Вось і мост, дзе трэба павярнуць. Але што гэта? Таня прыслухалася. Нехта страляе і зусім блізка. Спачатку Таня хацела хутчэй пабегчы, а потым спынілася і вырашыла паглядзець, што там робіцца.
Таня асцярожна, шмыгаючы з куста ў куст, пачала прабірацца ў той бок, адкуль чуліся стрэлы. Тое, што яна ўбачыла, вельмі здзівіла яе. Недалёка ад моста стаяла паліцэйская машына са спушчаным колам. Капітан Вагнер і Антак, сашчапіўшыся, качаліся па зямлі, равучы, як падбітыя звяры. Двое паліцэйскіх, з якіх адзін быў шафёрам, ляжалі забітыя. «Што гэта такое?»
І раптам Таня ўбачыла маленькі жоўты сакваяжык Карнея Пракопавіча, які ляжаў на траве.
З грудзей дзяўчынкі ледзьве не вырваўся крык радасці. Яна ўмомант падскочыла да сакваяжыка, схапіла яго і кінулася, што было Духу, далей ад гэтага месца. Так нечакана паперы доктара зноў апынуліся ў савецкіх людзей.
Як гэта здарылася
Расправіўшыся з доктарам, Антак, капітан Вагнер і двое паліцэйскіх селі ў машыну. Узняўшы хмару шэрага пылу, машына знікла за паваротам дарогі.
Антак сядзеў і думаў. Невясёлыя думкі былі ў яго. Ён бачыў, як пад ударамі Савецкай Арміі ламалася лінія нямецкай абароны, як уцякалі хвалёныя фашысцкія дывізіі, як паток раненых з усходняга фронту запрудзіў літаральна ўсе дарогі. І яго вера ў гаспадароў, якім ён аддана служыў гэтыя гады, — пахіснулася. У апошні час ён усё часцей і часцей задумваўся над тым, як уратаваць сваю скуру. «Зноў эміграцыя, — з жахам думаў Антак, — бяспраўнае існаванне, злыя кпіны і жарты…» Праўда, яны з бацькам цяпер улічылі ўсе магчымыя змены і правялі адпаведную падрыхтоўку. Іх сейф быў амаль да краёў напоўнены золатам. А з золатам і ў эміграцыі пражывеш.
Машыну высока падкінула на выбоіне. Маленькі жоўты сакваяжык таксама падскочыў і ўдарыў па каленях капітана. Той раптам павярнуўся да Антака і радасна загаварыў, ткнуўшы пальцам у сакваяжык.
— Цудоўная знаходка! Гэтыя паперы не маюць цаны. Я накірую іх у Берлін, і там хутка асвояць здабычу новага супрацьсухотнага прэпарата. Мой цесць — гаспадар буйнага фармацэўтычнага завода ў Германіі. Мільёны будзе заграбаць…
Пры слове мільёны Антак насцеражыўся. «А чаму б мне не захапіць гэтыя паперы? За граніцай я змог бы выдаць сябе за вучонага-вынаходцу, які вынайшаў выдатны сродак барацьбы з сухотамі… Але як гэта зрабіць?»
Нечакана ззаду пачуўся гучны стрэл, і машына, рэзка затармазіўшы, спынілася. Антак глыбока ўцягнуў галаву ў плечы.
— Пракляты балон, другі раз за дзень лопаецца, — вылаяўся шафёр.
— Ах, балон, — з палёгкай уздыхнуў Антак, але зараз жа зноў у яго заварушыліся падазроныя думкі: «Ведаем мы гэтыя балоны, спецыяльна накідаюць цвікоў, машына спыніцца, а тады і распраўляюцца». З машыны вылезлі паліцэйскія, але з імі ніхто не распраўляўся. «Няўжо выпадковасць?» — не верылася Антаку. Ён высунуў спачатку галаву, прыслухаўся і, не пачуўшы нічога падазронага, вылез з машыны.
