Выбрать главу

— Паспеецца, — і, злёгку падштурхнуўшы свайго саўдзельніка ў спіну, Антак дадаў: — Ну, ідзі ж! Не бойся!

* * *

Гэтая ноч — трэцяя ноч у лесе, непадалёк ад будаўнічай пляцоўкі дрэваапрацоўчага камбіната, — для Зінаіды Антонаўны была асабліва трывожнай. Спяць дзеці. Доўгі, багаты на ўражанні дзень змарыў усіх. Ды яны і не ведаюць тых трывог, якія не даюць спаць іх настаўніцы.

Недзе там, у крайнім будане, мірна сапе ў сне Васілёк. Няхай спіць. Ён шмат перажыў і мінулай ноччу, і сёння пасля абеду, калі ў іх у лесе сам сабой адбыўся піянерскі збор. Ну і дасталася ж яму ад таварышаў. Амаль усе прапаноўвалі адправіць яго дадому. Ведалі, што горшага пакарання не прыдумаць, і ўсё роўна прапаноўвалі. Ёй самой давялося заступіцца за яго. Вядома, учынак яго заслугоўваў такой кары. Але ж ён сам ва ўсім сумленна прызнаўся. І акрамя таго — пра гэта Зінаіда Антонаўна, вядома, змаўчала, — Васільку трэба было яшчэ сустрэцца з гэтым высокім шафёрам, забраць у яго дзённік Сцяпана Казімірава.

Зінаіда Антонаўна ляжала ў будане побач з Нінай, Нэляй і іншымі дзяўчынкамі, якія моцна спалі. Ляжала, але не спала. І не таму, што над вухам тонка і пранізліва звінелі камары, — іх яна нават не заўважала. Настаўніца, як гэта яна заўсёды рабіла, кладучыся ў пасцель, у думках падводзіла вынік прайшоўшага дня, ацэньвала свае ўчынкі, словы, прынятыя рашэнні. Яна не баялася назваць сваім імем любую памылку або промах, але заўсёды старалася не паўтараць падобнага ў іншы раз. Ці не таму Зінаіда Антонаўна лічылася лепшай настаўніцай у школе?

Вось хаця б Васілёк… Недагледзела ж, лічыла, што ўсіх сваіх выхаванцаў ведае як нельга лепш. Гэта ад залішняй самаўпэўненасці. А ён усё ж малайчына. Не пабаяўся нічога, нават пагроз. А чаму гэты шафёр яму пагражаў? І якія наогул падазроныя людзі гэты шафёр і той, кульгавы… Трымаюцца разам. Што паміж імі агульнага? І чаму так падазрона ён раптам захварэў, гэты Казіміраў? Ці не Казіміраў? Сёння ж раніцай яны размаўлялі, і нічога не было прыкметна, а вечарам Зінаіда Антонаўна застала яго з павязанай апухлай шчакой, жаласнага і няшчаснага. Вядома, у такім стане яму было не да размоў. Але нешта хутка яму так разнесла шчаку. І тут Зінаідзе Антонаўне давялося прызнаць яшчэ адну сваю памылку. Ёй трэба было не пісьмо пісаць Мірону Васільевічу, а пазваніць па тэлефоне. Так, промах, вельмі вялікі промах. Але яго можна выправіць. Не толькі можна — трэба. Заўтра ж у першую чаргу пазваніць Мірону Васільевічу і пра ўсё расказаць, — аддала сабе ў думках загад Зінаіда Антонаўна. «А чаму заўтра? — раптам задумалася яна. — Заўтра можа быць позна. Не, гэта трэба зрабіць сёння, зараз жа! У Мірона Васільевіча ёсць дома тэлефон. Нічога, што ўжо ноч. Я ж не па дробязях яго турбую».

Зінаіда Антонаўна паспешліва пачала апранацца. Паспешліва і ў той жа час асцярожна: ёй не хацелася трывожыць дзяўчынак.

Цяпер, калі пытанне з Казіміравым было, можна сказаць, вырашана, Зінаіда Антонаўна зноў у думках звярнулася да шафёра, стараючыся знайсці лагічнае тлумачэнне яго паводзінам. Але як яна ні старалася, нічога рэальнага ў галаву не прыходзіла. Навошта яму спатрэбілася запалохваць хлопчыка? І наогул, што ён хацеў знайсці ў дзённіку? Учора яна, вядома, не прыглядалася да гэтага шафёра, але сёння ўжо назірала за ім больш уважліва, бо ведала пра яго загадкавую просьбу. Зінаіда Антонаўна паспрабавала аднавіць яго партрэт у сваёй памяці. І раптам… раптам пальцы ў яе задрыжэлі: ёй здалося, што яна бачыла некалі гэтага чалавека, недзе сустракалася з ім. Гэты нядобры, палохаючы позірк… У каго ж быў такі позірк? Зінаіда Антонаўна з усіх сіл напружыла памяць і… з яе грудзей ледзь не вырваўся крык. Яна ўспомніла. Такі цяжкі, злосны позірк быў у начальніка паліцыі Вышамірскага. Калі яна хавалася ў кустах з сакваяжыкам доктара Долахава, а ён — Антак Вышамірскі — шукаў яе, у яго быў вось такі ж позірк. І гэты позірк запомніўся ёй на ўсё жыццё. Няўжо гэта ён? Начальнік паліцыі іх раёна? Нельга марудзіць ні хвіліны. Хутчэй да тэлефона!

