У чаканні раніцы дзяўчынка села ля акна і стала бяздумна глядзець у ноч: заўтра для яе пачнецца новае, пазбаўленае сэнсу жыццё. Сэрца яе знямела, а з душы пайшла музыка.
Было так балюча, што боль не адчуваўся: абыякавасць скавала і рухі, і памкненні душы.
З неба падалі зоркі, распускаючыся на рачной гладзі белымі лілеямі — але гэта ўжо не кранала яе сэрца.
Цвыркуны спявалі калыханку Зямлі — але яна не чула іх замілаванага гоману...
Чаканне мамы і таты, прага сустрэчы з імі была марнай...
Туга па бацьках змянілася сумам па далёкай, нябачнай, некалі пакінутай Даліне Шчасця...
Месяц на небе не вытрываў маўклівай дзіцячай роспачы. Ён наблізіўся да акна, ля якога сядзела дзяўчынка:
— Сядай мне на ражок, мілае дзіця. Душа твая ўсё такая ж чыстая і лёгкая. Мы імгненна даімчым у Даліну Шчасця!..
На гэты раз дзяўчынка не стала пярэчыць. Яна села на ражок месяца і абвіла яго рукамі.
Месяц паплыў над соннымі гарадамі, якія разам з дазнанай у пытаннях бяспекі паліцыяй і магутнымі ўзброенымі войскамі бераглі начны спакой на Зямлі.
Не ведалі яны, што спакой аддаляецца ад Зямлі разам з маленькай дзяўчынкай, заснуўшай на серпіку месяца.
Так і не адумаліся, не вярнуліся яе мама і тата. Так і не давялося сыграць ёй музыку, якая памірыла б усіх людзей на Зямлі.
...Высока-высока за воблакамі, там, дзе пачынаецца мяжа неба з Далінай Шчасця, дзяўчынку чакаў Анёл. Некалі зіхоткія яго крылы ад гора сталі чорнымі, як ноч. Асцярожна, каб не патрывожыць, ён зняў з ражка месяца дзіця. Пасля дастаў залатыя нажнічкі і састрыг з неба яго зорачку...
Гора Зямлі! Так паранілі сэрцайка дзіцяці людзі, што нават гаючае паветра Даліны не можа вылечыць яго. Не бегае басанож па мяккім мурагу Даліны Шчасця золатавалосая дзяўчынка. Спіць яна ў калысцы з сонечных промняў.
Смуткуюць Анёлы. Бо, пакуль спіць дзяўчынка, спіць разам з ёй і чароўная музыка. Не скора цяпер пачуе яе Зямля. А без яе не аціхнуць на планеце войны, не адтаюць чалавечыя сэрцы...
Ёсць толькі адзін спосаб абудзіць дзіця, вярнуць зямлі музыку збавення. Магчыма, мой дарагі, што абуджэнне золатавалосай дзяўчынкі залежыць і ад цябе.
Ты ж некалі вырасцеш, станеш дарослым. І ў тваё жыццё і жыццё чалавека, абранага табой, пастукаецца адпраўленае небам на свет Божы дзіця. Любі яго і помні, што шанаваць даверанае табе Богам жыццё — найпершы абавязак. Колькі людзей на Зямлі ўспомніць пра гэта — столькі анёлкаў на небе ўсміхнецца.
І калі не застанецца ні аднаго сумнага, тады і прачнецца золатавалосая дзяўчынка.
Дадуць ёй у рукі чароўную жалейку. І па месяцовай дарожцы — а можа, на нітачках дажджу ці на крылах ветру — спусціцца яна на планету, дзе жывеш ты, дзе будуць жыць твае дзеткі. Яна будзе іграць, а музыка збавення расквітнее ў кожным сэрцы кветкай дабрыні. І тады Далінай Шчасця стане ўся Зямля. Во калі ўжо можна будзе нагуляцца са звярамі, наплавацца з рыбамі, налётацца з птушкамі! У Даліне ж Шчасця ўсё жывое сябруе і ніколі не крыўдзіць адно аднаго.
Помні пра гэта. І няхай, калі ты вырасцеш, ніколі з-за цябе не льюць слёз дзеткі.