— Дзякуй, — адказала госцю Зінаіда Антонаўна. — Менавіта такога артыкула ў нас і не хапае.
Яна ўзяла ў Болцікава акуратна складзеныя лісткі, зірнула на загаловак, потым на подпіс і раптам усхвалявана сказала:
— Прабачце, як ваша прозвішча? Тут неразборліва…
— Казіміраў,— спакойна адказаў госць.
— А імя і імя па бацьку?
— Сцяпан Вікенцьевіч.
— Сцяпан Вікенцьевіч? — здзіўлена перапытала настаўніца. — Гэтыя імя і прозвішча мне знаёмыя. Вы выпадкова не партызанілі ў злучэнні дзядзькі Мірона?
— А як жа, усю вайну ў партызанскіх разведчыках прахадзіў,— стрымана, усміхаючыся аднымі вуснамі, адказаў Болцікаў, а яго маленькія вадзяністыя вочкі трывожна забегалі.
— Ой, як добра! — пляснула рукамі Зінаіда Антонаўна. — Мне трэба будзе абавязкова з вамі пагутарыць. Мы збіраем матэрыял для партызанскага музея аб злучэнні дзядзькі Мірона, дык вы нам раскажаце пра баявыя подзвігі разведчыкаў.
Болцікаў паморшчыўся.
— Расказаць можна, ды вось няма калі мне цяпер.
— А калі вы зможаце выбраць час? Ну, хоць паўгадзіны? — не адступала Зінаіда Антонаўна.
— Заўтра. Я буду дзяжурыць, вось вы і прыходзьце ўвечары. Тады і пагутарым.
— Прабачце, а дзе вы будзеце дзяжурыць? Я ж не ведаю, дзе вы працуеце, — дапытвалася Зінаіда Антонаўна.
— Вартаўніком працую, — па-ранейшаму ўсміхаючыся аднымі вуснамі, адказаў Болцікаў.— Сціплая пасада, але, ведаеце, старыя раны… — і ён палопаў сябе па параненай назе.
— Загадзя вам удзячная, — усміхнулася на развітанне Зінаіда Антонаўна. — Я так рада гэтай сустрэчы! — дадала яна, праводзячы вачыма шчуплую постаць. Яна заўважыла, што Болцікаў цяпер стаў асабліва моцна прыпадаць на левую нагу.
Як толькі Болцікаў зачыніў за сабою дзверы, дзеці акружылі настаўніцу.
— Зінаіда Антонаўна! Што ж гэта атрымліваецца? Мы знайшлі дзённік Сцяпана Казімірава, а ён, аказваецца, жывы.
— Магчыма, гэта іншы Казіміраў. Ва ўсякім выпадку, на Сцёпу ён ні кропелькі не падобны, ды і гадамі старэйшы… удвая. У злучэнні дзядзькі Мірона маглі быць і людзі з аднолькавымі прозвішчамі.
Дзяцей супакоіў гэты адказ, але сама Зінаіда Антонаўна была вельмі ўсхвалявана. Не, нешта не памятае яна, каб у іх злучэнні быў яшчэ адзін Казіміраў. А там, хто ведае, — злучэнне ж было вялікае. Ды і прозвішча гэта сустракаецца не так ужо рэдка. Але тут такое супадзенне! Прозвішча, імя і імя па бацьку. Гэта адразу насцярожыла Зінаіду Антонаўну. Вось чаму яна прыдумала гэты ход з гісторыяй злучэння дзядзькі Мірона. Калі яна пагутарыць з ім, распытае больш падрабязна, усё стане зразумела. Акрамя таго, Зінаіда Антонаўна, не марудзячы, напісала пісьмо былому партызанскаму камандзіру Мірону Захаравічу Дубатаўку, па ваенным часе — дзядзьку Мірону. Яна прасіла тэрмінова паведаміць, ці быў у яго злучэнні яшчэ адзін Казіміраў, і коратка расказвала пра сустрэчу з поўным цёзкам героя-разведчыка Сцёпы Казімірава. Пісьмо, відаць, будзе дастаўлена Мірону Захаравічу заўтра. Паслязаўтра яна трымае адказ.
Далёка па тэрыторыі будоўлі, па навакольных лясах разносіцца гулкі металічны звон. Бязвусы падлетак старанна б'е цяжкім гаечным ключом па падвешаным да дрэва кавалку рэйкі. Спыняюцца маторы, уторкваюцца ў зямлю вострыя рыдлёўкі, замірае ў паветры страла экскаватара. Гэты звон — сігнал на абед.
У адну мінуту зялёны лужок непадалёк ад таго месца, дзе рыецца катлаван, запаўняецца рабочымі. Яны рассаджваюцца, дастаюць бутэрброды, бутэлькі з малаком. Потым, падсілкаваўшыся, здымаюць кашулі, загараюць ці, прыладкаваўшыся дзе-небудзь у ценю, чытаюць газеты.
А хто гэтыя двое, што прабіраюцца ў далёкі канец будаўнічай пляцоўкі, дзе складзены велізарны штабель цэглы? Гэта Антак і Болцікаў. Вось яны падыходзяць да штабеля, спыняюцца.
— Тут, — паказвае Болцікаў.— Яго піянеры адшукалі.
— Атрымліваецца, яны нам вельмі дапамаглі,— задаволена адказвае Антак. — А ты ўжо гатовы быў рукі апусціць.
— Але пакуль не забяруць цэглу, да пня нам не дабрацца.
— Нічога не папішаш. — Антак адкусіў кончык цыгарэты і злосна сплюнуў.— Давядзецца чакаць…
— Чакаць? — жахнуўся Болцікаў.— Я і так па начах не сплю, ад кожнага шолаху ў пот кідае.
