Выбрать главу

Іх агітацыя была нагляднай і пераканаўчай. Таня ўспомніла, як аднойчы вясной 1942 года да іх у вёску прыйшоў агітатар з партызанскага атрада дзядзькі Мірона. Гэта быў малады ружовашчокі хлопец у кажуху і валёнках, з аўтаматам за плячыма. Ён сабраў людзей у хаце настаўніцы Людмілы Андрэеўны і сказаў:

— Сёння я вам прачытаю нарыс аб тым, як змагаюцца нашы савецкія людзі з ненавіснымі акупантамі. Гэты нарыс называецца «Таня», напісаў яго маскоўскі журналіст П. Лідаў.— І ціхім, усхваляваным голасам ён прачытаў аб подзвігу маладой дзяўчыны-партызанкі, якая падпаліла варожы склад, канюшню і была злоўлена акупантамі.

Яе доўга катавалі, мучылі, білі, але яна нікога не выдала, нічога не сказала. Калі партызан-агітатар скончыў чытаць, ціхія ўсхліпванні, што чуліся да гэтага часу, перайшлі ў рыданне. Партызанка Таня як бы з'явілася для ўсіх увасабленнем той грознай сілы, якой ніколі не адолець акупантам.

Народ быў вельмі ўдзячны партызанам. Гэта яны, калі фашысты забралі ў ляхаўчан і везлі на бойню амаль усю жывёлу, наладзілі бойню самім рабаўнікам, а жывёлу вярнулі гаспадарам.

Партызаны помсцілі фашыстам за здзекі і рабаванні, яны выкрывалі фашысцкую хлусню, паведамлялі народу праўду аб становішчы на франтах, часта наладжвалі радыёслуханне Масквы.

З свайго боку, народ не заставаўся перад партызанамі ў даўгу. Для іх збіраліся цёплая вопратка, харчы, медыкаменты. Калі часам у вёску прыязджалі фашысты і там у гэты час быў хто-небудзь з партызан, людзі надзейна хавалі яго.

Таня ўспомніла, як аднойчы ўвечары да іх забег ранены партызан. Ён расказаў, што пры ўваходзе ў вёску наткнуўся на варожы патруль. У час перастрэлкі ён забіў аднаго фашыста, а двое другіх гоняцца за ім. Сказаўшы гэта, партызан страціў прытомнасць. Дзед Іван узяў яго на рукі і аднёс у свіран, дзе пад падлогай быў зроблены спецыяльны патайнік. Толькі ён паспеў замаскіраваць патайнік розным хламам і вярнуцца ў хату, як уварваліся фашысты.

— Дзе партызан? — злосна закрычалі яны.

— Няма ў нас ніякага партызана, — адказаў дзед.

— Мы ведаем, што ён тут…

— Калі ведаеце, то шукайце… Фашысты пачалі пошукі. Адзін пайшоў у сенцы, другі палез на гару, а трэці шукаў у хаце. Але вось Таня заўважыла на тым месцы, дзе стаяў партызан, пляму крыві. Кроў вось-вось маглі заўважыць і ворагі.

Дзяўчынка выкарыстала момант, калі гітлеравец, што застаўся ў хаце, пачаў ператрасаць рэчы ў шафе, дзе ніякага партызана, вядома, быць не магло, і непрыкметным рухам паказала дзеду на кроў. Дзед спачатку разгубіўся, але потым падышоў да стала, схапіў нож і глыбока раніў сабе руку. Хутка ўсе тры фашысты, нічога не знайшоўшы, сабраліся ў хаце. Яны яшчэ раз агледзелі ўсе закуткі, нават зазірнулі ў печ, але нікога не знайшлі і былі сабраліся ўжо ісці. Раптам адзін з іх, высокі з рыжымі вусамі, убачыў на падлозе кроў.

— А гэта што? — зароў ён. — Кроў партызана?

— Гэта мая кроў! — спакойна адказаў дзед і паказаў параненую руку. — Лучыну шчапаў, вось і секануў па руцэ.

Так фашысты і пайшлі ні з чым.

Пасля гутаркі агітатара аб маскоўскай партызанцы Тані маленькая ўнучка дзеда Івана пачала ганарыцца, што мае такое слаўнае імя, якім называлася храбрая партызанка. Пазней дзяўчынка даведалася, што сапраўднае імя той гераіні Зоя Касмадзям'янская і што ёй пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. І вось, калі дзяўчынка з сакваяжыкам прабіралася па лесе і амаль траціла прытомнасць ад болю, яна сціскала зубы і ўпарта паўтарала: «Я Таня, я Таня»… і гэта надавала ёй новыя сілы.

Між тым млявасць усё больш авалодвала дзяўчынкай. Вельмі хацелася піць. У роце зрабілася так суха, што цяжка было паварушыць языком. Дзяўчынка ішла, падала, некалькі хвілін ляжала нерухома. Потым, крыху адпачыўшы, паднімалася і ішла далей. Гадзіны праз тры яна дабралася толькі да балота. Тут сілы яе пакінулі зусім, і яна страціла прытомнасць.

Ачуняла, калі пачало заходзіць сонца. Вялізны вогненны шар вісеў над лесам, і здавалася, як толькі ён дакранецца да верхавін дрэў, лес умомант успыхне. Таня рушыла далей.

