Выбрать главу

Бясспрэчнае лідэрства крывічоў і іх нашчадкаў у нашай гісторыі сталася падставаю ўзнікнення полацка-крывіцкай канцэпцыі беларускай дзяржаўнасці і культуры. В. Ластоўскі абгрунтаваў яе на ўзроўні навуковай публіцыстыкі і мастацкай інтуіцыі. Філосаф Уладзімір Конан дасціпна заўважыў, што ідэя Вялікай Крывіі як архетыпу беларускай дзяржавы, культуры і мовы «прасвечваецца» ўжо праз назвы выдаванага Ластоўскім часопіса «Крывіч», а таксама яго славутых кніг «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» і «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі».

У прадмовах да сваіх «Сялянскіх песняў з-над Нёмна і Дзвіны» называў наш народ крывічамі, а мову і паэзію крывіцкай Ян Чачот. Яго пяру належаць працы «Крывіцкія прыказкі і прымаўкі», «Слоўнік крывіцкіх выразаў». Крывічамі лічылі сябе выдатны беларускі фалькларыст і лексіколаг Іван Насовіч (яго ўпершыню выдадзены ў 1870 годзе «Слоўнік беларускай мовы» павінен, на маю думку, мець на сваёй паліцы кожны наш літаратар) і маладзейшы сучаснік Насовіча Вайніслаў Казімір Савіч-Заблоцкі, болш вядомы па псеўданімах Гаўрыла Полацкі і Граф Суліма з Белай Русі.

У сённяшнім беларускім друку можна сустрэць цалкам сур’ёзныя прапановы назваць беларусаў крывічамі, а Беларусь перайменаваць у Крывію. Аднак будзем памятаць, што пэўнасці на гэты конт не меў нават сам Вацлаў Ластоўскі. У 1926 годзе ён пісаў: «Крывія, Русь, Літва — патройны вузел, трохпаверхі лябірынт, у якім блудзіла і дагэтуль блудзіць Haшae нацыянальнае «я»… Адыходзіць удаль, але не замірае імя «Крывія», «Крывічы»… Недзе ў мінуўшчыне, а такжа глыбока ў народнай сьвядомасьці жыве і пакутуе, чакаючы дня свайго ўваскрэшэньня, напоўмістычнае імя «Крывія», якому прызначана ў гісторыі народу замкнуць круг часу, быць ачышчаюшчым агнём, магічным дарожным знакам, гаючай і жывучай вадой Адраджэньня Народу».

Было б вялікай памылкаю спісваць «крыўскую тэорыю» ў архіў. Хіба яна — сярод жывых і сёння міфаў аб тым, што беларусы не мелі сваёй дзяржавы і культуры, — не сведчыць пра шматвяковую традыцыю нашай дзяржаўнасці? Хіба не прымушае даследчыкаў заглыбляцца ў беларускую гістарычна-культурную рэтраспектыву?

У курганах вакол Полацка часта знаходзяць уласцівыя старажытным балтам шырокія арнаментаваныя і звярынагаловыя бранзалеты. Цікавыя адкрыцці чакалі археолагаў каля полацкай вёскі Дзмітрыўшчына, дзе ў пахаваннях курганнага могільніку знойдзеныя тыпова латгальскія нагрудныя ўпрыгожанні.

Сустрэчы даўнейшых і новых жыхароў Прыдзвіння, пэўна ж, не заўсёды былі мірныя. Балты і славяне шмат чым розніліся між сабою, але існавала і тое, што іх аб’ядноўвала, — агульная паганская (язычніцкая) вера. Відаць, менавіта яна дазволіла паразумецца, ужыцца і ўрэшце на пачатку II тысячагоддзя н. э. зліцца ў адну этнічную супольнасць.

Гісторыкі дагэтуль спрачаюцца, хто ж усё такі беларусы — славяне з моцным дамешкам балцкай крыві ці аславяненыя балты, аднак у любым выпадку цяперашнія латышы і літоўцы даводзяцца нам кроўнымі братамі. Сведчанні гэтага — аднолькавыя сюжэты песняў і паданняў, арнаменты, стравы, прыклады працы, наміткі і фартухі ў народных строях. Дый старажытнае Купалле апрача беларусаў захавалі толькі латышы, у якіх яно называецца Ліго.

Дастаткова верагодным выглядае і меркаванне, што сам этнонім «крывічы» цесна звязаны з найвышэйшым балцкім вешчуном Крыве-Крывейтам. Сакральнасць самога кораня «крыў» яскрава выяўляецца ў этнаграфічных матэрыялах Падзвіння. Русальны тыдзень меў тут паралельную назву — «крывы». Найбольш спрыяльныя для варажбы калядныя вечары на Полаччыне і цяпер называюць не толькі святымі, але і крывымі, а ў запісаных тут этнографамі чарадзейных казках можна прачытаць, што «гаспадар быў вялікі змей-чараўнік, ды яшчэ крывы» або што «вядзьмак і ведзьма абавязкова маюць крывізну».

Землі, дзе неўзабаве пасля прыходу крывічоў вырас Полацк і пачала мацнець Полацкая дзяржава, былі вядомыя яшчэ старажытным грэкам і рымлянам.

Памятаеце міф пра Фаэтона?

