Выбрать главу

Навокал панавала цішыня. Але вось неўзабаве данесліся прыглушаныя людскія галасы і сабачы брэх…

Усё здарылася так, як Сцёпа і меркаваў. У лагер прыйшлі карнікі. Яны шнырылі па кустах, іншы раз пускалі аўтаматную чаргу па нябачанаму ворагу, перакідваліся паміж сабой словамі. Недзе на ўзлессі брахалі сабакі, потым брэх пачаў набліжацца. Сцёпа здагадаўся, што сабакі напалі на яго след. Хутка яны прыбеглі да берага возера і пачалі брахаць яшчэ больш злосна.

— Нікс, нікс, — чуў ён здзіўленыя воклічы карнікаў.

Стаяць у дупле рабілася ўсё цяжэй і цяжэй. Ногі адубелі. Сцёпа перастаў адчуваць іх, але ён цярпеў, прыслухоўваўся да гукаў.

Параіўшыся між сабой, карнікі некуды пайшлі. Іх галасы пачалі аддаляцца і нарэшце зусім сціхлі. Але не паспеў Сцёпа і ўздыхнуць, як галасы пачуліся зноў. Другая група карнікаў падышла проста да вярбы, відаць, спынілася папіць вады, бо юнак пачуў, як забразгалі кацялкі.

«А каб на вас ліха!» — вылаяўся ў думках Сцёпа.

Карнікі напіліся і пайшлі. Зноў стала ціха. Чуваць было толькі цвырканне птушак. Пачакаўшы некаторы час, Сцёпа асцярожна вылез з дупла, дастаў сакваяжык і, прабраўшыся ў густы алешнік, з асалодай разлёгся на мяккай траве. Тут яму трэба было дачакацца ночы. Партызан дастаў сваю запісную кніжку, якую не трымаў у руках ужо некалькі дзён, і запісаў усё, што адбылося за гэтыя дні. Скончыўшы запісваць, лёг адпачыць. Сцёпа ляжаў і думаў. Ён успомніў сваю маці, якая загінула ў першыя дні вайны, бацьку… Колькі няшчасцяў прынеслі савецкаму народу фашысты! Але перамагчы яго не змаглі!

Сцёпа і не заўважыў, як пачало змяркацца. Цені дрэў і кустоў выцягнуліся, падзьмуў лёгкі ветрык. Сцёпа вырашыў, што пара перабірацца бліжэй да партызанскага аэрадрома, які знаходзіўся кіламетраў за пяць на захад ад возера і партызанскага лагера.

«Пакуль яшчэ не сцямнела, трэба было б назбіраць галля для кастроў», — падумаў Сцёпа. Ён ішоў і па дарозе падбіраў сухія сукі, галінкі. Калі зусім сцямнела, малады партызан расклаў у цэнтры аэрадрома тры невялікія кастры і, схаваўшыся ў кусты, пачаў чакаць самалёта. Час цягнуўся вельмі марудна. Вакол было ціха, толькі ў кастрах патрэсквалі галінкі. Так прайшло, можа, з гадзіну. Раптам Сцёпа пачуў глухі гул матора. Ён увесь час набліжаўся, і хутка юнак убачыў, як цёмны сілуэт самалёта зрабіў адзін круг, другі, паступова зніжаючыся.

— Прыляцеў, прыляцеў! — узрадаваўся Сцёпа.

Тым часам самалёт, зрабіўшы яшчэ два кругі, спусціўся зусім нізка і дакладна сеў у раёне трох кастроў. З кабіны выйшаў лётчык у сукарным шлёме і футравым камбінезоне.

— Тут доктар Долахаў? — хрыпла спытаў ён.

— Доктара няма, яго забілі фашысты. Замест доктара палячу я… — кінуўся да лётчыка Сцёпа.

— Ну, дык сядайце хутчэй…

— Пачакайце, дайце мне хоць паціснуць вашу руку, вы ж з Вялікай зямлі прыляцелі,— з захапленнем сказаў Сцёпа.

— Потым, потым, — адчыняючы дзверцы пасажырскай кабіны, адказаў лётчык.

Сцёпа залез у самалёт. Побач з лётчыкам малады партызан заўважыў нейчую постаць.

«Чаму гэты чалавек не выйшаў з самалёта, нават слова не сказаў? — падумаў Сцёпа. — Дзіўна».

Ён паглядзеў уніз. Там яшчэ свяціліся тры чырвоныя кропкі — гэта дагаралі яго кастры. Самалёт ляцеў няроўна: то падаў уніз, і тады Сцёпу здавалася, што з-пад яго забіраюць сядзенне, і ён мацней хапаўся за крэсла, то падымаўся ўверх. Мінула не больш дзесяці хвілін, і раптам самалёт пачаў рабіць кругі, выбіраючы месца для пасадкі. Унізе гарэла некалькі чырвоных агеньчыкаў.

«Што ж гэта такое? — устрывожана падумаў Сцёпа. — Можа, ім яшчэ каго трэба забраць?»

Самалёт, пакружыўшыся, пайшоў на пасадку. Сцёпа бачыў, як хутка набліжаюцца агеньчыкі, робяцца ярчэйшымі. А вось і колы дакрануліся да зямлі. Спачатку адзін раз, затым нібы адскочылі, потым другі раз, і самалёт заскакаў па няроўным полі аэрадрома, высока падкідваючы ў крэсле пасажыра.