Як яна перайшла балота, колькі часу мінула — Таня не памятала. Свядомасць зноў вярнулася да яе толькі тады, калі яна ў цемры намацала рукамі нешта шурпатае з маленькімі калючымі пясчынкамі. Гэта быў ганак леснічыхі Тэклі.

Леснічыха Тэкля

Леснічыха Тэкля была худая, высокая жанчына з жоўтым маршчыністым тварам. Яна насіла даўгую суконную спадніцу і поверх паркалёвай кофтачкі надзявала ватоўку. У такім убранні яна хадзіла і зімой і летам. У вялікай прасторнай хаце Тэкля жыла адна. Некалі ў яе была ладная сям'я: муж — ляснік Сымон і тры сыны. Пакуль сыны былі дома, у хаце было людна і шумна. Потым старэйшы з іх, Васіль, падаўся ў горад на заработкі. Прызвалі ў армію другога сына — Міхася. Нарэшце перад самай вайной пакінуў бацькоўскі дом і трэці — Мікола. У лесніковай хаце зрабілася зусім ціха.

Калі пачалася вайна, Сымон хацеў падацца ў партызаны, але дзядзька Мірон адгаварыў яго. Ён даручыў лесніку зрабіць у сваёй хаце так званы кантрольна-перасадачны пункт. Калі партызаны вярталіся з задання, яны заходзілі да дзядзькі Сымона, мыліся ў лазні, адпачывалі.

Але аднойчы зімой стары ляснік прастудзіўся і памёр. Яшчэ больш пазмрачнела, пажаўцела леснічыха. Аднак хату сваю не пакінула, хоць яе сястра не раз угаварвала перабрацца ў вёску. Цяпер Тэкля пачала выконваць абавязкі свайго мужа: паліла ў лазні і часам хадзіла ў атрад з якім-небудзь важным паведамленнем, перададзеным ёй сувязнымі.

У вольны час восенню і зімою яна вязала цёплыя шкарпэткі і шалікі для партызан і вельмі сумавала, калі да яе доўга ніхто не прыходзіў.

У гэты летні вечар цётка Тэкля сядзела адна і латала партызанам бялізну. У галаве яе варушыліся цяжкія думы. Чым бліжэй падыходзіў фронт, тым больш неспакойнай рабілася старая. «Ці ўдасца ўбачыць сыноў? Ці жывыя яны? Каб толькі даведацца, што жывыя, і паглядзець на іх хоць адзін раз, тады можна спакойна і паміраць», — думала яна.

На дварэ было ціха, нават заўсёды неспакойная асіна, што расла пад акном, не шапацела лісцікамі. Лес стаяў у напружаным маўчанні, быццам да нечага прыслухоўваўся. Толькі начныя матылі і розныя лясныя жучкі раз-пораз стукаліся ў аконныя шыбы — вельмі ўжо вабіў іх агеньчык газоўкі.

Раптам старой здалося, што быццам нешта зашкрэбала па сцяне. Старая выйшла ў сенцы, прыслухалася. Так, шкрэбаюць па дзвярах.

— Хто там? — запытала леснічыха.

— Гэта я, Таня, — пачуўся слабы дзіцячы голас.

— Чаго ты так позна? — занепакоілася старая і, адкінуўшы тоўсты жалезны крук, асцярожна прачыніла дзверы.

Дзяўчынка ляжала на ганку.

— Таня, Танечка, што з табой? — замітусілася цётка Тэкля, дапамагаючы дзяўчынцы ўстаць. Таня і цётка Тэкля ў апошні час моцна пасябравалі. Калі Таня прыходзіла да леснічыхі перадаць ёй звесткі для атрада дзядзькі Мірона, яна падоўгу затрымлівалася ў старой. Яны неаднойчы разам хадзілі па ягады і грыбы. Леснічыха расказвала дзяўчынцы пра сваіх сыноў, пра лесніка Сымона, пра тое, як яны гаравалі пры панах. Таня ўважліва слухала, ёй было ўсё гэта цікава, а старая была рада, што знайшла сабе слухачку.

— Цётка Тэкля, — ціха загаварыла Таня. — Вам трэба зараз жа занесці ў атрад дзядзькі Мірона сакваяжык.

— Які сакваяжык?

— Вось гэты, — паказала Таня. — Тут знаходзіцца праца доктара Долахава. Фашысты яго застрэлілі…

— Карнея Пракопавіча забілі? У-ух, гады… Каб ім свету не бачыць… Забойцы… — У старой задрыжэлі губы, гнеўна запалалі вочы.

Леснічыха добра ведала доктара Долахава і любіла яго. Па просьбе Карнея Пракопавіча яна не раз збірала для партызанскага шпіталя розныя лекавыя травы.

— Так, забілі…— пацвердзіла Таня. — Але засталіся яго паперы, вельмі важныя паперы, за імі фашысты ганяюцца. Таму іх трэба занесці зараз жа.

— Ну добра, пойдзем…

Цётка Тэкля ўважліва паглядзела на дзяўчынку.

— Э-э, дык ты паранена?..

— Так, у руку, але гэта нічога… Дайце мне піць…

Леснічыха прамыла цёплай вадой рану, перавязала яе, напаіла дзяўчынку кіслым малаком.