць ваша душа.
Мужчына і жанчына адразу ўгледзелі золатавалосую дзяўчынку. Нават у Даліне Шчасця сярод чыстых і светлых душ яна была адметная сваёй прыгажосцю. Тут жа, на Зямлі, яна іскрылася, як кропелька расы ў сонечных промнях.
Наведвальнікі сказалі пра свой выбар у прытулку.
— За табой прыйшлі твае мама і тата,— жадаючы дзяўчынцы дабра, падманулі дарослыя.
Ад слоў, пра якія марылася ўсё жыццё, у дзяўчынкі абарвалася душа. Прыціснуўшы да сэрца жалейку, стаіўшы дыханне, яна пайшла да жаданых, родных, вымаленых у Бога людзей.
...Цяпер у дзяўчынкі ўсё было сваё: пакой у вялікім доме, мноства прыгожых сукенак і безліч цацак. Пра гэта маглі толькі марыць дзеці з прытулку.
Але чамусьці дзяўчынка тужыла мацней, чым раней.
Яе душа сціскалася, а сэрца плакала, калі яе прыбіралі, як ляльку, і хваліліся знаёмым:
— Вось якая прыгожая ў нас дачушка!
Чуткі пра незвычайную прыгажосць дзяўчынкі разнесліся па свеце, і паглядзець на яе прыязджалі людзі здалёк.
Дзяўчынка была як водблеск сонейка на роснай траве. Але такая туга жыла ў яе вачах, што ніхто не мог глянуць у іх не сумеўшыся.
— Яна прыгожая, але такая сумная! Можа, яе крыўдзяць бацькі? — пачалі шаптацца людзі.
Адкуль ім было ведаць, аб чым тужыць дзіця!.. У яе з’явіліся мама і тата, але гукі, якімі поўнілася душа, адмаўляліся выліцца ў музыку.
Названыя ж бацькі задорвалі дзяўчынку цацкамі, падарожжамі, самымі дарагімі ўборамі. І, не дабіўшыся весялосці сваёй прыёмнай дачушкі, пачалі папікаць яе:
— Няўдзячная! Чаго, скажы, ты не маеш? Мала ў каго ёсць дзесятая доля твайго дабрабыту, а ты ўсё сумуеш. Скажы, што табе трэба?
— Вашай любові,— выдыхнула дзяўчынка, але сваім адказам яшчэ больш угнявіла бацькоў: яны верылі, што сытае жыццё — і ёсць любоў.
— Досыць марнаваць час за ігрой на жалейцы! — быў іх прысуд.— Пара заняцца якой-небудзь вартай справай!
І ў дзяўчынкі аднялі жалейку.
Пасля паклікалі цырульніка, каб пастрыг ёй залатыя косы — вырашылі, што ў пансіянаце, куды намерыліся аддаць яе на вучобу назаўтра ж, некаму будзе даглядаць іх.
Дзяўчынка моўчкі выслухала прысуд дарослых. Яна падняла на іх свае чыстыя вочы і глянула ў самае сэрца сваім бацькам.
І сэрцы іх выдалі праўду, сказалі, што прыёмныя бацькі — не сапраўдныя мама і тата. Сапраўдныя бацькі ніколі не пастрыглі б косы, якімі любаваліся нават Анёлы ў Даліне Шчасця. І не адабралі б у яе жалейку.