— Дзядзечка, пусціце! — адчайна крыкнуў ён, пазнаўшы ў цемры шафёра з таго вялікага самазвала.
— Цс-с-с! — шафёр, а гэта быў Антак, моцна заціснуў яму рот. — Не крычы! Як цябе зваць?
— В-васіль… — цяжка вымавіў Васілёк сваё імя.
— Та-а-к, Васіль… Значыць, шкодніцтвам займаешся?
— Я… х-хацеў толькі паспрабаваць…
— Ведаем мы гэтыя «паспрабаваць»… Кажы, хто падаслаў цябе?
— Ніхто не падсылаў… Я сам пайшоў.
— Ну добра, пойдзем да начальніка, там разбяруцца.
Васілёк не ведаў, што рабіць, адкуль чакаць выратавання. Нават не спрабуючы бегчы, ён пакорліва ішоў паперадзе шафёра. Раптам Антак спыніўся.
— А можа, не казаць начальніку? Нешта шкада мне цябе стала… А?
— Н-не ведаю, — прамямліў Васілёк.
— А ў цябе знойдзецца тысяч дзесяць на рамонт?
— Н-не…
— Ну, тады пойдзеш у турму. — Антак гаварыў спакойна, быццам аб якіх-небудзь дробязях. — Гадкоў на пяць… З піянераў, вядома, вылеціш. — Ён азірнуўся навокал. — Акрамя мяне, ніхто цябе не бачыў. Калі не казаць нікому, дык, можа, усё і абыдзецца…
— Дзядзечка, не кажыце, — пачаў прасіцца раптам Васілёк. — Я больш ніколі не буду нічога чапаць, што забараняецца… Н-ніколі не буду!
Антак памарудзіў з адказам.
— Ну што ж, магу і памаўчаць. Толькі ўмовімся: паслуга за паслугу. Я табе добрую справу зраблю, а ты — мне… Згодны?
— Згодны! — з радасцю адказаў Васілёк.
— Ты, здаецца, у адным будане з настаўніцай жывеш?
— Не.
— Э-э, — расчаравана працягнуў Антак, — тады справа складаная. Але, калі ты сапраўдны мужчына, справішся.
— А-а што вы хочаце? — усё яшчэ дрыготкім голасам спытаў Васілёк.
— Што хачу? Я табе зараз скажу. Вы, я чуў, знайшлі дзённік партызана Сцяпана Казімірава…
— Знайшлі,— з гатоўнасцю пацвердзіў Васілёк. — Цяжка было, а ўсё ж знайшлі.
— Гэта я ведаю. Малайцы, хлопцы! — Антак моцна сціснуў Васільку руку вышэй локця. — Таму я да цябе і звяртаюся з просьбай. Бачу, з кім маю справу. Мне б вельмі хацелася паглядзець гэты дзённік. Можа, ты возьмеш яго ў настаўніцы? Я потым вярну… пачытаю і вярну.
— Добра, я папрашу ў яе, — згадзіўся Васілёк.
— Э, не, — Антак памахаў пальцам ля яго носа. — Па некаторых меркаваннях мне б хацелася, каб ты гэта зрабіў непрыкметна, каб яна нават не ведала, што ты браў дзённік. А потым ты пакладзеш яго на месца. Ну як, зробіш?
— Пастараюся, — нізка апусціўшы галаву, ледзь чутна прашаптаў Васілёк.
— Ну, тады ідзі! — Антак адпусціў хлопчыка. — Толькі глядзі, нікому ні-ні… А калі прагаворышся… — Антак не скончыў сваёй пагрозы. Ён моўчкі сціснуў руку Васілька, сціснуў так, што ў таго вырваўся глухі стогн.
Васілёк вярнуўся ў будан вельмі позна. Ён яшчэ доўга хадзіў па цёмным лесе і ўсё думаў, думаў. Нават не пра экскаватар. Асабліва непакоіла яго просьба гэтага высокага шафёра. Чаму ён хоча здабыць дзённік патаемна? Хіба нельга папрасіць адкрыта? Чаму ён так строга наказваў, каб Васілёк нікому не прагаварыўся пра гэта? Нават прыгразіў… Як тут быць?
Васілёк прывык па кожнай больш-менш важнай справе раіцца з сябрамі, з тым жа Толікам, з Жэнькам. Тады і рашэнні неяк лягчэй знаходзіліся. А калі справа ўжо зусім сур'ёзная, — ну, скажам, выбар маршруту для падарожжа, — тады яны разам ішлі да Зінаіды Антонаўны і раіліся з ёю. А як цяпер? Ён не можа ні сябрам, ні настаўніцы нават заікнуцца аб гэтай справе. А справа, відаць, больш сур'ёзная, чым выбар маршруту…
Асцярожна, каб не пабудзіць хлопцаў, Васілёк прабраўся на сваё месца і пачаў распранацца. Дзіўная справа, ён ніяк не мог расшпіліць гузікі кашулі — перашкаджала непрыемнае трымценне ў руках. Нарэшце распрануўшыся, ён нырнуў да Толіка пад коўдру.
