— Хвост?.. Ну, тады гуляйце без мяне. Не хачу быць хвастом. У мяне іх і ў школе хапае, ніяк адчапіцца не магу.
— Тады сам прыдумай сабе імя. Шурка падумаў крыху і сказаў:
— Клічце мяне Дзік.
— А цяпер мы павінны прыняць знешні выгляд індзейцаў. Бачылі, якімі іх малююць у кніжках? У іх арліныя насы, на галавах тарчаць пёры, а на шыі — пацеркі са звярыных зубоў.
Вадзік раздаў хлопцам пацеркі і стужкі з прымацаванымі да іх гусінымі пёрамі. Тыя начапілі ўсё гэта на сябе. Правадыр, агледзеўшы сваіх прыяцеляў, застаўся задаволены.
— А дзе ж мы возьмем арліныя насы? — спытаўся Марык.
— Самі зробім, — Вадзік паказаў на пластылін. — Вось… Навошта ж ты, Шурка, бярэш зялёны пластылін? Насы павінны быць чырвоныя!
— Чырвоныя насы бываюць толькі ў п'яніц.
— А дзе ты бачыў індзейца з зялёным носам?
— Ды не чапай ты яго, — умяшаўся Марык, — няхай лепіць хоць чорны нос.
Хлопчыкі старанна ўзяліся за справу, і неўзабаве насы ў іх значна падаўжэлі, хаця на арліныя былі не дужа падобны. Тым не меней правадыр зноў выказаў сваё задавальненне:
— Ну, цяпер вы сапраўдныя індзейцы: засталіся дробязі, зрабіць з пластыліну знакі і прыклеіць іх на лоб.
— Якія яшчэ знакі?
— Ну вось я, напрыклад, Арлінае Вока. Гэта значыць, што ў мяне на лбе павінна быць вока.
— А калі я Дзік, як жа я вылеплю дзіка? Я і не ўмею, — разгублена кажа Шурка.
— І зусім не абавязкова дзіка, — адказаў яму Марык. — Дастаткова свіны лыч. Давай я табе вылеплю.
Шурка падышоў да Марыка, і той, вылепеўшы нешта падобнае на свіны лыч, прымацаваў яму на лоб.
— Ну, што скажаш, Арлінае Вока? — спытаўся Шурка ў Вадзіка.
— Проста цудоўна, Дзік… Цяпер мы яшчэ павінны выбраць сабе баявы кліч, з якім будзем кідацца на ворагаў. Я прапаную такі…— і Вадзік закрычаў на ўвесь лес: — Вар-вір!..
— Не, — запярэчыў Шурка, — я прапаную наадварот: «Вір-вар».
— Добра, чаго там спрачацца, прымем і той і гэты. Толькі няхай «вар-вір» азначае «так», а «вір-вар» — «не». Калі я буду аб чым-небудзь у вас пытацца, вы, калі згодныя, крычыце «вар-вір», а калі не — «вір-вар». Дамовіліся?
— Вар-вір, — у адзін голас выгукнулі Шурка і Марык.
— А цяпер пачнем гульню. Спачатку трэба распаліць вогнішча, а потым развучыць «танец перамогі».
Хлопчыкі хутка сабралі сухое галлё і распалілі агонь. Вадзік, узяўшы ў рукі бубен, пачаў біць у яго з усяе сілы і, дзіка вырачыўшы вочы, закружыўся ў «баявым танцы». Шурка і Марык старанна пераймалі ўсе яго рухі. Яны бегалі вакол вогнішча, прысядалі, махалі рукамі, скакалі праз агонь і нешта крычалі. Нарэшце Вадзік спыніўся і, крыху аддыхаўшыся, раздаў сябрам лукі і калчаны са стрэламі.
— А цяпер, сябры мае, у паход!
— А дзе ж мы знойдзем Хрусталёва? — спытаўся Шурка.
— Ды цяпер яго якраз лягчэй за ўсё знайсці,— сказаў Марык.
— Ён, напэўна, як і ўчора, сядзіць ля рэчкі, рыбку ловіць.
— Наперад, на рэчку! — скамандаваў правадыр чырванаскурых.
…Асцярожна краліся па непраходных нетрах першабытнага лесу індзейцы. Яны выйшлі на баявую сцежку, як сказаў Вадзік. Сціскаючы ў руках зброю, чырванаскурыя ступалі па зямлі лёгкім, пругкім крокам, чуйна прыслухоўваючыся да таямнічай цішыні, зрэдку парушаемай крыкамі дзікіх звяроў. Але вось наперадзе, у прагалінах паміж дрэў, бліснула, быццам востра наточанае лязо тамагаўка, асветленае сонцам водная роўнядзь ракі. На беразе, спіной да іх, сядзеў і мірна вудзіў рыбу бледнатвары прышэлец. Хаваючыся ў высокай траве, яны нячутна падпаўзлі да яго. Правадыр падаў умоўны знак, і, імгненна ўскочыўшы на ногі, адважныя воіны з гучным клічам «вар-вір!» накінуліся на свайго ворага, звязалі яго па руках і нагах і, узваліўшы на сябе, пацягнулі ў глыбіню лесу.
…Стаміўшыся цягнуць свайго палоннага праз густыя зараснікі, індзейскія воіны па знаку правадыра паклалі звязанага Лёшу Хрусталёва пад дрэва, а самі, аціраючы потныя твары, селі крыху воддаль.