Стаяў гарачы летні дзень. Сонца шчодра паіла зямлю спякотнымі праменнямі. Было вельмі ціха. Дрэвы, кусты, трава — усё застыла ў непарушным маўчанні, нават птушкі пахаваліся недзе ў гушчары, і не было чуваць іх вясёлага цвіркання. Няцяжка ўявіць, якая гарачыня была ў машыне. Тоўсты капітан Вагнер увесь абліваўся потам; крыху пачакаўшы, ён таксама вылез з машыны, пераскочыў кювет і з асалодай расцягнуўся пад кустом на мяккай пахучай траве, падклаўшы сакваяжык з паперамі пад галаву.
«Вось чорт, — вылаяўся ў думках Антак, — ні на хвіліну не расстаецца з ім». І раптам нядаўна ўзнікшая думка стаць адзіным гаспадаром сакваяжыка завалодала ім цалкам. Для гэтага цяпер быў самы зручны момант. Шафёр важдаўся з колам аўтамашыны, другі паліцэйскі дапамагаў яму, а таўсцяк капітан грэўся на сонцы.
Антак выхапіў рэвальвер і стрэліў спачатку ў паліцэйскага, потым у шафёра. Паліцэйскі неяк дзіўна выгнуўся і паваліўся, шафёр, які сядзеў з колам у руках, ткнуўся тварам у зямлю. Капітан Вагнер усхапіўся і з перакошаным ад жаху тварам пачаў аглядацца. З-за машыны яму не было відаць ні Антака, ні паліцэйскіх, а начальнік паліцыі тым часам прыцэліўся і стрэліў у капітана. Капітан пахіснуўся, з рук яго вываліўся пісталет, і ён, схапіўшыся за грудзі, упаў. Антак выскачыў з-за машыны, падбег да капітана, піхнуў яго нагою і нагнуўся, каб падняць сакваяжык. Але ў гэты момант капітан, які быў толькі паранены, раптам учапіўся ў Антака, і яны пакаціліся па траве. Антаку ўдалося намацаць горла Вагнера. Капітан хрыпеў, але не здаваўся. Тады Антак прыўзняў яго і бразнуў галавой аб камень, які тырчэў з зямлі.
Капітан адразу абмяк. Антак пастаяў над ім некалькі секунд і адышоў. Выгляд у яго быў страшэнны. Ускалмачаны, увесь у крыві, з вылупленымі вачыма, ён, хістаючыся, накіраваўся да таго месца, дзе ляжаў сакваяжык, бо ў час бойкі з капітанам яны адкаціліся на некалькі метраў убок. Але… сакваяжыка не было.
«Ог-г-г», — заскрыгатаў зубамі Антак. Ён нават не паверыў сваім вачам, кінуўся на зямлю і пачаў рукамі расхінаць траву, быццам шукаў іголку. Потым падняўся, падбег да машыны: можа, ён там? Ад машыны зноў пабег назад, але ўсё было дарэмна — сакваяжык нібы праваліўся скрозь зямлю. І тады Антак выхапіў з машыны аўтамат і ад злосці застрачыў па кустах. Раз, другі! Раптам яму здалося, што нехта ўскрыкнуў. Начальнік паліцыі прыслухаўся і агледзеўся. Было зусім ціха, толькі з кустоў яшчэ падалі перабітыя кулямі бледна-зялёныя лісцікі. Антак рушыў у кусты.
Не паспела Таня яшчэ адбегчы, як пачула аўтаматную чаргу. Дзяўчынка толькі хацела ўпасці на зямлю, але ў гэты момант нешта балюча апякло левую руку каля самага пляча. Ад нечаканасці і болю ў яе вырваўся той крык, што пачуў Антак. Таня сарвала з галавы хустку і пачала перавязваць ёю рану. Пакуль яна гэта рабіла, пачуліся цяжкія крокі начальніка паліцыі. Ён рассоўваў кусты і пільна ўглядаўся.