Спачатку трывога як быццам крыху сунялася. Ён нават паспрабаваў заснуць, пераканаўшы сябе, што раніцай што-небудзь прыдумае. Але сон не ішоў. Васілёк прыўзняўся на локці, прыслухаўся і крануў таварыша за плячо.
— Толька, Толька! Прачніся.
Толік пацягнуўся, не расплюшчваючы вачэй, спытаў:
— Чаго табе?
— Пагаварыць трэба. Толік сеў.
— Ну, што?
— Спачатку пакляніся, што нікому не скажаш.
— Што яшчэ за тайны такія?
— Не, ты пакляніся, — настойваў Васілёк.
— Слова гонару, нікому нічога не скажу! Васілёк некалькі секунд памаўчаў, нібы набіраючыся смеласці, потым ціха вымавіў:
— Бяда, Толька… Вялікая бяда.
— Ды кажы ж, у чым справа, не цягні!
— Я… — Васілёк не паспеў больш сказаць ні слова. За сценкай будана раптам пачуўся кашаль. У Васілька ад жаху выцягнуўся твар. Ён асцярожна прабраўся да выхаду, выглянуў. У трох кроках ад будана, пад дрэвам, стаяў шафёр. «Так і ёсць, сочыць». Васілёк хуценька вярнуўся і шмыгнуў пад коўдру.
— Хто там? — здзіўлена спытаў Толік.
— Н-не ведаю, так нехта… — ляскаючы зубамі, адказаў Васілёк.
— Ну, дык што ты мне хацеў расказаць?
— Н-нічога.
— Як нічога? Ты ж казаў, бяда нейкая…
— Гэта я так, пажартаваў.
— Добрыя жартачкі! — незадаволена буркнуў Толік, пераварочваючыся на другі бок.
Ой, як не хочацца Васільку, каб Толік цяпер заснуў. Ён спрабуе расштурхаць сябра:
— Толь, а Толь, колькі мы тут яшчэ прабудзем?
— Нядоўга. Спі.
Лёгка сказаць «спі», а калі думкі, трывожныя, невясёлыя думкі, не даюць табе заплюшчыць вочы? Вось хацеў жа Васілёк зрабіць па-піянерску, расказаць пра ўсё таварышу, параіцца з ім, як быць. Але аказваецца, гэты даўганогі шафёр слоў на вецер не кідае. Сочыць, чаго добрага, забіць можа. У яго такія вочы… А навошта яму дзённік Сцяпана Казімірава? І чаму ён не можа сам пайсці да Зінаіды Антонаўны, папрасіць? Не, тут нешта нядобра…
— Ад усіх гэтых думак у Васілька разбалелася галава.
Непрыкметна надышла раніца. Скрозь невялікія шчылінкі ў даху будана пачало прабівацца святло новага дня. А Васілёк усё яшчэ ні на што не мог рашыцца. Ён і не падазраваў, як цяжка быць аднаму, без таварышаў, без іх падтрымкі.
Васілёк паляжаў яшчэ крыху, потым асцярожна выпаўз з будана, агледзеўся. Пераканаўшыся, што паблізу нікога няма, ён гэтак жа асцярожна вярнуўся і зноў пачаў тармасіць Толю за плячо.
Толік заварочаўся і скрозь сон незадаволена прабурчаў:
— Ды што гэта з табой: і сам не спіш, і іншым не даеш?
— Толя, ды бяда ж якая здарылася! Я сабе месца не знаходжу…
— Ты скажаш ці не, якая бяда?! — узарваўся раптам Толік.
І тады Васілёк з цяжкасцю выціснуў з сябе:
— Я зламаў экскаватар!
Толік ускочыў на ногі, ледзь не прабіўшы галавой дах будана.
— Як гэта табе собіла?
— Ды вось…
Калі Васілёк расказаў таварышу ўсё па парадку: і пра сваю спробу папрацаваць на экскаватары, і пра сустрэчу з даўганогім шафёрам, і пра яго дзіўную просьбу, і пра тое, як ён ноччу падыходзіў да будана, Толік, ні слова не кажучы, пачаў хутка апранацца. Потым сказаў:
— Пайшлі!
— Куды? — спалохана ўтаропіўся на яго Васілёк.
— Да Зінаіды Антонаўны. Трэба ёй зараз жа пра ўсё расказаць.
— Не пайду, — заўпарціўся Васілёк.
— Чаму?
— Яна мяне адправіць дамоў…
— Ну, калі ты гэтым абыдзешся, я буду рады за цябе.
— Але ж я павінен быць тут, я ж самага пачатку…
— А ты што, хацеў рабіць дрэнныя ўчынкі і не адказваць за іх?
Гэтыя словы падзейнічалі на Васілька. Ён раптам захіліў твар рукамі і бязгучна заплакаў.