На будоўлі, сярод мноства людзей, Антак адчуваў сябе ў бяспецы. Тут выкрыць іх будзе нялёгка. Акрамя таго, Антак лічыў, што ён дастаткова ўдала заблытаў сляды і пагранічнікам нізашто не патрапіць на іх.
Але тут ён памыляўся. Пошукі парушальніка граніцы не спыняліся. У той самы вечар, калі дзеці з Зінаідай Антонаўнай рабілі ў лесе буданы, у кабінет да начальніка Н-скай заставы маёра Шэвелева зайшоў дзяжурны і далажыў:
— Прыбыў лейтэнант Вераб'ёў.
— Няхай увойдзе.
Дзяжурны адказыраў, і адразу ж на парозе з'явіўся высокі статны малады чалавек. Твар яго быў вельмі заклапочаны.
Маёр зірнуў яму ў вочы і таксама нахмурыўся.
— Беспаспяхова?
— Як скрозь зямлю праваліўся. Шэвелеў нервова пастукаў пальцамі па стале. Мінуту-другую абодва маўчалі.
Раптам Вераб'ёў сказаў:
— Да чаго ж гэта крыўдна: ведаеш, што вораг знаходзіцца на нашай зямлі, і не ведаеш, дзе ён, навошта прыйшоў…
— Так, становішча не з прыемных, — згадзіўся маёр. Ён устаў з-за стала, прайшоўся па пакоі.— Але нічога… Колькі вяровачцы ні віцца, а канец будзе. Усё роўна пападзецца. Народ дапаможа… У народа вока вострае, чужую руку адразу прыкмеціць. А пакуль прымем такія меры…
І маёр Шэвелеў пачаў выкладаць лейтэнанту план далейшых пошукаў. Было ўжо далёка за поўнач, калі лейтэнант, ажыўлены і нібы яшчэ больш памаладзелы, зухавата шчоўкнуў абцасамі і выйшаў. А маёр яшчэ доўга сядзеў у сябе ў кабінеце і думаў.
На будоўлі
На наступны дзень піянеры падняліся, як толькі развіднела. Кароткая летняя ноч, але ўсе добра адпачылі, адчувалі сябе па-сапраўднаму бадзёрымі. Відаць, у лесе, на свежым паветры, наогул можна спаць напалову менш, чым дома.
Дзень абяцаў быць добрым. Неба было чыстае, без адзінага воблачка, і сонца, хаця яму яшчэ далёка было да зеніту, адчувальна прыпякала. Пасля снедання Зінаіда Антонаўна падалася на перагаворы да начальніка будоўлі, а дзеці заняліся гаспадарчымі клопатамі: адны абіралі бульбу, перабіралі гарох, словам, клапаціліся наконт абеду; астатнія нарыхтоўвалі сухія дровы, «даводзілі» буданы — напярэдадні вечарам іх ставілі наспех і, вядома, не абышлося без недаробак.
Потым вярнулася Зінаіда Антонаўна і сказала, што ўсё дамоўлена, што яны могуць зараз жа пачаць знаёмства з будаўніцтвам камбіната і — галоўнае — пошукі таго пня…
Бадай, лепшага месца для камбіната знайсці нельга было. Будаўнічая пляцоўка размясцілася пасярод абшырнага ляснога масіву.
Акрамя таго, Раднічанка рабіла тут круты выгін і ля таго самага берага, дзе разгарнулася будаўніцтва, утварала вялікі і глыбокі заліў. Меркавалася, што ў гэты заліў будуць заходзіць плыты з іншых, далёкіх лясных участкаў, а ўжо адсюль драўніна будзе транспарціравацца ў распіловачны цэх камбіната.
Так гэта выглядала ў чарцяжах і праектах. А на будаўніцтве пакуль рабіўся катлаван, вакол яго ўзвышаліся горы цэглы, вапны і іншых будаўнічых матэрыялаў.
Работа ў катлаване кіпела на ўсю моц. Вурчалі маторы, адзін за адным пад'язджалі да экскаватара магутныя грузавікі-самазвалы і, атрымаўшы сваю порцыю вільготнай зямлі, адразу ж ад'язджалі, каб даць месца іншым. Непадалёк скавытала электрапіла, угрызаючыся ў мяккае і падатлівае дрэва. Адтуль далятаў прыемны смаляны пах.
Дзецям усё тут было вельмі цікава. Але асабліва доўга прастаялі яны каля экскаватара. Здавалася, ніколі не надакучыць глядзець, як магутныя стальныя зубы каўша з прагнасцю ўгрызаюцца ў грунт, як потым лёгка выпростваецца доўгая чорная шыя і гэтак жа лёгка нясе напоўненую зямлёй пашчу. Раптам іх прымусіў здрыгануцца басавіты голас аўтамабільнага сігналу. Проста на іх, збочыўшы з дарогі, насоўваўся грамада-самазвал.
— МАЗ, дваццаціпяцітонны, — паспяшаўся прадэманстраваць сваю дасведчанасць Васілёк, хаця і сам ён бачыў раней гэты самазвал толькі на малюнку ў газеце.
