Выбрать главу

— Ну, чаго ты… Кінь, — ужо больш мякка загаварыў Толя. — Можа, там дробязь якая паламалася… Мяне больш турбуе гэтая дзіўная просьба. Вось пра яе і трэба як мага хутчэй расказаць Зінаідзе Антонаўне.

— Ну добра, тады пайшлі,— скрозь слёзы сказаў Васілёк.

Трывожны дзень

Раніца гэтага дня прынесла дзецям радасную навіну. Так і ёсць, пачалася закладка падмурка, і цэглу бяруць менавіта з таго штабеля, пад якім павінен знаходзіцца пень. Гэтую вестку прынёс «разведчык» — Жэнька. Узрадаваныя, дзеці нават не сталі чакаць снедання, а хутчэй памчаліся на будаўнічую пляцоўку.

Тут поўным ходам кіпела работа. Высокі, да воблакаў, вежавы кран, які да сённяшняга дня бездзейнічаў, плаўна падводзіў пляцоўку да цаглянага штабеля, што шматтонным грузам ахоўваў подступы да запаветнага пня. Рабочыя ў брызентавых рукавіцах грузілі на яе ярка-чырвоныя цагліны. Пляцоўка лёгка ўзнімалася ў паветра і апускалася дакладна каля муляраў з кельнямі. Хуткімі, спрытнымі рухамі муляры бралі ў рукі цагліны і акуратна ўкладвалі іх у падмурак будучага будынка.

Было ў гэтай рабоце, у яе дакладным рытме нешта ўрачыстае, і гэтым нібы падкрэслівалася значнасць моманту. Дзеці глядзелі на ўсё, што адбывалася, як зачараваныя.

Падышлі сюды і Болцікаў з Антакам. Яны ж таксама з нецярплівасцю чакалі гэтага дня. Антак затрымаўся ненадоўга. Ён нешта шапнуў Болцікаву і накіраваўся да свайго самазвала, які стаяў з другога боку цаглянага штабеля.

Зінаіда Антонаўна, заўважыўшы, што Болцікаў застаўся адзін, падышла да яго і ціха спытала:

— Таварыш Казіміраў, а вы не забылі пра нашу сустрэчу?

— Якую сустрэчу? — насцярожана перапытаў Болцікаў, але адразу ж, успомніўшы, зноў усміхнуўся аднымі вуснамі.— Ах, так… Памятаю, памятаю, а як жа. Толькі ведаеце што, прыходзьце пазней, гэтак гадзін у дзесяць вечара, тады ўжо нам ніхто перашкаджаць не будзе…

— Мне ўсё роўна, глядзіце, каб вам было зручна, — знешне спакойна адказала Зінаіда Антонаўна і накіравалася да дзяцей.

Спакой яе быў толькі знешні, унутрана яна з вялікім хваляваннем чакала гэтай сустрэчы. Круглы цёзка яе партызанскага сябра Сцяпана Казімірава зацікавіў Зінаіду Антонаўну яшчэ пры першай сустрэчы, там, у кабінеце начальніка будаўніцтва. Але асабліва яе трывога ўзрасла пасля сённяшняй размовы з Васільком і Толем. Хлопцы расказалі, што шафёр дваццаціпяцітоннага МАЗа просіць дзённік Сцёпы. Ды яшчэ як просіць: не ў яе, а ў Васілька і не адкрыта, а тайна, з пагрозамі. А галоўнае, што гэтага шафёра і вартаўніка яна некалькі разоў бачыла разам. Усё гэта вельмі непакоіла яе, і яна спадзявалася, што сустрэча з кульгавым вартаўніком многае растлумачыць.

Як толькі Зінаіда Антонаўна адышла, Болцікаў, зладзеявата азірнуўшыся, накіраваўся проста да Антака, які, падняўшы капот, засяроджана корпаўся ў маторы.

— Ужо! — таямніча шапнуў Болцікаў.

— Што ўжо?

— Напамінала пра сустрэчу.

— Ну і што? — суха запытаў Антак.

— Табе «ну і што»! — раптам ускіпеў Болцікаў.— Ты — калі што — хвастом накрыўся, і шукай ветру ў полі. У цябе сувязі, яўкі… А мне куды загадаеш падацца?

— Не бойся, дурань, — спакойна кінуў Антак і загадкава ўсміхнуўся. — На вось, пачытай лепш…

З гэтымі словамі Антак працягнуў разгубленаму Болцікаву даволі тоўсты блакнот.

— Што гэта?

— Дзённік Сцяпана Казімірава. Твой, значыць…

— А як ты яго дастаў? — Болцікаў увесь загарэўся ад цікаўнасці.

— Ну, гэта ўжо не твая справа! — поўны гордасці, сказаў Антак. — Ты лепш ідзі куды-небудзь у лес, пакуль ёсць час, ды як мае быць да экзамену падрыхтуйся.

— Ох, бог ты мой, — закаціўшы вочы да неба, прастагнаў Болцікаў.— І калі ўсё гэта скончыцца!

— Не скуголь! — грозна засыкаў на яго Антак. — Бачыш, як цэгла хутка растае? Пры такіх тэмпах пад вечар да пня дабяруцца. А ноччу мы ўсё і абцяпаем. Зразумеў? Усё ідзе як нельга лепш. Нават калі ў яе і ўзнікне якое падазрэнне, позна будзе. Пакуль што да чаго, і след наш прастыне.

