Некалькі хвілін ляжалі нерухома, расцягнуўшыся на траве, усё яшчэ не верачы, што ім удалося выратавацца. Вось яны, парогі,— рукой падаць. Не адна ахвяра на іх рахунку. Хлопцы ляжалі і моўчкі прыслухоўваліся да рову вады, моцна сціснутай камянямі.
Спачатку ўстаў Толік. Ён прайшоўся ўзад і ўперад па астраўку і толькі тут раптам убачыў на правым беразе, у выгіне ракі, нейкія дамы, агароджы.
— Хлопцы! — радасна крыкнуў ён. — Ды гэта ж Раднічанка. Адсюль да Косінскай дзялянкі, як і ад Бродаў, кіламетраў восем. Вось здорава!
— Што здорава, калі нам усё роўна трэба дадому вяртацца, — заўважыў Жэнька.
— Дадому? Навошта? — здзіўлена паглядзеў на таварыша Васілёк.
— А як жа? Лодкі няма, рыдлёўкі пайшлі на дно…
— Ну, дадому можна дабрацца пешшу, а рыдлёўкі дзе-небудзь знойдзем. У той жа Раднічанцы кожны дасць.
— А што есці будзеш? Прадукты ж патанулі…
Васілёк хітравата паглядзеў на Жэньку:
— Ну, ежы тут мільёны кубаметраў!
Жэнька не зразумеў яго жартаўлівага тону ці проста не паверыў, што Васілёк у такім становішчы можа жартаваць.
— Дзе ты бачыш ежу? Тут адна вада.
— А тона вады замяняе кілаграм хлеба, — у тон яму адказаў Васілёк.
Перабрацца на бераг ім у гэты дзень не ўдалося: як назло, ні адна лодка не праплыла міма, ні аднаго чалавека не бачна было навокал.
Вечарам Толік дарэмна спрабаваў распаліць касцёр: запалкі намоклі і нізашто не хацелі загарацца. Жэнька прасачыў вачыма, як апошняя пераламалася напалам у Толіка ў руцэ, і, пацепваючыся ад холаду, сказаў:
— Значыць, без кастра начаваць будзем? І ў жываце бурчыць — есці хочацца.
Ён не лаяўся, не крычаў: адчуваў сябе вінаватым. Што праўда, то праўда — ні Толік і ні Васілёк, а ён упусціў тое злашчаснае вясло.
Надоўга запомнілася хлопцам ноч, праведзеная на востраве, пасярод ракі. Было холадна, да моташнасці хацелася есці. Тут бы самы час памаўчаць, але ці можа Васілёк супакоіцца? Пра што думае, пра тое і гаворыць:
— Я б зараз, напэўна, цэлага барана з'еў.
— Сырога? — нявесела жартуе Толік.
— Навошта сырога? Я б з яго такіх смачных, духмяных шашлыкоў з перцам і цыбуляй насмажыў!..
— А мне б цяпер талерку тлустага баршчу са смятанай — у імгненне б апаражніў,— прызнаўся Толік.
— Досыць вам, хлопцы, пра ежу размаўляць, — жаласліва папрасіў Жэнька.
— А табе што? Спі сабе, — адгукнуўся Васілёк.
Жэнька адразу ацаніў гэту мудрую параду: сапраўды, у сне, напэўна, не так есці хочацца. Ён заткнуў вушы пальцамі і ўжо хвілін праз пяць, салодка пасопваючы, спаў. Толік і Васілёк неўзабаве паследавалі яго прыкладу.
Раніца наступнага дня выдалася цудоўная. Калі хлопцы прачнуліся, прыгрэтыя промнямі сонца, якое паспела ўжо ўзняцца высока над гарызонтам, свет здаўся ім зусім не такім змрочным, якім выглядаў учора. Жэнька і той павесялеў. А калі Васілёк заўважыў лодку з двума рыбакамі, што накіроўвалася ў іх бок, ён нават паспрабаваў жартаваць:
— Гэта нават добра, Толік, што мы вашу лодку патапілі: памятаеш, ты казаў, што даўно трэба новую рабіць.
Аб астатніх стратах хлопцы стараліся не гаварыць.
Рыбакі, распытаўшы, як і што, перавезлі іх на бераг.
У Раднічанцы хлопцы ўзялі «з аддачай» пару рыдлёвак і кацялок для вады. На грошы, якія Толік прадбачліва захоўваў у скураным кісеце за пазухай, купілі хлеба, бульбы, крыху сала і рушылі ў дарогу.
Каб Жэнька зноў не захандрыў, паклажу размеркавалі «раўнамерна»: Толік нёс рыдлёўкі, Васілёк — круглячок з надпісам, а Жэнька — кацялок і кавалак тоўстага дроту з завостраным канцом, які ён прыхапіў каля раднічанскай кузні. Меркавалася, што гэтым дротам яны будуць прамацваць зямлю вакол пнёў, каб вызначыць, з якога боку капаць. А пакуль Жэнька прычапіў яго да пояса і, як сцвярджаў Васілёк, зрабіўся падобны на «сапраўднага мушкецёра».
Хлопчыкі ішлі па прасёлкавай дарозе, пакрытай мяккім, халодным пылам. Паабапал дарогі густой сцяной стаяла жыта. Час ад часу міма праязджалі машыны, і шафёры весела сігналілі ім.