Зінаіда Антонаўна выйшла з будана і спынілася. Вільготнае, водарнае лясное паветра ахінула ёй твар. Было ціха, толькі з аднаго будана даносілася нягучнае хлапчуковае сапенне. Гэта нагадала настаўніцы, што трэба прыхапіць з сабой хаця б двух хлопчыкаў. Раптам давядзецца куды-небудзь паслаць: у пасёлак, напрыклад, да начальніка будаўніцтва. Яе выбар выпаў на Толіка і Васілька.

Хутчэй! Хутчэй!

Сутычка

Калі паштальён прынёс на кватэру Дубатаўкі пісьмо ад Зінаіды Антонаўны, Мірона Васільевіча не было дома. Ён паехаў у райцэнтр на нараду калгасных старшынь. Вярнуўся позна ўвечары і з ходу скамандаваў жонцы:

— Вячэраць! Давай хутчэй вячэраць. Цэлы дзень у роце макавай расінкі не было.

Пакуль жонка, Агрыпіна Пятроўна, збірала на стол, Мірон Васільевіч прайшоў у свой кабінет і ўбачыў пісьмо. Ён, не спяшаючыся, распячатаў яго, прачытаў і адразу ж аддаў новую каманду:

— Адставіць вячэру!

Нічога не тлумачачы жонцы, Мірон Васільевіч схапіў плашч і выбег з дому. Але жонка ўжо ведала: здарылася нешта важнае. У іх прыгранічным раёне такое было не ўпершыню.

Не прайшло і паўгадзіны, як Дубатаўка быў ужо ў начальніка пагранічнай заставы маёра Шэвелева. Ён уварваўся без стуку — Шэвелеў быў у яго злучэнні начальнікам разведкі, і да гэтага часу яны заставаліся самымі блізкімі сябрамі — і з месца ў кар'ер задаў пытанне:

— Скажы, таварыш Шэвелеў, партызана Сцяпана Васільевіча Казімірава ты хаваў?

— Так точна!

— Асабіста?

— Асабіста.

— Як жа ты мог яго пахаваць, калі ён жывы?

— Жы-вы? — у маёра ад здзіўлення акругліліся вочы. — Не можа быць!

— А вось пачытай, — і Мірон Васільевіч працягнуў Шэвелеву пісьмо Зінаіды Антонаўны.

Маёр узяў пісьмо, прабег яго вачыма.

— Нічога не разумею. Я ж…

Мірон Васільевіч не даў яму закончыць:

— Я таксама нічога не разумею, але думаю, што нам з табой трэба з'ездзіць на будаўніцтва камбіната. Інакш у гэтай справе не разабрацца.

— Правільна! — не марудзячы згадзіўся Шэвелеў.— І зараз жа, не трацячы ні секунды. Ты гатоў?

— Гатоў! — коратка, па-ваеннаму адказаў Мірон Васільевіч.

* * *

Быццам напалены дабяла дыск, вісіць на небе месяц. Яго бледнае, безжыццёвае святло робіць усё навокал нейкім таямнічым, фантастычным. У гэтым святле здалёк бачны двое. Яны стаяць каля доўгай дашчанай агароджы паблізу прахадной будкі і ціха аб нечым раяцца. Адзін высокі, дужы з выгляду. Другі невялікага росту, у руках у яго паляўнічая стрэльба — такімі ўзбройваюць начных вартаўнікоў.

Высокі гаворыць, як сячэ:

— Капаць пакуль буду я. Ты застаешся тут. Глядзі, каб хто-небудзь не натрапіў. Спатрэбішся — паклічу. А чаго гэта ты так прыбраўся?

Той, што меншы ростам, сарамліва азірае сябе. Ён у спартыўным касцюме, на галаве — берэт.

— Гэта мой драпальны касцюм, — нявесела жартуе ён. — На шчасце надзеў. Ён мяне яшчэ не падводзіў.

— Дурань! — сплёўвае высокі і знікае ў прахадной…

І вось Антак Вышамірскі доўгім жалезным прутом зусім гэтак жа, як рабілі хлопцы на лясной дзялянцы, абмацвае зямлю вакол счарнелага магутнага пня. Цагліны ў гэтым месцы паўкругам выбраны са штабеля і валяюцца ўбаку.

Вось прут наткнуўся на нешта цвёрдае. Антак пачаў капаць. Вострая рыдлёўка бразнула аб жалеза. Яшчэ трошкі — і апошнія сумненні знікаюць. Тут сейф. Цалюткі.

Антак распрастаўся, уздыхнуў з палёгкай. Усадзіўшы рыдлёўку ў зямлю, асцярожна выбраўся з ямы і пайшоў клікаць Болцікава. Праз некалькі хвілін яны вярнуліся ўдвух.

— Давай паспрабуем! — скамандаваў Антак, саскокваючы ў яму.

Агульнымі намаганнямі яны паспрабавалі ссунуць жалезную скрыню з месца. Ды дзе там: каб зусім вызваліць яе, трэба яшчэ капаць і капаць. А час не чакае. Антак узяў загадзя падрыхтаваны лом, падвёў яго пад сейф, а на процілеглы канец наваліўся сам. Раз-два! Сейф прыўзняўся, а потым, зноў апусціўшыся, лёгка высклізнуў з гнязда.

— Вось так! — скрозь зубы працадзіў Антак, быццам даючы зразумець Болцікаву ўсю яго нікчэмнасць.