«Зараз убачыць…» — спалохалася дзяўчынка і, не скончыўшы перавязваць рану, шмыгнула ў густы куст. Там, пад яго галінамі, была невялікая яма, якую адразу цяжка было заўважыць. Вядома, лепш было б уцякаць, але Антак быў ужо занадта блізка. Таня асцярожна падлезла пад куст, лягла на дно ямы і старанна прыкрылася, нахіліўшы над сабой галінкі. Можа, Антак не пойдзе сюды, а зверне ў другі бок? Але не, Таня пачула, як ён пераскочыў маленькую канаўку, якраз там, дзе яна пераходзіла, і палез у самы гушчар.
У Тані, здавалася ёй, перастала біцца сэрца… Праз лісце, як праз сіта, яна ўбачыла жоўты, даўганосы твар з маленькімі калючымі вачыма, якія так і шнырылі па кустах. Таня заплюшчыла вочы, чакаючы, што вось-вось ён зробіць яшчэ крок і ўбачыць яе… Але прайшла секунда, а начальнік паліцыі не рухаўся. Ён стаяў і напружана прыслухоўваўся. Таня стаіла нават дыханне… Калі ж ён пойдзе?.. Нарэшце Антак, мабыць, нічога падазронага не заўважыўшы, павярнуўся і пайшоў назад. Дзяўчынка праляжала ў сваім сховішчы некалькі хвілін, потым асцярожна выпаўзла, прыслухалася.
Было ціха. Небяспека мінула. Цяпер трэба хутчэй, хутчэй бегчы ў атрад, перадаць сакваяжык. Але што гэта? Нейкая млявасць разлілася па ўсім целе, ёй раптам захацелася спаць. «Гэта ад страты крыві», — здагадалася дзяўчынка. Але яна павінна ісці, зараз жа. А ногі? Што зрабілася з нагамі? Хто прывязаў да іх такія цяжкія гіры? Ледзь трымаючыся на нагах, Таня вылезла з кустоў, перайшла дарогу і знікла ў лесе.
Вялікая вера
Вялікая Айчынная вайна была для савецкага народа цяжкім выпрабаваннем. Вораг акупіраваў значную частку савецкай тэрыторыі, бясконца трубіў аб сваіх поспехах на фронце. Але, нягледзячы на часовы поспех фашыстаў, народ цвёрда верыў у перамогу. Гэтую веру ўсімі сіламі ў акупіраваных раёнах падтрымлівалі партызаны.
Іх агітацыя была нагляднай і пераканаўчай. Таня ўспомніла, як аднойчы вясной 1942 года да іх у вёску прыйшоў агітатар з партызанскага атрада дзядзькі Мірона. Гэта быў малады ружовашчокі хлопец у кажуху і валёнках, з аўтаматам за плячыма. Ён сабраў людзей у хаце настаўніцы Людмілы Андрэеўны і сказаў:
— Сёння я вам прачытаю нарыс аб тым, як змагаюцца нашы савецкія людзі з ненавіснымі акупантамі. Гэты нарыс называецца «Таня», напісаў яго маскоўскі журналіст П. Лідаў.— І ціхім, усхваляваным голасам ён прачытаў аб подзвігу маладой дзяўчыны-партызанкі, якая падпаліла варожы склад, канюшню і была злоўлена акупантамі.
Яе доўга катавалі, мучылі, білі, але яна нікога не выдала, нічога не сказала. Калі партызан-агітатар скончыў чытаць, ціхія ўсхліпванні, што чуліся да гэтага часу, перайшлі ў рыданне. Партызанка Таня як бы з'явілася для ўсіх увасабленнем той грознай сілы, якой ніколі не адолець акупантам.
Народ быў вельмі ўдзячны партызанам. Гэта яны, калі фашысты забралі ў ляхаўчан і везлі на бойню амаль усю жывёлу, наладзілі бойню самім рабаўнікам, а жывёлу вярнулі гаспадарам.
Партызаны помсцілі фашыстам за здзекі і рабаванні, яны выкрывалі фашысцкую хлусню, паведамлялі народу праўду аб становішчы на франтах, часта наладжвалі радыёслуханне Масквы.
