Выбрать главу

А тут яшчэ сярод дрэў у садзе незадаволеныя знайшліся.

— Гэтыя дзеці зневажаюць сад,— капрызіліся яны.— Возьмуцца есці яблык ці, скажам, грушу — аніякага імпэту на твары. З’ядуць — і забудуцца. А дрэўца гэта казкі свае баіць — слухаюць не схамянуцца. Чаму навучацца? Толькі разважаць, а якая ад гэтага карысць?..

І, урэшце, незадаволеная большасць дрэў паставіла гаспадару ўмову: калі хоча ён і найдалей збіраць багатыя ўраджаі, павінен пазбавіць сад ад непатрэбных апавяданняў дрэва і ад яго надакучлівых наведвальнікаў.

Гаспадару цяжка было пярэчыць дрэвам, што прыносілі дабрабыт яго сям’і. Да таго ж і яго самалюбства закранала казачнае дрэва. Толькі яго і хвалілі, толькі пра яго і гаварылі ў наваколлі. Быццам няма заслугі гаспадара, што гэты сад квітнее.

І вось ён абвясціў аб продажы дрэўца. Ахвотнікаў купіць яго знайшлося шмат, купцоў панаехала з усяго свету. А дасталося дрэўца садоўніку з далёкай цёплай краіны — гэта быў той пераапрануты чараўнік, у якога гаспадар калісьці і набыў казачнае дрэўца. Узамен пакупнік даў гаспадару саду многа саджанцаў, з якіх меліся вырасці багатыя на ўраджай дрэвы.

Праводзіць дрэўца прыйшло ўсё наваколле. Дзеці, якія палюбілі яго, плакалі, не жадаючы расстання. А дрэўца гладзіла іх па галоўках сваімі лісточкамі і казала:

— Не сумуйце! Памятайце пра насенне, што я дарыла вам!

Новы ўладальнік не прыспешваў дрэўца. Ён дазволіў яму развітвацца са сваімі сябрамі столькі, колькі яно пажадала. А пасля беражліва прыстроіў дрэўца на свой вазок і павёз у далёкую цёплую краіну.

«Рып-рып» — рыпелі колы. Яны і радаваліся таму, што незвычайнае дрэўца едзе з імі, і дзівіліся глупству гаспадара, які не спасціг яго цаны.

На новым месцы дрэўца, пра якое пагудка па ўсёй зямлі ішла, чакалі з нецярпеннем. Дзеці і тут знайшлі яго, было з кім гаварыць і каму перадаваць таямніцы і мудрасць зямлі.

Дрэўца адразу пасябравала з новымі знаёмымі. Праўда, прыжыцца на новым месцы яму спачатку перашкаджала туга па былым садзе. Але вось ветрык прынёс добрую навіну. Яго маленькія сябры пасадзілі падоранае дрэўцам насенне, яно добра прынялося, хутка расце і кожны саджанец умее расказваць казкі!

Ах, як усцешыла гэта навіна дрэва! Яно старалася не дарма, цяпер у кожнага яе колішняга госця ёсць сваё незвычайнае дрэва. І яно дасць насенне. І хутка той край, адкуль саслалі яго сюды, на ласкавы, але далёкі поўдзень, заквітнее казкамі. Слухаючы іх, будуць падрастаць дзеці. А калі стануць вялікімі, то ніколі не змогуць зрабіць зямлі дрэнна...

І гэтыя мары дрэўца пупышкамі лопаліся і ператвараліся ў новыя казкі для новых слухачоў. А яны, у сваю чаргу, бралі насенне ад  незвычайнага дрэўца...

А гаспадар таго саду, адкуль прагналі дрэўца? Што з ім, хацелася б вам ведаць?

Вырошчвае садавіну, есць яе поўніцай. Прадае, але вельмі ж яму трэба пашчыраваць, каб сабраць пакупнікоў у свой сад.

З упартасці не прызнаецца, што незвычайнае дрэўца ўсё ж нямала спрыяла ў яго справах.

Але людзі ведаюць гэта і так. І шукаюць тыя сады, дзе можна пачуць ад дрэў незвычайныя казкі.

Ганарлівыя ружы

Кароль аднаго паўночнага каралеўства вельмі любіў кветкі. Што толькі не расло ў садзе ля яго палаца! Пералічваць — толькі час марнаваць. Тым больш што назвы многіх раслін мы з вамі і не вымавім, не маючы спецыяльнай адукацыі. Жартачкі! Пад адкрытым небам і ў аранжарэях каралеўства былі сабраныя расліны з усяго свету.

Але сярод разнастайнасці свайго кветніка кароль вылучаў усім вядомыя ружы. Як добра падумаць, то і нам з вамі ёсць чым ганарыцца. Калі да тваіх знаёмых прыхільна ставіцца  каранаваная асоба, адчуваеш прыемную еднасць з каралеўскім дваром...

Але гаворка не пра нас, і нават не пра караля. Ён сваю справу зрабіў — даў жыццё вялікаму саду, дзе кветкі былі гаспадынямі. А ружы сярод іх — каралевамі.

Пра іх наша апавяданне.

Прамыя сцябліны, горда паднятыя ў неба галоўкі з аксамітнымі пялёсткамі, тонкі водар і недатыкальныя шыпы — усё гаварыла пра высокае паходжанне руж.

Аглядаючы кветнікі, кароль нястомна паўтараў: «Гэта лепшыя ў свеце кветкі». Яго словы падхоплівалі прыдворныя, і кожная травінка ў садзе чула іх захопленае вохканне.

«Яны самыя-самыя...»— услед за людзьмі пачыналі шаптаць кветкі. Астры ўтрапёна круцілі сваімі зорнымі галоўкамі, гладыёлусы выцягваліся ў поўны рост, каб паслаць ружам гарачы пацалунак, вяргіні папраўлялі пышныя сукенкі — нягожа быць неахайнымі побач з суседкамі-прыгажунямі...

І ружы заганарыліся.