— Вецер, не гані мяне, адпусці! — прасіла Воблачка.
Ды хіба мог нешта пачуць Вецер у такой шалёнай пагоні. І ляцеў ён наўздагон за маланкамі, цягнучы за сабой Воблачка.
— Што ты, малеча, тут поўзаеш? — раптам сярдзіта зашыпела велізарная зломаная Маланка. Крывуля схапіла яго сваёй вогненнай лапай і адкінула далёка ўбок.
Тут было ўтульна і зацішна. Крыху аддыхаўшыся, Воблачка агледзелася. Дык гэта ж яе родныя мясціны! Хутчэй дадому! І Воблачка, забыўшыся на ўсе нягоды, кінулася дахаты. Нецярпліва пастукала ў дзверы, потым у вокны. Але ніхто яму не адказаў.
— Напэўна, мама на працы, яна хутка вернецца,— супакойвала сябе растрывожанае Воблачка.
Паўз яго праплывала старая бабуля Хмара.
— Ну што, з’явілася? — дакорліва паківала яна галавой. — Ад смутку па табе загінула твая маці.
— Мама, матуля! — загаласіла Воблачка, уражанае такой страшнай навіной.
Ды не адказала яму прыветным словам бяздонная вышыня.
Пустым, пахмурным стала некалі прыветнае блакітнае неба...
Пых і Пух
Надышла зіма. Нізка над зямлёй паплылі хмары. Яны сыпалі снегам на палі, лясы — укрывалі іх белымі пярынамі. Кожная хмара ткала свой дыван. Адзін да аднаго клаліся яны на зямлю высокімі сумётамі: ратавалі ад маразоў карэньчыкі кветак і траў, заснуўшых пад зямлёй да наступнай вясны. Хмары шчыравалі, аздабляючы белыя палотны ўзорамі са сняжынак. На адным дыване красавалі кветкі, на другім сняжынкі снаваліся ў стужку ракі, на трэцім ткаўся лес... Хмары нібы пераказвалі тое, што бачылі, вандруючы па свеце.
Сярод сталых хмар былі дзве маладзенькія. Адну з іх звалі Пух — за мяккія курчавыя валасы і лагодны характар. Другую — Пых, за тое, што яна не прамінала магчымасці пасварыцца і пабурчэць.
Яны ткалі зімовы дыван упершыню. І калі пачыналі ставіць кросны, Пух прапанавала:
— А давай працаваць разам!
Але Пых не згадзілася, ёй карцела самой саткаць такі дыван, пра каторы гаварыла б усё наваколле.
— Не, даражэнькая! Ты прыдумвай свой узор, а я — свой.— Пых адцягнула свае кросны ад сяброўчыных і пачала ткаць вясёлку.
Да вечара завіхалася хмарка. А калі сонейка пайшло на спачын, рушыла паглядзець, чым займалася прыяцелька. Як жа здзівілася хмарка, убачыўшы вясёлку і на яе палатне!
— Ты,— закрычала Пых,— падгледзела мой узор!
— І не думала,— апраўдвалася Пух.— Проста мне ўспомніўся той дзень, калі мы гасцявалі ў вясёлкі...
— Ну, добра, калі так,— буркнула Пых. Але, прыйшоўшы дадому, кросны адцягнула яшчэ далей.
З таго часу страціла Пых спакой. Гляне на сяброўчыны кросны, а там якраз тое, што надумалася рабіць яна. Сварыцца хмарка, крыўдуе і не разумее, што летам яны разам вандравалі і вось цяпер не могуць ніяк іх успаміны разбегчыся-размінуцца.
Пачне Пых ткаць жураўліны клін, што ляціць у вырай,— і на дыване Пух птушкі крыламі махаюць. Пых злуецца, патрабуе, каб Пух зняла свае кросны. Нарэшце лагоднай Пух усё гэта абрыдла.
— Не хочаш працаваць,— сказала яна,— не замінай мне. А надумаеш вярнуцца — калі ласка, разам пачнём зоркі і месяц маладзічок ткаць...
Пых не была гультайкай. Сяброўкі памірыліся і шчыра ўзяліся за работу. Крыштальнымі зоркамі ззялі на дыване сняжынкі. Суседкі-хмары заглядвалі да іх, дзівіліся і хвалілі: «Які цудоўны ўзор! Хто прыдумаў яго?»
Шчаслівая Пух усміхалася. А Пых дзьмулася крыўдліва: «Гэта ж Пух прыдумала малюнак. Я толькі дапамагала гэтай ганарліўцы. Цяпер усе будуць гаварыць, што я няўмека, ні на што не здатная... Вось вазьму і перацягну дыван на свае кросны...»
І Пых пачала хітрыць:
— Ой, нешта галава разбалелася! Пух, даражэнькая, папрасі ў доктаркі лекаў.
Занепакоеная Пух адразу ж выбралася ў дарогу. Толькі яна адплыла, як Пых пачала тузаць дыван, каб сцягнуць яго з кроснаў. А дыван выткаўся вялікі, цяжкі. Адной не пад сілу здужаць яго. Раз, другі тузанула хмарка за край — і малюнак парушыўся. Сняжынкі пасыпаліся долу, а месяц маладзічок стаў абломкам.
— Што ж я нарабіла! — спалохалася Пых.
Яна лавіла сняжынкі, спяшалася прыладзіць іх на ранейшае месца, але дарма. І яна заплакала: «Як апраўдацца? Што сказаць?»
Пух тым часам вярнулася ад доктаркі. Убачыла заплаканую сяброўку і пачала суцяшаць:
— Я прынесла лекі. Зараз вылечым цябе!
Пых заплакала яшчэ мацней:
— Даруй мне, Пух! Я благая, зайздросная хмарка. Хацела перацягнуць дыван на свае кросны — і ўсё сапсавала!
— Не плач, Пых! Давай лепш справай займацца, а не тое засмяюць нас суседзі.