Выбрать главу

Гэты дзядуля быў добрым чараўніком. Збалелася ў яго душа, гледзячы, як нядбайна гаспадараць на зямлі людзі, як перарабляюць яе згодна сваім жаданням. То рэкі выпрамляюць, то балоты асушаюць. А пройдзе час — агледзяцца, што нешта не тое зрабілі, пачынаюць рэкі ў старыя рэчышчы вяртаць, балоты аднаўляць... Але пакуль тое, гаруе ўсё жывое на зямлі. Многія расліны, птушкі ды жывёлы знікаюць — тады людзі запісваюць іх у спецыяльныя кнігі і дадаюць да іх малюнкі ці фотаздымкі — вось так выглядала тое, чаго цяпер на зямлі не адшукаеш.

Вельмі не падабалася гэта добраму чараўніку. «Разумнікі! —дакараў ён людзей.— Кніжкі ладна складаюць. А ці думаюць, што дзецям іх ды ўнукам трэба не па кніжках ведаць зямлю і жыццё на ёй. Напэўна ж, ім таксама захочацца і пад шатамі дрэў пагуляць, і прыгожымі кветкамі палюбавацца...»

 І вось у сваіх гадавальніках вырасціў чараўнік казачнае дрэўца і навучыў яго чалавечай гаворцы. І наказаў: «Расказвай людзям тое, што пачуе пад зямлёй тваё карэнне. Можа, так мы навучым разумець іх голас зямлі».

З гэтым наказам і перайшло дрэўца людзям.

Яно добра прыжылося ў садзе і хутка пачало квітнець. Як толькі лопалася пупышка і раскрывалася новая кветка, так і новая гісторыя на свет нараджалася. Дрэўца ціхутка шапацела лістотай, апавядаючы наваколлю пра думкі-мары зямлі, пра сокі, якімі поўняцца яе нетры, даючы жыццё ўсяму жывому, пра нялёгкую працу карэньчыкаў, якія здабывалі гэтыя сокі...

Слухаючы дрэўца, сад квітнеў, як ніколі раней. Гаспадар жа са здзіўленнем заўважыў яшчэ адну асаблівасць дрэўца, пра якую яму нічога не было сказана. Дрэўца расло і квітнела само па сабе, насамрэч сваімі казкамі. Іншым дрэвам патрэбен быў дагляд — угноіць глебу ля карэння, пабяліць ствол, падрэзаць сукі... Гэта ж дрэўца жыло сваім натхненнем.

Прайшло нямнога часу з той пары, як дрэўца пасадзілі ў садзе, і пра яго стала вядома ўсяму наваколлю. Асабліва ўзрадаваліся дзеці — усяму свету вядомыя аматары казак. Яны сталі прасіць у гаспадара дазволу паслухаць дрэўца.

— Што ж, прыходзьце. Кожную суботу і нядзелю можаце наведвацца ў мой сад,— згадзіўся гаспадар.

Ах, як радавалася дрэўца сустрэчы з дзецьмі! Многія яго слухачы былі такія маленькія, што іх прынеслі на руках да дрэўца мамы. Большыя прыйшлі самастойна, і з імі дрэўца пачало гаворку.

— Як вы думаеце, што такое зямля? — запыталася яно.

— Гэта тое, на чым мы стаім, па чым ходзім...

— На ёй пабудаваны дамы, у якіх мы жывём...

— На ёй растуць дрэвы і кветкі...

— Яна трымае ваду, без якой мы не можам жыць,— разважалі дзеці.

— Яна — самая галоўная мама ўсім людзям,— падагуліў хлопчык, які да гэтай пары ціхенька стаяў збоку.

— Ты сказаў самае галоўнае,— ухваліла дрэўца.— А як зямля — усім нам маці, то людзі павінны любіць яе і паважаць, як кожны паважае і любіць сваю матулю. Як вы думаеце, што можа стаць з чалавекам, які зневажае зямлю, брыдкасловіць на ёй, плюе ёй у твар, кідае ёй у вочы смецце, агаркі ад цыгарэт?

— Ён стане цмокам? — ад жаху ў дзяўчынкі з ружовымі каснічкамі ў косках акругліліся вочы.

— Ён стане цмокам, а гэта страшная кара для таго, хто народжаны чалавекам,— пагаджалася дрэва.— А як вы думаеце, ці зможа цмок стаць чалавекам зноў?..

Так гаманіла-пыталася дрэва. Разважаючы разам з ім, дзеці нібы самі складалі казкі. І трывала засвойвалі іх мудрасць, бо дрэва не проста пераказвала тое, што ведала само, а вучыла дзяцей думаць.

Ці трэба казаць, што на кожную наступную сустрэчу з дрэвам прыходзіла ўсё больш і больш дзетак? На памяць пра знаёмства дрэўца кожнаму з іх укладала ў далоньку маленькае крылатае насенне.

Як ніколі раней, у гаспадара сада добра ішлі справы. Пакупнікоў садавіны стала намнога больш, бо сад праславіўся сваім дрэўцам, людзі ішлі паглядзець на яго і паслухаць. А заадно куплялі ўсё тое, чым быў багаты сад.

— Пашанцавала табе з дрэвам, дружа,— казалі гаспадару знаёмыя. Але ён не вельмі любіў, калі хвалілі не яго дбайнасць, а незвычайнасць дрэва.

— У мяне і раней справы ладзіліся,— адмахваўся ён.— Пры чым тут дрэва?

Праз пэўны час дзіцячы гоман і бегатня па садзе сталі дакучаць гаспадару. Ведама ж, дзеці — толькі пільнуй і не дапільнуешся, каб у шкоду не ўлезлі. Траву прымнуць, бегаючы, ці страсяне які свавольнік дрэва, самавольна пачастуецца яго пладамі... Дрэўца за гэта ўшчувае, вучыць дзяцей, як сябе паводзіць — выхоўвае.  «Але ж пакуль яны засвояць навуку, сад можа панесці вялікія страты»,— стрэмкай засела думка ў гаспадара.