Неўзабаве пачаўся і лес. Ад высокіх бронзавых хвояў і лапчатых ялін на дарогу падаў густы цень. Было ціха, толькі вясёлае шчабятанне птушак, што пераляталі з дрэва на дрэва, парушала лясны спакой.
Толік, які ўвесь час ішоў наперадзе, спыніўся.
— Вось тут дарога разыходзіцца, куды цяпер ісці: уперад ці звярнуць налева?
— Калі з Бродаў ісці, дык налева — Нінін бацька казаў. А тут, напэўна, напрасткі. Кіламетраў пяць яшчэ…
— Ой, хлопцы, а што, калі мы на граніцу прыйдзем? Тут жа зусім недалёка Польшча, — занепакоіўся Жэнька.
— Ну, да граніцы яшчэ ад Косінскай дзялянкі пятнаццаць кіламетраў,— супакоіў яго Толік.
Чым глыбей хлопчыкі ўваходзілі ў лес, тым больш цікавыя дрэвы пачалі трапляцца на іх шляху. Сустракаліся хвоі такой вышыні і таўшчыні, якіх на ўзлессі ніколі і не ўбачыш. Высокія елкі так шырока развесілі свае лапы, што пад імі ўтварыліся сапраўдныя шатры.
— Вось дзе ад дажджу добра хавацца, — сказаў Васілёк, паказаўшы на магутную старую яліну. — Будзеш сядзець, як у хаце пад страхой.
Яму ніхто не адказаў, і далей Васілёк ішоў моўчкі.
Запахла вільгаццю і прэлым лісцем. Цераз дарогу, высока задраўшы лычык, перабег шустры вожык. Васілёк быў пагнаўся за ім, але той спрытна шмыгнуў пад куст і знік. «Ну і няхай сябе», — падумаў Васілёк. Яго больш цікавілі птушкі. Вось і цяпер ён нават некалькі разоў спатыкаўся, бо часта заглядаўся на верхавіны дрэў, дзе ў густым лісці чуўся многагалосы птушыны хор.
Калі над галавой у хлопцаў пракрычала сваё не вельмі меладычнае «ку-ку» зязюля, Васілёк спыніўся і, задраўшы галаву, закрычаў:
— Зязюля-зязюля, колькі мне год? Жэнька таксама спыніўся і з цікавасцю стаў углядацца ў зялёнае лісце, але птушка кудысьці знікла.
— Эх, ты! — прабурчаў ён. — Дарэмна толькі напужаў.
— Яе не напужаеш, — адказаў Васілёк. — Гэта яшчэ тая птушка. Ведаеш, як яна птушанят выводзіць? Падкідвае яйкі ў чужыя гнёзды, і ўжо іншыя птушкі за яе стараюцца — выседжваюць, выкормліваюць.
— Ну, гэта ты загнуў,— не паверыў Жэнька. — Якая такая птушка дазволіць ёй несціся ў сваім гняздзе?
— А яна ў гняздо і не лезе. Яна толькі аблюбуе яго, а потым пакладзе яечка дзе-небудзь непадалёк на зямлю і чакае. Як толькі гаспадары паляцяць куды-небудзь, яна адразу яечка ў дзюбу і да гнязда. Пакладзе разам з іншымі, а там паспрабуй разбярыся…
Толік не вельмі прыслухоўваўся да размовы сяброў. Ён думаў аб тым, як магла апынуцца праца доктара Долахава ў лесе пад дрэвам, калі толькі гэта яшчэ яна? А можа, там закапана наогул што-небудзь іншае, бо маці Жэнькі расказвала, што ўсе паперы доктара забралі немцы. Тут сапраўды нейкая загадка.
Між тым лес стаў прыкметна радзець, пачалі трапляцца высечкі. Васілёк першы заўважыў расшчэплены маланкай дуб на паляне і каля яго вялікія штабелі бёрнаў, якія не паспелі вывезці зімой.
— Ура! Косінская дзялянка! — закрычаў ён і кінуўся наперад.
Толік не падзяляў яго радасці. Ён назіркам аглядзеў дзялянку і злосна махнуў рукой. Было ясна, што знайсці патрэбны пень ім будзе цяжэй, чым яны думалі, бо дзялянка займала даволі вялікую плошчу і ўсе пні на ёй былі старанна ачышчаны ад кары. Толік ведаў, гэта — своеасаблівая лясная «гігіена». Пні ачышчаліся ад кары для таго, каб пад ёю не заводзіліся шкоднікі лесу. Кару здымалі сякерамі, і, вядома, разам з карой адшчэпліваліся кавалкі дрэва, а ад гэтага змянялася форма пня. Галлё ж складвалася ў кучы і спальвалася. Пад такімі кастрамі згарэла шмат пнёў. І хто мог быць упэўнены, што не згарэў якраз той пень, на якім быў працяг надпісу? Лясная гігіена калі і не зусім пазбавіла хлопчыкаў магчымасці адшукаць патрэбны пень, то ўсё ж значна ўскладніла задачу.
Жэнька адразу паў духам і ўжо гатовы быў наогул адмовіцца ад пошукаў.
— Нічога ў нас не атрымаецца, — сказаў ён.
— Чаму не атрымаецца? — Толік сурова звёў бровы.