— А з чаго гэта раптам? Ці заўважылі што? — нахмурыўся Антак.
— Ды як быццам не… Толькі вось сёння…
— Што сёння? Кажы!
— Ды вось… Узяў напісаў ім для газеты заметку, каб пусціць пыл у вочы. Ну, панёс. А яна як убачыла подпіс, дык адразу: «А вы раптам у злучэнні дзядзькі Мірона не партызанілі?» А я ёй: «Так, вядома». А яна як паглядзіць на мяне…
— Ды хто гэта яна, кажы толкам.
— Ну, гэтая іх настаўніца…
— А-а, — абыякава махнуў рукой Антак. — Што яна можа ведаць! Яна ў вайну яшчэ дзяўчынкай была. А што глядзіць недаверліва, дык гэта зразумела.
— Зразумела?
— Пайшлі, я табе раскажу.
Яны накіраваліся да вялікай павеці, пад якой стаяла машына Антака. Антак дастаў з-пад сядзення камеру і пачаў манціраваць скат. Болцікаў падышоў бліжэй.
— Дык вось, — пачаў Антак. — Ты ведаеш, адкуль ім стала вядома пра сейф?
— Не, — паматляў галавой Болцікаў.
— Я аднаго з іх распытаў… З дзённіка Сцяпана Казімірава. Яны нейкім чынам знайшлі яго дзённік.
— Таго, сапраўднага? — белымі вуснамі вымавіў Болцікаў.
— Атрымліваецца, што так.
— Дык я ж прапаў, як піць даць прапаў! — схапіўся за галаву Болцікаў.
— Ці мала людзей з аднолькавымі прозвішчамі на свеце, — спакойна сказаў Антак. — Чаго ты ўжо ў паніку кідаешся!
— У мяне з ёй спатканне прызначана, — безнадзейна прашаптаў Болцікаў.— Размовы будзем размаўляць…
— Пра што? — насцярожыўся ўжо і Антак.
— Пра мае баявыя подзвігі.
— А, ч-чорт! — вылаяўся Антак. — Значыць, нешта падазрае.
Ён на момант задумаўся, потым ненатуральна бадзёрым тонам загаварыў:
— Усё роўна нічога страшнага няма. Толькі ўжо іграць давядзецца да канца. Ніякіх аднолькавых прозвішчаў. Ты і ёсць той самы Сцяпан Казіміраў. Выжыў, уцалеў. У палоне быў. А наконт «подзвігаў» не турбуйся, — Антак кісла ўсміхнуўся. — Гэтага Казімірава я ведаю лепей за цябе. Я табе ўсё раскажу, а ты ёй перадасі. А каб пераканаўча было, і пра дзённік раскажаш. Быццам ты яго закапаў у хвіліну небяспекі, а як прыехаў зноў у гэтыя мясціны, хацеў адкапаць, ды не знайшоў — яго ўжо не было.
Болцікаў ухапіўся за гэтую думку.
— Вось бы дзённік дастаць. Хоць на адну ноч…
— Так, было б нядрэнна, — згадзіўся Антак. — Толькі як ты яго дастанеш? Я нешта не магу прыдумаць… — ён памаўчаў, потым злосна заўважыў: — І які чорт панёс цябе да яе з гэтай заметкай?! Не было б ніякіх страхаў.
— Дык я ж хацеў, як лепш… Думаў падазрэнні адвесці. А то мне чамусьці ўвесь час здаецца, што за намі сочаць. — Болцікаў раптам выпрастаўся, выцер насоўкай спацелы лоб. — Ведаеш, Антак, адпусці ты лепш мяне да майго піва. І мне спакайней будзе, і табе менш клопатаў…
— Дурань!..
— Сам дурань, — вяла агрызнуўся Болцікаў. Ён ведаў, што Антак усё роўна яго не адпусціць.
Васілёк кіруе экскаватарам
Позні вечар. Цьмяна гараць электрычныя лямпачкі, нягуста раскіданыя па тэрыторыі будоўлі. Толькі катлаван, дзе працуе экскаватар, азораны магутным і роўным святлом пражэктараў. Але вось машына змаўкае, гаснуць пражэктары — экскаватаршчык скончыў работу.
Не паспеў яшчэ растаць у цемры яго няясны сілуэт, не паспелі адгучаць крокі, як адна дошка ў агароджы ссунулася ўбок і ў шчыліну прасунулася хлапечая галава. Вось ужо маленькая фігурка, крадучыся, набліжаецца да слупа з электрычным рубільнікам. Ды гэта ж Васілёк! Азірнуўшыся па баках, ён уключыў рубільнік. Успыхнуў пражэктар. Васілёк ужо смялей падышоў да экскаватара, па прыступках ускараскаўся ў кабіну, сеў за рычагі кіравання. Экскаватаршчык не дазволіў яму пакіраваць машынай. Ну і не трэба. Ён сам… Вось кнопка пускацеля. Націснуў — і матор запрацаваў. Васілёк перавёў адзін рычаг — коўш пачаў павольна апускацца. А які ж рычаг цяпер? Не, з аднаго позірку гэта не так проста запомніць. Гэта не трактар, які Васілёк ведае назубок. Хіба толькі вось гэты паспрабаваць… Васілёк пацягнуў другі рычаг. Што гэта — раздаўся нейкі ціхі скрогат, машына здрыганулася і замоўкла. Усё зразумела: ён нешта сапсаваў. Трэба бегчы. Васілёк паспешліва спусціўся з машыны, кінуўся да агароджы, прасклізнуў у тую ж шчыліну і ўжо гатовы быў уздыхнуць з палёгкай, як раптам адчуў, што нечая жалезная рука схапіла яго за каўнер.