Адчыніліся дзверцы. З кабіны выйшаў лётчык, за ім — незнаёмая постаць. Да самалёта падбеглі нейкія людзі.

«Мусіць, таксама партызаны, — падумаў Сцёпа. — А што мне рабіць, выйсці ці сядзець?»

Але вось адчыніліся дзверцы пасажырскай кабіны, і той жа хрыпаты голас лётчыка рэзка сказаў:

— Выходзь!

Сцёпа ўзяў сакваяжык у руку і скочыў на зямлю. І раптам тыя людзі, якіх ён палічыў за партызан, наваліліся на яго і моцна скруцілі рукі. Нехта старанна абшукаў яго. У Сцёпы адабралі пісталет і складны нож, больш у кішэнях нічога не знайшлі. Запісную кніжку ён хаваў у халяве бота, дзе была зроблена спецыяльная кішэнька. Ворагі яе не заўважылі.

Высокая, няскладная постаць падскочыла да сакваяжыка і схапіла яго.

— Антак! — заскрыгатаў зубамі Сцёпа, пазнаўшы начальніка паліцыі.

— Маўчаць! — крыкнуў Антак і ўдарыў Сцёпу па твары.

…— Вось бандыт! Яны ж цяпер замучаюць яго, — усхвалявана перапыніў настаўніцу Віця.

— Цішэй ты! — зашыкалі на яго дзяўчаты. — Не перапыняй.

— Прабачце, Зінаіда Антонаўна, — сказала Ніна, калі падняўся шум. — А што ж здарылася з нашым самалётам? Ён жа таксама мог трапіць ворагам у рукі?

— А наш самалёт і не прылятаў. Яго папярэдзілі з партызанскага штаба, што супраць атрада выступілі карнікі. Нават паслалі папярэдзіць доктара Долахава. У атрадзе ж яшчэ не ведалі, што ён забіты, але было позна…

У камеры смертнікаў

З аэрадрома Сцёпу павезлі на машыне ў мястэчка. Справа і злева ад яго сядзелі канваіры з аўтаматамі. Партызан ледзь не плакаў ад злосці на сябе за сваю даверлівасць. Як гэта яму адразу не стукнула ў галаву, што перад ім ворагі? Ён успомніў халодны, афіцыйны адказ лётчыка: «Потым, потым», калі Сцёпа падбег, каб прывітацца з чалавекам з Вялікай зямлі. Хіба ж сапраўдныя савецкія людзі маглі так сустрэцца адзін з адным? Ды яны кідаюцца адзін аднаму на шыю, цалуюцца, як самыя родныя, самыя блізкія, хоць, можа, да гэтага ніколі не бачыліся. Але ж і хітры гад Антак! Адкуль ён даведаўся, што павінен прыляцець самалёт? Куды яны мяне вязуць?

Машына выехала на адну з местачковых вуліц. Ім насустрач ехалі на матацыклах, грузавіках і ішлі пехатой фашысцкія салдаты. Пасля няўдалай экспедыцыі карнікі накіроўваліся на станцыю, дзе іх ужо чакалі вагоны.

«Цяпер будуць трубіць ваўсю, што ў Н-скім раёне знішчаны ўсе да аднаго партызаны, пакуль ім зноў не стукнуць па галаве тыя ж партызаны».

Антак вырашыў правесці допыт разам з маёрам Брунерам і павёз Сцёпу адразу ў камендатуру.

— Ну, прывёз? — сустрэў Антака маёр Брунер.

— Прывёз.

— Вядзі яго ў мой кабінет.

Сцёпу ўпіхнулі ў кабінет каменданта. Дапытвалі ўтрох: Антак, маёр Брунер і яго асабісты перакладчык Болцікаў. Гэты Болцікаў выконваў у Брунера хутчэй абавязкі ката, чым перакладчыка. Страшная слава хадзіла пра яго. Калі камендант траціў надзею дабіцца ад ахвяры прызнання, далейшы допыт ён даручаў Болцікаву. Даводзілася толькі здзіўляцца, адкуль у гэтага невысокага плюгавенькага чалавечка столькі злосці, столькі нянавісці да ўсяго савецкага, да партызан, якія часам траплялі ў рукі фашыстаў. Што ён за чалавек і адкуль, ніхто толкам не ведаў. Казалі, што гітлераўцы выпусцілі яго з турмы, куды ён трапіў незадоўга да пачатку вайны за забойства нейкага блізкага родзіча-мастака. Сядзець бы яму і сядзець, калі б не падаспелі «вызваліцелі». За гэта, відаць, Болцікаў і служыў ім верай і праўдай.

Маёр Брунер дастаў з шуфляды стала фатаграфію Васіля Баравога. Зірнуўшы на Сцёпу, камендант сярдзіта сказаў:

— Гэта ж не ён!

— Але таксама важная птушка, — горача загаварыў Антак. — Гэта ён падарваў нашу машыну гранатай і забіў капітана Вагнера і двух паліцэйскіх. Апрача таго, — Антак сцішыў голас, — ён ведае, куды падзеліся партызаны.

Брунер зморшчыўся. Напамінак аб няўдалым паходзе двух палкоў карнікаў быў яму непрыемным. Ён нават не ведаў, чым усё гэта скончыцца. Начальства яшчэ дасць яму пытлю за няўдала праведзеную аперацыю.