Выбрать главу

— Вось лепшыя дровы для кастра, сасновыя сучкі.

— Правільна, але ж яны сырыя, — заўважыў хлопчык. — Зараз я сам пашукаю.

— Ну і задавака! — незадаволена прамармытаў Міхась.

— Не, не задавака. Ён і сапраўды ўсё ўмее.

— «Умее, умее»! Падумаеш! Трэба будзе яго праэкзаменаваць. Практыка без тэорыі — нуль без палачкі.

З лесу нечакана пачулася песня. Неўзабаве да будана падышоў Несцер Фёдаравіч.

— Ну як, дзяжурныя, ці гатова вячэра? Усе ўжо мыюцца ў рэчцы.

— Хутка згатуецца, — не дужа ахвотна адказаў Міхась.

— Ну вось, — звяртаючыся да Тані, весела сказаў настаўнік, — а ты не хацела заставацца. З такім арлом нідзе не прападзеш.

Міхась нічога не сказаў.

— Мы таксама добра папрацавалі,— гаварыў Несцер Фёдаравіч, нібы не заўважаючы Міхасёвай панурасці.— Усё сена ў копы склалі, ды і навіну цікавую пачулі. Даведаліся, дзе жыве і вучыцца Віця Сташкоў, той славуты юннат.

— Дзе? — пацікавіўся Міхась. Выгляд у яго па-ранейшаму быў даволі змрочны.

— Тут, непадалёк, у Слабадзе. Вось што, вы рыхтуйцеся частаваць нашых працаўнікоў вячэрай, а я пайду пагляджу, як яны мыюцца…

— Цікава, дзе ж гэтая Слабада?

— А вось зараз даведаешся, — адказала Таня.

— Бачу, табе вельмі падабаецца гэты майстар на ўсе рукі.

— Вельмі.

— Зараз ты ў ім расчаруешся.

— Чаму?

— А вось пабачыш.

Калі хлопчык вярнуўся з сухімі сасновымі сучкамі, Міхась спытаў у яго:

— Ты мясцовы?

— Мясцовы.

— А дзе вёска Слабада?

— За рэчкай, адсюль будзе кіламетры тры.

— Скажы, а ці ведаеш ты славутых людзей свайго раёна?

— Чаму ж не? Ведаю.

— Ану, назаві…

— У нас ёсць два Героі Савецкага Саюза — Васіль Вітальевіч Крайко і Сцяпан Цімафеевіч Кандратовіч. Першаму прысвоена гэтае званне за фарсіраванне Дняпра. А Сцяпан Цімафеевіч — гэта дзядзька Сцёпа.

— Так. А яшчэ? — не супакоіўся Міхась.

— Ёсць яшчэ ў нас Героі Сацыялістычнай Працы. Вядомы льнавод Ніна Пятроўна Мытнік і яе бацька, палявод Пётр Ігнатавіч.

— А ці ведаеш ты Віцю Сташкова?

— Не, не ведаю, — адказаў хлопчык, крыху чамусьці пачырванеўшы.

— Ну вось, а гэта ж славуты юннат, пра якога пісалі ў газетах.

Хлопчык раптам заспяшаўся:

— Трэба дадому ісці, рыбу аднесці. Сёння акунёў налавіў. Таксама добрая юшка будзе…

У гэты момант вярнуўся Несцер Фёдаравіч. Убачыўшы хлопчыка, ён са здзіўленнем сказаў:

— Міхась, Таня! Чаму ж вы мне адразу не сказалі, што ў нас такі госць?!

— У нас ніякіх гасцей не было, — паціснуўшы плячыма, адказаў Міхась. — Хіба што гэты хлопчык…

— Ды гэта ж Віця Сташкоў! Як кажуць, уласнай персонай. Мы ж з табой ужо сустракаліся? — звярнуўся ён да Віці.

— Так. На раённым злёце юннатаў.

— Вось бачыш, якімі сапраўдныя піянеры бываюць! — ціха сказала Міхасю Таня.

— Хоць забі мяне, нізашто не паверыў бы, што такі славуты юннат — і раптам супам займацца будзе, — гэтак жа ціха адказаў ёй збянтэжаны Міхась.

— Таня, — спытаў Несцер Фёдаравіч, — ці гатова вячэра?

— Гатова, Несцер Фёдаравіч, — бойка адказала Таня.

— Тады, Міхась, кліч сюды ўсіх.

Выпрабаванне

Здарылася так, што трое шасцікласнікаў трапілі на нейкі рачны астравок.

Плылі яны ў лодцы, лодка пачала тануць і патанула.

Кінуліся хлопчыкі ў ваду, даплылі да вострава.

Выратаваліся.

Выратаваліся — гэта добра. Але што ж рабіць далей?

Есці няма чаго. Хутка стане цёмна. Аднак Пеця і Федзя не вельмі сумавалі. Стараючыся разагнаць дрэнны настрой, яны расказвалі смешныя гісторыі, спявалі песню пра адважнага капітана:

Раз пятнадцать он тонул, Погибал среди акул, Но ни разу Даже глазом Не моргнул…

Горш было з Васем. Ён зусім зажурыўся. Як ні стараліся сябры, падбадзёрыць яго не ўдавалася.

