Раніцай, калі сонечныя праменьчыкі збіралі з кветак расу, ружы шапталі ім: «Раса з нашых пялёсткаў самая каштоўная ў гэтым садзе!» — і былі ўпэўнены, што гэта дзеля іх так беражліва нясуць праменьчыкі крыштальныя вядзерцы на неба.
Цёплымі днямі, калі пчолкі шчыравалі, шукаючы нектар, ружы паўтаралі: «Вам выпаў гонар кранаць нашы пялёсткі».— І здавалася ганарліўкам, што гэта ім пчолкі ўдзячна зумкалі, па крупінцы здабываючы мёд.
А ціхімі вечарамі, слухаючы салаўіныя песні, ружы паблажліва ўсміхаліся птушкам: «Не кожнаму выпадае шчасце спяваць для нас...» І калі салоўкі выводзілі такія каленцы, што зоркі, заслухаўшыся іх спеваў, пачыналі падаць з неба ў росную траву, ружы верылі, што гэта ім салютуе начное неба.
Закаханым у сябе кветкам здавалася, што жыццё ў садзе круціцца вакол іх прыгажосці. Многія жыхары саду таксама былі шчыра ў гэтым перакананыя.
Акрамя кветак у садзе раслі дрэвы. Самым старым і мудрым сярод іх быў дуб.
Яго магутны ствол крэпка абдымаў павой. Гэта слабая расліна толькі так і магла жыць, моцна зачапіўшыся за што-небудзь трывалае. Але такое сваяцтва з дубам — няхай не кроўнае, а пажыццёвае — і яму давала права на ўласныя развагі.
І ён, абдымаючы магутны ствол дуба, шаптаў услед за ўсімі ружам: «Яны адзіныя!»
Але мудрае дрэва пра ўсё мела свае меркаванні. У адказ на замілаванае вохканне павою яно паднімала яго на верхнія свае галіны і казала:
— Глядзі, там, ля сялянскіх хат, ружы, нічым не горшыя за нашыя. Усяго розніцы, што растуць яны па-за межамі каралеўскага саду...
— Фі, вы чулі, паненкі, што кажа гэта грубае дрэва! — грэбліва крывіліся прыгажуні, да якіх вецер даносіў словы дуба. — Дадумацца параўноўваць нас з кветкамі ля сялянскіх хат! Нашым водарам дыхае сам кароль і яго прыбліжаныя. І таму мы, несумненна, уплываем на ход дзяржаўных спраў! Ці могуць пра такое марыць ружы з простых кветнікаў?
Па садзе лёталі матылькі. Яны былі такія прыгожыя, нібы паднятыя ў паветра кветкі. І таму кветкі вельмі любілі сваіх крылатых сяброў.
Але, у адрозненне ад кветак, матылькі глядзелі на жыццё шырэй, бо не былі прывязаныя карэньчыкамі да аднаго месца. І яны заўсёды згаджаліся з дубам, калі гаворка тычылася адметнасці руж з каралеўскага саду.
— Знаёмы нам ружавы куст ля хаткі з чарапічным дахам там, за горкай, цешыць хворага хлопчыка. Ён не можа хадзіць, і ружы для яго — цэлы свет... — казалі матылькі, нямала злуючы ружы сваімі навінамі.
— Ах, ведаем мы гэтых няўдачнікаў, усе яны некага цешаць,— круцілі каралеўскімі галоўкамі ружы,— але ўсе мараць трапіць на нашае месца. За намі тут такі дагляд — кожны пазайздросціць.
— Канешне, дагляд належны,— спрабаваў прыструніць дуб задавак.— Уся ваколіца стараецца дзеля вас. Лепшых садоўнікаў адпраўляюць у каралеўскі сад, з самых чыстых ручаін ваду вам на паліў носяць. Варта б помніць вам пра гэта і не зазнавацца...
— Абы-каму не насілі б,— не сунімаліся ганарліўкі.
А найпрыгажэйшая з іх напышліва павучала:
— Так захацеў лёс, а ім, дарэчы, яшчэ і распарадзіцца трэба ўмець. Вось я — сапраўдная гаспадыня свайго лёсу. Яшчэ кволым парасткам у разарыі ведала многія ружавыя кусты. Адзін з іх нават сватаўся да мяне. Ці не той, што расце ля хаткі з чарапічным дахам? Гэта так падобна на яго, ён любіў пра самаахвярнасць паразважаць. Колькі разоў казала яму я — усміхайся кожным пялёсткам, калі каралеўскі садоўнік выбірае саджанцы для саду. Не слухаў. Паўтараў, што радасць створана для ўсіх — і вось трапіў невядома куды. Ну і няхай сабе гібее цяпер! Хаця — шкада, прыгожы быў, дурань. У мяне ж, дзякаваць Богу, хапіла розуму не адгукнуцца на яго заляцанкі, я ведала, каму пасміхацца,— і вось, я тут...
Згодныя са сваёй сяброўкай, ружы дружна ківалі галоўкамі.
Так ішлі дні за днямі. Ружы надыхацца не маглі сваім уласным водарам, нахваліцца сваім веданнем жыцця. А між тым яно рыхтавала ім неспадзяванкі. Пахіснулася здароўе старога караля. І, як ні шкада яму было пакідаць сваю дарагую радзіму, ён мусіў ехаць у цёплы край, бліжэй да мора. Палац з безліччу кветак кароль пакідаў маладому прынцу.
У прынца ж былі свае меркаванні пра тое, што добра і што дрэнна. Былі і ўлюбёныя кветкі — але не ружы. Захапленне імі ён лічыў старамодным.
І вось надышоў дзень ад’езду караля. З гэтай нагоды ў палацы ладзіўся баль. Аздобіць залы было вырашана жывымі ружамі. Іх зрэзалі позна вечарам, перад пачаткам балю, каб да самай раніцы любімыя кветкі караля радавалі яго сваім водарам.
Калі ружы панеслі ў пакоі, сад спаў і не бачыў, як кветнікі апусцелі. Абудзіўшыся ж на досвітку наступнага дня, сад не пачуў звыклага шэпату каралеўскіх пястунак пра сваю прыгажосць.