— На словах яно заўсёды гладка атрымліваецца, — прамармытаў Болцікаў, хаваючы за пазуху дзённік Сцяпана Казімірава.

У лесе, выбраўшы зацішную мясцінку, ён пачаў падрабязна вывучаць дзённік. Гэты занятак захапіў яго так, што ён і не заўважыў, як прайшоў дзень і сонца стала хіліцца да захаду. Толькі цяпер, пазнаёміўшыся з запіскамі партызана, Болцікаў зразумеў многае з таго, пра што яны з маёрам думалі, над чым столькі ламалі галаву. Дык вось хто папярэдзіў ляхаўчан, што іх збіраюцца забіраць у Германію. Усё гэты Казіміраў! А праз яго ж і сам Болцікаў ледзь не паплаціўся жыццём. Яго тады немцы хацелі расстраляць, як таго старасту. Ледзь вымаліў літасці, на каленях. Адыходлівы ўсё ж характар быў у маёра Брунера.

Бандыт злосна сціснуў кулакі.

— Ну, не ведаў я гэтага раней. Сваімі б рукамі дабіў, калі б ты трапіў да нас у камендатуру, Сцяпан Казіміраў!

Ад успамінаў да рэчаіснасці Болцікава вярнуў гук цяжкіх крокаў злева. Ён ускочыў і пачаў напружана ўглядацца ў той бок скрозь густыя галіны алешніку. Што і казаць, трывожныя дні насталі для былога брунераўскага ад'ютанта. Нездарма кажуць: хто парася ўкраў, у таго ў вушах пішчыць. Там, далёка ад гэтых месц, у сваім піўным ларку, ён яшчэ адчуваў сябе больш-менш спакойна. А тут кожны шолах, кожны скіраваны на яго позірк заганяў, як кажуць, яго баязлівую душу ў пяткі.

Кусты рассунуліся, і на палянку выйшаў Антак.

— Ты чаго гэта прахалоджваешся! — накінуўся ён на Болцікава. — Табе ж на змену заступаць.

— Ды ці час ужо? — пачаў нясмела апраўдвацца Болцікаў.

— Што, зачытаўся сваімі «подзвігамі» і забыў пра ўсё на свеце? — з'едліва спытаў Антак.

— Небяспечны ён быў для нас чалавек, — быццам не заўважыўшы тону апошніх слоў Антака, задуменна сказаў Болцікаў.

— Усё прачытаў?

— Усё.

— І запомніў, дзе ён быў, у якіх аперацыях удзельнічаў?

— Быццам бы запомніў,— няўпэўнена адказаў Болцікаў.

— Глядзі ж, у людзях не памыліся, — павучальна сказаў Антак.

— Пастараюся.

— А цяпер давай яго сюды.

— Што? — не зразумеў Болцікаў.

— Дзённік. Мне ж яго вярнуць трэба. Я ўзяў толькі на адзін дзень.

— Бяры, — Болцікаў працягнуў дзённік Антаку і пацікавіўся: — А як там справы на будоўлі? Да пня яшчэ не дабраліся?

— Яшчэ не. Але ўжо хутка. Радоў дваццаць засталося. Я выбраў там у адным месцы некалькі цаглін і якраз на пень наткнуўся. Так што сёння будзе ў нас гарачая ночка.

— Ужо сёння? — Болцікаў скурчыўся, жаласліва гледзячы ў вочы Антаку.

— А як ты думаў! Калі заўтра да яго дабяруцца дзеці, нам з табой там ужо рабіць не будзе чаго. Гэтыя малакасосы адкапаюць. А мы павінны іх апярэдзіць. Так што доўга з гэтай настаўніцай не балбачы, а як толькі вызвалішся — хутчэй да мяне, на падмогу. Я пакуль цэглу буду разбіраць.

— Паслухай, Антак, — пачаў маліць Болцікаў.— Калі мы тут апошнюю ноч, дык навошта мне з ёю сёння размаўляць? Яшчэ, чаго добрага, наблытаю, яна адчуе — перашкодзіць нам можа.

— А гэта ты справу кажаш, — пахвальна кіўнуў галавой Антак. — Перанясі размову на заўтра. Толькі падставу пераканаўчую прыдумай, а то яшчэ хутчэй западозрыць можа.

— Прычыну мне лягчэй прыдумаць, чым размаўляць з ёю.

— Ну вось і думай. А цяпер пайшлі! Рассоўваючы пругкія галіны кустоў, Антак

і Болцікаў сталі прабірацца да прасекі, па якой праходзілі слупы тэлефоннай лініі. Каля аднаго са слупоў Антак спыніўся. Ён дастаў з кішэні манцёрскія абцугі-кусачкі і палез на слуп.

— Што ты там забыўся? — задраўшы галаву, пацікавіўся Болцікаў. Але, убачыўшы, як спачатку адляцеў адзін провад, спрытна перашчоўкнуты Антакам, а за ім і другі, здагадаўся: — Правільна робіш. Каб ніякай сувязі ў іх не было.

— А ты думаў, мы лыкам шытыя? — саскокваючы са слупа і самазадаволена ўсміхаючыся, сказаў Антак. — Мы школу добрую прайшлі.

— А ты паведаміў туды, каб нас чакалі? — Болцікаў паказаў рукой на захад.