Гожы юнак прасіў свайго бацьку, бога сонца Геліяса, дазволіць хоць адзін дзень пакіраваць сонечнаю калясніцай. Бацька згадзіўся з неахвотаю, і змрочныя прадчуванні яго не падманулі. Адчуўшы няўпэўненую юначую руку, вогненная запрэжка кінулася ўбок, напалоханы Фаэтон выпусціў лейцы, і коні панесліся, не разбіраючы дарогі — то ўзлятаючы высока ў неба, то летучы над самай зямлёю і неміласэрна палячы яе агнём.

Угневаны Зеўс паразіў няшчаснага Фаэтона маланкаю, і той упаў у далёкую ад роднага Алімпа раку Эрыдан. Сёстры, што прыйшлі на яго магілу, воляю багоў зрабіліся дрэвамі, іх слёзы падалі ў празрыстыя рачныя хвалі, цвярдзелі і ператвараліся ў бурштын, а плынь, як пісаў Авідзій, несла іх па залатым пяску да мора на ўборы рымскім прыгажуням.

Чаго я раптам узгадаў гэты міф? Ды з тае прычыны, што Эрыдан, які прыняў Фаэтонава цела, успаміналі яшчэ Гамер і яго вучань Гесіёд, пра «хуткаплынны Эрыдан» пісаў у паэме «Арганаўтыка» ў III стагоддзі да н. э. Апалон Радоскі, а шмат паважных вучоных у XIX i XX стагоддзях сцвярджалі, шго Эрыдан — гэта нашая Дзвіна. Дарэчы, яна мела і іншыя старажытныя імёны: Рубон (адсюль і баявы кліч палачанаў з якім яны ішлі на ворагаў — «Рубон!») або Рудон, Дуна, а яшчэ Дзіна або Віна — так завецца рака ў некаторых скандынаўскіх сагах. У Палаты таксама было даўняе найменне — Турунт.

У прыліве шчырага патрыятызму беларускі краязнаўца Аляксей Сапуноў у канцы XIX стагоддзя пісаў што пра Дзвіну з большым правам, чым пра любую іншую раку свету, можна сказаць: яна нясе ў хвалях сваіх гісторыю і жыццё народа.

Ну а пакуль рака полацкай і беларускай гісторыі толькі пачынаецца. Нашы далёкія продкі будуюць на берагах Дзвіны і Палаты селішчы, аруць зямлю, палююць на зверыну, пакрысе асвойваюць усё больш складаныя рамёствы… Пра гэта мы, здаецца, збольшага ведаем са школьных падручнікаў. Таму пагаворым падрабязней пра тое, чаго ў падручніках няма, што дасюль ахутана таямніцаю: якой была вера продкаў да прыходу хрысціянства.

Свет, дзе жылі тагачасныя палачане, быў густа населены вялікімі і малымі багамі ды бажкамі. Усюдыісны і наймагутнейшы з іх, творца жыцця, бог неба і ўсяго Сусвету меў некалькі імён — Сварог, Стрыбог, Святавід, але найчасцей яго называлі Родам. Ён апладняў зямлю і ўсё жывое, кіраваў вятрамі і нябеснымі з’явамі. Невыпадкова з імем гэтага бога звязана ў нашай мове столькі найважнейшых слоў і паняццяў: народ, радзіма, родзіч, продак, радавод, нараджэнне, прырода, ураджай, адраджэнне…

Роду падначальваліся астатнія багі нябеснай сферы, зямлі і падземнага свету. Пярун валадарыў над громам ды маланкамі і займаўся вайсковымі справамі. Дажбог, Ярыла, Каляда і Хорс былі багамі сонца. Яны даравалі цяпло, клапаціліся пра ўрадлівасць зямлі, дабрабыт людзей, апекаваліся над земляробамі і рамеснікамі. Ім дапамагаў таксама звязаны з сонцам бог ураджаю і дастатку Купала. Сонцава звястунка Дзянніца ўранні давала чалавеку сілу на новы дзень, а сама скакала на кані ў той бок, куды ўвечары спускаецца нябеснае свяціла, каб падрыхтаваць яму да ночы залаты човен. У ім сонца ляжа спаць, і човен паплыве па сінім моры да новага дня.

Пасланніцамі Рода былі рожаніцы — багіня кахання і вясновага абуджэння Лада і маці ўраджаю Мокаш. Поруч з Ладаю шчыравала вясёлая і спрытная тройца: апекуны закаханых Леля ды Палель, а з імі — Любіч, або Любчык, што мусіў давесці маладых каханкаў да вяселля.

Кожны стараўся жыць у згодзе з багіняю восеньскага ўраджаю Цёцяй. Гарэзлівы Пераплут падносіў чалавеку чару з хмельным мёдам і дарыў весялосць, а вогненны Жыжаль саграваў агнём і дапамагаў кавалям. Ад бога Тура залежала жыццё дзікіх звяроў і поспех на паляванні. Вялесу належаў падземны свет, але былі ў яго турботы і на зямлі — клопат пра свойскую жывёлу і дапамога пастухам. Ён вёў статак на пашу і вяртаў дадому.

Яшчэ бліжэй да штодзённага жыцця продкаў стаялі драбнейшыя багі. Добрымі духамі, што спрыялі чалавеку, бераглі яго ад напасці, былі берагіні. На жытнёвым полі хаваўся Жыцень. Ён любіў пераносіць каласы, а то і цэлыя снапы з палетка нядбайнай гаспадыні да руплівае суседкі. У вольную хвіліну на мяжы нівы і пашы ён мог перакінуцца словам з авечым духам Аўсенем.