Тады Пеця і Федзя пакінулі сябра на тым месцы, дзе сушылася іх адзенне, а самі пайшлі шукаць шчаўе.

Але адзіноцтва зусім дрэнна падзейнічала на Васю.

«Вось дык гісторыя, — думаў ён. — Нашым хлебам і салам, якія былі ў лодцы, зараз шчупакі ласуюцца, а мы сядзім галодныя. Як тут на адной траве пратрымаешся?» Ён з'еў некалькі лісточкаў шчаўя і больш не мог. «Як толькі коні ўсё жыццё харчуюцца травой?.. Куды падзеліся Пеця і Федзя?» І тут страшная думка прыйшла Васю ў галаву: «А што, калі яны знайшлі якую-небудзь лодку, паплылі на ёй, а мяне пакінулі тут аднаго?»

І ён закрычаў немым голасам:

— Пе-е-е-ця! Фе-е-е-дзя!..

Але Пеця і Федзя былі непадалёк і адразу ж вярнуліся.

— Ты чаго крычыш? — спытаў Федзя. — Глядзі, колькі мы шчаўя назбіралі!

— Ды ну! Не магу я гэтым шчаўем харчавацца.

— Тады пацярпі, пакуль дадому вернешся.

— Не трэба так, Федзя, — сказаў Пеця. — Ты, Вася, не сумуй. Нам толькі пераначаваць.

А заўтра раніцой знойдзем выйсце, вось пабачыш.

— Якое выйсце? — спахмурнеў Вася.

— Ну, ведаеш, як кажуць, пераначуем — болей пачуем. Што-небудзь прыдумаем.

— Балбатня ўсё гэта, — круціў галавою Вася. — Што значыць «што-небудзь»? Паздыхаем тут з голаду, вось і ўсё. Думай не думай — усё роўна.

— Ну, а як жа Рабінзон? — не здаваўся Пеця.

— Значыць, ты дамоў і не збіраешся! — зрабіў вывад Вася. — Пра Рабінзона загаварыў, значыць, надоўга думаеш тут асесці!

— Ну, Вася, я ж таксама не ведаю, як будзе. Ведаю толькі, што не трэба траціць прысутнасць духу.

— А з чым яе, гэтую тваю «прысутнасць», ядуць? Са смятанай альбо так?

— Дзівак чалавек! — сказаў Федзя. — Іншы б радаваўся, што не патануў, а ты…

— Чаму ж тут радавацца? Яшчэ невядома, што лепш — патануць ці памерці маруднай галоднай смерцю.

— Кінь ты хныкаць! — пачаў злавацца Федзя.

— Нас выратуюць, абавязкова выратуюць! — сказаў Пеця.

— Хто? — буркнуў Вася.

— Ну… плытагоны… Альбо гэтыя…

— Вось менавіта «гэтыя». Сам не ведаеш, а гаворыш.

— Ну добра, але да раніцы ты можаш узяць сябе ў рукі? Раніцай па рацэ абавязкова хто-небудзь паплыве.

— Пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць.

— Ну вось… — засмучана сказаў Пеця. — А ці не ты сам клікаў нас у паход? Казаў: «Усе падарожнічаюць, а мы сядзім. Хіба мы горшыя?..»

— Размаўляць ты майстар! — усміхнуўся Федзя.

— Я правільна казаў, а што ж рабіць? Прапалі мы — і кропка.

— Эге-ге! — Федзя кінуўся да ракі.

— Што там? — крыкнуў яму Пеця.

— Балалайку маю да берага прыбіла.

— Вось легкадумны чалавек! — сказаў Вася. — Мы ў такім цяжкім становішчы, а ён пра балалайку думае.

— Але і панікаваць не трэба, — заўважыў Пеця.

З берага данеслася:

Гоп, кума, не журыся, Туды-сюды павярніся!

Гэта спяваў Федзя. Спяваў і акампаніраваў сабе на балалайцы, якая, відаць, яшчэ не настолькі намокла, каб прыйсці ў нягоднасць.

— Ну, добра, давайце вячэраць, — сказаў Пеця.

— Шчаўе-шчаўе! — праспяваў Федзя. — Ад яго такі апетыт! Зараз бы цэлага барана з'еў!

— Кінь гаварыць пра ежу! — сказаў Вася. Федзя хацеў нешта запярэчыць, але Пеця зрабіў яму знак, і ён прамаўчаў.

Аднак Вася кінуўся ў траву і зарыўся ў яе з галавой.

— Чорт мяне падаткнуў з вамі ехаць! Сядзеў бы зараз дома і чай піў!

— Ха-ха-ха! — засмяяўся Федзя. — Ніколі ў жыцці так не смяяўся.

— Ды ты бервяно сапраўднае! — вымавіў Вася скрозь слёзы. — У цябе да людзей і кроплі спачування няма!

— А ты панікёр, вось ты хто! — перастаўшы смяяцца, сказаў Федзя. — І якое да цябе спачуванне можа быць? Калі ўжо на тое пайшло, дык мы ўсе ў аднолькавым становішчы. Чаму ж табе аднаму трэба спачуваць? Гэта па-першае. А па-другое, магу цябе суцешыць. Памрэш ты вельмі не хутка. Чалавек можа пражыць без ежы тры або чатыры дні. Калі вада ёсць. А вады ў нас, як бачыш, хапае.