Велізарная машына, спрытна манеўруючы, пад'ехала да экскаватара, і таму давялося нямала папрацаваць, перш чым кузаў яе быў напоўнены. Але вось самазвал ад'ехаў, і дзеці зноў падступілі да экскаватара. З кабіны высунуўся хударлявы чорнавалосы мужчына і прыветліва махнуў ім рукой.
— Глядзіце, колькі там у яго рычагоў! — захоплена заўважыў Жэнька. — І як ён не памыляецца, які раней націскаць, які пазней…
— Ну, дапусцім, нічога тут асабліва складанага няма, — скептычна кінуў Васілёк.
— Гэта як жа няма?!
— Ды так… Я вось толькі паглядзеў і ўжо проста змог бы працаваць на экскаватары.
— Не хваліся, — сярдзіта спыніла яго Ніна.
— Не верыш, не верыш, так? — Васілёк вырашыў не здавацца.
— Вядома, не веру.
— А я вось зараз папрашу… Калі дазволяць… — І Васілёк па прыступках пачаў падымацца да кабіны экскаватара. Дабраўшыся да расчыненых дзверцаў, ён гучна, стараючыся перакрычаць грукат машыны, папрасіў: — Дзядзечка, дазвольце мне крыху пакіраваць!
Экскаватаршчык, відаць, здзівіўся, убачыўшы побач кірпаносы хлапечы твар, але ўсё ж перапытаўся:
— Што?
— Дазвольце, кажу, машынай пакіраваць.
Экскаватаршчык, гатовы, здавалася, раззлавацца і прагнаць няпрошанага памочніка, раптам усміхнуўся на ўвесь рот. З зямлі не было чуваць, што ён казаў, і, ужо спусціўшыся, Васілёк пакрыўджана расказаў:
— Падрасцеш, гаворыць, школу скончыш, прыходзь, вазьму ў вучні. А пакуль, значыць, папрашу сысці. Да машыны падыходзіць у час работы забараняецца…
У той жа дзень дзецям удалося даведацца, дзе знаходзіцца пень. Пажылы рабочы з мясцовых жыхароў падвёў іх да велізарнага штабеля цэглы і сказаў:
— Вось тут, якраз пад гэтымі цаглінкамі, і будзе той ваш пень. А ці нельга даведацца, для якой такой патрэбы вы яго шукаеце?
Пытанне засталося без адказу. Дзеці як вады ў рот набралі: гэтак іх уразілі памеры штабеля. Яны думалі, што сёння ж выкапаюць сейф, убачаць сваімі вачыма паперы доктара Долахава, а тут… Колькі ж гэта давядзецца чакаць, пакуль разбяруць гэты штабель!
Зінаіда Антонаўна адразу ж накіравалася да начальніка будаўніцтва. Вярнулася яна хутка і ўзрадавана паведаміла:
— Ну, вось што, не сумаваць! Заўтра пачнецца закладка падмурка, і начальнік абяцаў, што першым пойдзе менавіта гэты штабель. І яшчэ ён сказаў, што дай бог, каб яго хапіла на два дні. Так што ўсё ў парадку. А цяпер давайце выканаем адну просьбу Сяргея Пятровіча.
— А якую? — зацікавіліся дзеці.
— Ды вось скардзіцца начальнік, што ёсць у яго людзі розных спецыяльнасцей, а мастакоў і пісьменнікаў няма. Адным словам, ён просіць памагчы выпусціць насценную газету. Дык што, дапаможам?
— Вядома, вядома!
Усім хацелася хутчэй узяцца за справу. Толькі Васілёк застаўся абыякавым: яго па-ранейшаму займала думка аб тым, як бы пакіраваць экскаватарам.
Зінаіда Антонаўна размеркавала паміж піянерамі абавязкі: адны разышліся па будоўлі «збіраць матэрыял», другія — у першую чаргу «мастакі» — накіраваліся ў кабінет начальніка будаўніцтва, які часова стаў рэдакцыяй. Работа над першым нумарам насценнай газеты «Будаўнік» закіпела.
«Карэспандэнты» адзін за адным прыбягалі ў рэдакцыю, наспех дыктавалі матэрыял Ніне. Заметкі адразу ж правіліся з дапамогай Зінаіды Антонаўны і перапісваліся на вялікія артыкулы ватману.
Калі работа падыходзіла ўжо да канца, дзверы нечакана расчыніліся і ў пакой увайшоў Болцікаў. Ён быў у новым касцюме з ордэнскімі калодкамі, але трымаўся сарамліва.
— Я чуў, што вы тут выпускаеце насценгазету. Скажыце, каму здаваць заметкі? — расцягнуўшы вусны ў дагодлівай усмешцы, сказаў Болцікаў.
Зінаіда Антонаўна паднялася яму насустрач.
— Калі ласка, пакіньце мне. А пра што тут у вас?
— Пра самае галоўнае, — важна паведаміў Болцікаў.— Крытыканаў тут, на будоўлі, хапае — аднаму тое не падабаецца, другому — іншае. А вось расказаць аб значэнні нашай будоўлі не кожны можа.