З свайго боку, народ не заставаўся перад партызанамі ў даўгу. Для іх збіраліся цёплая вопратка, харчы, медыкаменты. Калі часам у вёску прыязджалі фашысты і там у гэты час быў хто-небудзь з партызан, людзі надзейна хавалі яго.
Таня ўспомніла, як аднойчы ўвечары да іх забег ранены партызан. Ён расказаў, што пры ўваходзе ў вёску наткнуўся на варожы патруль. У час перастрэлкі ён забіў аднаго фашыста, а двое другіх гоняцца за ім. Сказаўшы гэта, партызан страціў прытомнасць. Дзед Іван узяў яго на рукі і аднёс у свіран, дзе пад падлогай быў зроблены спецыяльны патайнік. Толькі ён паспеў замаскіраваць патайнік розным хламам і вярнуцца ў хату, як уварваліся фашысты.
— Дзе партызан? — злосна закрычалі яны.
— Няма ў нас ніякага партызана, — адказаў дзед.
— Мы ведаем, што ён тут…
— Калі ведаеце, то шукайце… Фашысты пачалі пошукі. Адзін пайшоў у сенцы, другі палез на гару, а трэці шукаў у хаце. Але вось Таня заўважыла на тым месцы, дзе стаяў партызан, пляму крыві. Кроў вось-вось маглі заўважыць і ворагі.
Дзяўчынка выкарыстала момант, калі гітлеравец, што застаўся ў хаце, пачаў ператрасаць рэчы ў шафе, дзе ніякага партызана, вядома, быць не магло, і непрыкметным рухам паказала дзеду на кроў. Дзед спачатку разгубіўся, але потым падышоў да стала, схапіў нож і глыбока раніў сабе руку. Хутка ўсе тры фашысты, нічога не знайшоўшы, сабраліся ў хаце. Яны яшчэ раз агледзелі ўсе закуткі, нават зазірнулі ў печ, але нікога не знайшлі і былі сабраліся ўжо ісці. Раптам адзін з іх, высокі з рыжымі вусамі, убачыў на падлозе кроў.
— А гэта што? — зароў ён. — Кроў партызана?
— Гэта мая кроў! — спакойна адказаў дзед і паказаў параненую руку. — Лучыну шчапаў, вось і секануў па руцэ.
Так фашысты і пайшлі ні з чым.
Пасля гутаркі агітатара аб маскоўскай партызанцы Тані маленькая ўнучка дзеда Івана пачала ганарыцца, што мае такое слаўнае імя, якім называлася храбрая партызанка. Пазней дзяўчынка даведалася, што сапраўднае імя той гераіні Зоя Касмадзям'янская і што ёй пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. І вось, калі дзяўчынка з сакваяжыкам прабіралася па лесе і амаль траціла прытомнасць ад болю, яна сціскала зубы і ўпарта паўтарала: «Я Таня, я Таня»… і гэта надавала ёй новыя сілы.
Між тым млявасць усё больш авалодвала дзяўчынкай. Вельмі хацелася піць. У роце зрабілася так суха, што цяжка было паварушыць языком. Дзяўчынка ішла, падала, некалькі хвілін ляжала нерухома. Потым, крыху адпачыўшы, паднімалася і ішла далей. Гадзіны праз тры яна дабралася толькі да балота. Тут сілы яе пакінулі зусім, і яна страціла прытомнасць.
Ачуняла, калі пачало заходзіць сонца. Вялізны вогненны шар вісеў над лесам, і здавалася, як толькі ён дакранецца да верхавін дрэў, лес умомант успыхне. Таня рушыла далей.
Як яна перайшла балота, колькі часу мінула — Таня не памятала. Свядомасць зноў вярнулася да яе толькі тады, калі яна ў цемры намацала рукамі нешта шурпатае з маленькімі калючымі пясчынкамі. Гэта быў ганак леснічыхі Тэклі.