Выбрать главу

— А куды падзеліся нашы ружы? — пыталіся адна ў адной кветкі.

Павой, які пакрысе дабраўся ўжо на вяршаліну дуба, выцягнуў свае лісточкі і напружыўся, аглядаючыся па баках.

— Вунь яны, у каралеўскіх пакоях! — захоплена выдыхнуў ён, пабачыўшы праз адчыненыя вокны букеты ў шыкоўных вазах. І не ў стане стрымаць замілавання, абмяк і споўз уніз.

— Які гонар, якое жыццё! — зашапталіся кветкі, дакорліва пазіраючы на дуб.— А некаторыя сумняваліся ў высокім прызначэнні руж. Кожнаму можна марыць пра такі лёс!

Але дуб моўчкі шапацеў лістотай. На чужы раток не накінеш платок, увесь свет не перайначыш. Ды і не варта займацца гэтым мудраму дрэву. Высокі дуб бачыў тое, што было недаступна погляду нізенькіх кветак: варта было каралю выправіцца ў дарогу, як ружы выкінулі, не зважаючы на колішнія заслугі ў аздобе саду, забыўшыся на нядаўняе захапленне іх водарам.

На галоўныя кветнікі саду пасадзілі белыя лілеі — любімыя прынцам кветкі. Яны, як і ружы, адразу ж пачалі хваліцца сваёй адметнасцю, а сад узяўся ім падпяваць, як некалі падпяваў і ганарліўкам-ружам.

Праведаць каралеўскія кветнікі прыляцелі матылькі. Радасна махаючы крылцамі, наперабой расказвалі яны, што ўстаў на свае ножкі хлопчык з хаткі пад чарапічным дахам. Ён сам ужо даглядае свой ружавы куст і даў слова стаць садоўнікам, як вырасце.

Той, хто ведаў цану жыццю, шчасліва ўсміхнуўся навіне.

Тыя, хто помніў ружы ў раскошных вазах палаца, віталі фаварытак маладога прынца ў садзе.

А сонца, як было спрадвеку, адпраўляла праменьчыкі збіраць расу.

Шчыравалі працаўніцы-пчолкі, напаўняючы вуллі мёдам.

І таксама, як было спрадвеку, у адказ на салаўіны пошчак падалі з неба зоркі.

Воблачка

Жыло-было Воблачка. Усё цікавіла яго: і адкуль сонейка ўзыходзіць, і куды спаць кладзецца, і чаму неба сіняе, а лес зялёны? Чаму яны, воблакі, плаваюць у небе, а істоты, якія завуцца людзьмі, ходзяць па Зямлі?

— Мама, а ты возьмеш мяне з сабой у Афрыку? — часта пыталася малое ў маці.

— Вазьму, толькі падрастай, будзь паслухмяным.

І Воблачка расло. З цікавасцю слухала расказы маці пра сваіх родзічаў, якіх яшчэ мала ведала: пра навальнічныя хмары, начныя і ранішнія. На савеце Белых хмар дня, стаіўшы дыханне, слухала пра розныя невядомыя землі. «Як цікава жыць!» — думала Воблачка.

Хутка яно пайшло ў школу. Так-так, не здзіўляйцеся, хмары таксама ў школу ходзяць. Там паважаная настаўніца з прыгожай белай шапкай валасоў, у доўгай, з блакітнымі гузікамі сукенцы, вучыла іх, малых хмарак, складанай навуцы: дзе і калі паіць зямлю вадой, каб яе хапіла раслінам.

Хутка стала Воблачку мала таго, што расказвала яму маці, што чула на савеце воблакаў.

— Мамачка, давай паплывём з табой куды-небудзь,— прасіла яно.

— Любае ты маё, пачакай трошкі,— адказвала маці,— шмат працы ў мяне цяпер. Сонейка высушыла лугі і палі, просяць яны дапамогі, трэба напаіць іх.

— Тады пусці мяне адно.

— Маленькае ты яшчэ. Заблудзішся, загінеш.

Не падабалася гэта Воблачку. Яно сябе даўно вялікім лічыла. І калі маці нагадвала пра ўзрост, яно надзімала вусны і адплывала ўбок. А пасля скардзілася сяброўцы:

— Больш не магу я жыць у няволі. Маці мая нічога не дазваляе: і туды не плыві, і гэтага нельга. Свет мне зрабіўся нямілы. Уцяку!

І вось аднойчы, калі ўсе, напрацаваўшыся, спалі, Воблачка ціхенька адплыло ад дому і паімчала па небе.

— Які прастор! Якая прыгажосць! Зорачкі іскрынкамі ў небе рассыпаліся! — любавалася Воблачка. — І, галоўнае, ніхто не бурчыць, не трымае  ля сваёй спадніцы.

Так дзень за днём, ноч за ноччу, плыло па небе Воблачка. Радавала яго і сонейка, і шчабятанне птушак, якія лёталі ў блакітнай вышыні. Аднойчы яно нават начавала на ражку серпіка месяца.

«Вось будуць мне сяброўкі зайздросціць!» — ганарліва думала яно.

А маці Хмара тым часам не магла знайсці сабе месца, не ведаючы,  дзе шукаць сваё дзіця. Ніхто нічога пра Воблачка не ведаў — так далёка адплыло яно ад дома. Плакала, плакала маці ад гора, пакуль зусім не сцякла на зямлю.

А Воблачка бесклапотна гуляла па небе. Усё было добра, але аднойчы загрукатаў злосны Гром, неба шпурнула тысячы маланак у бараду старому задзіру Ветру і тут такое пачалося! Вецер налятаў на маланкі, яны ж у адказ лупцавалі яго сваімі гарачымі  бізунамі. І Вецер шалёна гнаўся за гарэзамі. А разам з ім ляцела і Воблачка. Так няўтульна было яму, так страшна!

— Мамачка! — закрычала яно, упершыню ўспомніўшы пра яе. І Воблачку раптам так захацелася апынуцца дома, прытуліцца да матулінага пляча і пачуць: «Маленькае ты маё!»