— Пусціце! — абураўся Лёша, беспаспяхова спрабуючы вызваліцца ад вяровак, якія балюча ўпіліся ў цела. — Вы што, звар'яцелі?! Развяжыце мяне! Чуеце, зараз жа развяжыце!
— Мы індзейцы, — спакойна адказаў Вадзік, — мова бледнатварых нам не знаёмая. Толькі я, Арлінае Вока, тое-сёе разумею. Але ўсе пытанні мы вырашаем на савеце старэйшын племені. Зараз я спытаюся ў іх, ці згодны яны вызваліць цябе?
Вадзік звярнуўся да сваіх сяброў з нейкай тарабаршчынай.
— Вір-вар, — закрычалі яны ў адказ.
— Чуеш, яны не згаджаюцца…
— Хлопцы, ды кіньце вы прыдурвацца!.. Ну хоць рукі развяжыце, камары ж заядуць!..
Пашаптаўшыся аб нечым з Марыкам і Шуркам, Вадзік усё гэтак жа спакойна прамовіў:
— Члены вялікага савета гавораць, каб ты напісаў на камароў скаргу ў газету. Магчыма, яны і перастануць кусацца.
— Ах, вось яно што?! Вырашылі, значыць, адпомсціць!
— Вір-вар! Вір-вар! — загукалі Марык і Шурка.
— Маё племя не разумее, аб якой помсце гаворыш ты, бледнатвары брат мой.
Лёша зноў паспрабаваў вызваліцца ад вяровак, але гэта яму не ўдалося.
— Калі вы зараз жа мяне не развяжаце, я буду крычаць, клікаць на дапамогу.
Пераглянуўшыся з сябрукамі, Вадзік прамовіў:
— Маё племя адпусціць цябе, як толькі мы выканаем «танец перамогі».
Хлопчыкі з гучнымі крыкамі пачалі кружыцца вакол Лёшы. Яны рабілі нейкія недарэчныя рухі і строілі смешныя грымасы. Але Лёшу было не да смеху.
— Пакуль вы скончыце свой ідыёцкі танец, — намагаўся ён перакрычаць хлопчыкаў,— камары з'ядуць мяне!..
— Ну што ж, — крычаў у адказ Вадзік, — адным здраднікам будзе менш…
У гэты момант у Вадзіка з рук выпаў бубен і пакаціўся ў кусты. Ён пабег за ім, нагнуўся і раптам, схапіўшыся за руку, нема закрычаў:
— Ой, мяне змяя ўкусіла!
— Дзе? Якая змяя? — падбеглі да яго Шурка і Марык.
Убачыўшы змяю, яны спалохана адскочылі і, кінуўшы Вадзіка, пусціліся наўцёкі.
— Куды ж вы?.. — лямантаваў наўздагон ім Вадзік. — Дзік, Сакаліны Кіпцюр! Вярніцеся! Памажыце! О-ой!..
— Зараз жа развяжы мяне, — загадаў Вадзіку Лёша.
— Не магу… Не маю права…
— Калі зараз жа не развяжаш, ты загінуў!..
Вадзік, не перастаючы гучна стагнаць, развязаў Лёшу. Той, ледзь вызваліўшыся, адразу схапіў яго за руку і пачаў уважліва разглядаць дзве невялічкія ранкі. Затым туга перацягнуў вяроўкай Лёшкаву руку крыху вышэй за тое месца, дзе чырванелі сляды змяіных зубоў. Прыпаўшы да ранкі ротам, ён высмоктваў з іх і сплёўваў яд…
— Ну, здаецца, амаль усё высмактаў… Цяпер ужо не страшна, але трэба хутчэй паказацца ўрачу. Ты можаш сам ісці?
— Не, мне нешта дрэнна… Баліць рука… І ў вачах цямнее.
— Нічога, нічога, гэта зараз пройдзе. — Лёша дапамог Вадзіку падняцца. — Ну, пайшлі…
— Лёша, а ты на мяне не злуешся?
— Вось яшчэ, глупства ўсё гэта.
— А Шурка і Марык вунь якімі аказаліся.
— Ну, ведаеш, змяя каго хочаш напалохае.
— Але ж ты не спалохаўся.
— Можа, і напалохаўся б, але ж я звязаны ляжаў.
— Лёша, ты прабач мне…
— Ды кінь ты. Знайшоў пра што гаварыць… Пайшлі хутчэй у лагер. Абапрыся на маё плячо.
Ля кастра
Параіўшыся са сваім класным кіраўніком Несцерам Фёдаравічам, вучні з сёмага «В» класа вырашылі на гэты раз пайсці па гістарычных месцах, дзе змагаўся партызанскі атрад дзядзькі Сцёпы.
Але ўжо ў самым пачатку паходу чырвоным следапытам давялося крыху затрымацца: пайшлі дапамагаць калгаснікам зграбаць сена.
Таню і Міхася пакінулі дзяжурыць па лагеру, далі заданне прыгатаваць вячэру.
Пакуль Таня, стоячы на каленях, поркалася ля патухлага кастра, Міхась бестурботна махнуў на ўсё рукой і заваліўся спаць у будане з яловых галін. Пераканаўшыся, што адной ёй касцёр не распаліць, Таня падышла да будана і з сілай пацягнула Міхася за ногі. Праціраючы вочы, Міхась вылез са свайго сховішча.