Выбрать главу

Пра дамавікоў, лесавікоў, русалак вы, магчыма, ведаеце болей за мяне, бо яны выявіліся ці не самымі жывучымі і, здаецца, сустракаюцца дасёння. Мая бабуля Прося з лясной вёскі непадалёку Полацка апавядала пра лесавіка амаль што як пра суседа: то цэлы дзень вадзіў яе з кашом баравікоў па лесе, то падаіў бабуліну казу, то перад Калядамі нахабна залез нанач у падпечча.

Існавалі духі, заўсёды настроеныя да людзей варожа. Яны засявалі каменнем поле, адбіралі ў кароў малако, пасылалі хваробы. Мара мучыла вусцішнымі снамі. Лядашчык пазбаўляў жыццёвае сілы. Бог холаду Зюзя імкнуўся замарозіць чалавека на зімовай дарозе і аддаць страхалюднаму Карачуну.

Як бачым, шчыльнасцю насельніцтва беларускі Алімп мог спрачацца з антычным. Нашы багі, гэтак сама як старажытнагрэцкія або рымскія, былі між сабою ў сваяцтве. Пярун лічыўся сынам вярхоўнага бога. У браты лёс паслаў яму жорсткага Зюзю. Замужам за Перуном была спагадлівая да людзей Жыва, якую па мужу часта называлі Грамавіцаю. 3 ёю, багіняю жыцця і лета, звязаны цікавы міф, які варта падаць як узор беларускай дахрысціянскай міфалогіі. Калі ў час свайго зімовага панавання Зюзя мучыў людзей маразамі, Грамавіца сышла з нябёсаў на зямлю, каб нарадзіць сына Дажбога-Хорса, якому наканавана было адолець Зюзю. Але той даведаўся пра Жывіны намеры, перакінуўся ў мядзведзя і разам з перамененымі ў ваўкоў злымі духамі — Завеямі пачаў ганяцца за ёю. Ратуючыся, Грамавіца ператварылася ў белую казу і схавалася ў кустоўі, дзе і нарадзіла Дажбога. Якраз таму калядоўшчыкі і водзяць з сабою «казу».

Гэты міф згадвае ў найцікавейшым дасціпным нарысе «Дахрысціянская вера нашых продкаў» вядомы рэлігійны дзеяч і гісторык айцец Леў Гарошка. Да ўжо знаёмых нам прадстаўнікоў беларускага язычніцкага пантэону айцец Гарошка дадае ў сваім даследаванні такіх каларытных і ўплывовых багоў, як Кон, што вызначаў долю ўсім і нават самім багам, як багіня надвор’я Пагода, як бог хмараў і непагадзі Пасвіст і багіня розуму Рада. Следам за імі ідуць злы бог хвароб Яшчар, яго прыяцелькі злыя духі ночы начніцы, якія перадалі сваё імя аднаму з відаў кажаноў, дух віхур Падвей, магільны дух Копша (гэта пра яго прыказка кажа: «3 грашыма і Копшу дагодзіш»)…

Угневацца і жорстка пакараць за нейкую правіну мог і самы памяркоўны з багоў. А паколькі стасункі між імі былі надзвычай складаныя, нечаканая бяда магла падпільнаваць і зусім невінаватага чалавека. Бог агню Жыжаль у сваёй падземнай кузні каваў зброю, каб нізрынуць з неба Перуна. Ён працаваў так зацята, што дол пераграваўся, трывала сухмень, загараліся лясы і тарфяныя балоты. Калі ж бог-каваль выходзіў з вогненнай кузні на зямлю, Пярун браўся кідаць у яго маланкі.

Наогул у свеце йшла няспынная барацьба шматаблічных Белабога і Чарнабога, якія ўвасаблялі святло і цемру, дабро і зло. У сярэдзіне жніўня штогод бывала залеўная ноч, калі неба разрывалі перуны, а бліскавіцы несупынна залівалі наваколле прывідным святлом. Гэтаю «рабінаваю», ці «вераб’інаю», ноччу ўсе добрыя духі ядналіся і вялі смяротны бой з сіламі цемры.

Каб жыць з багамі ў згодзе, іх трэба залагоджваць, маліцца за сябе і за блізкіх. Уранні продкі, просячы спрыяння, зазвычай прамаўлялі да ўсіх багоў адразу. Удзень маліліся Хорсу-сонцу. Увечары, пасля працы, прасілі Дажбога ацаніць пражыты дзень і даць кожнаму паводле заслуг. Паразумецца з нябеснымі і зямнымі валадарамі, не ўяўляючы іх саміх, было даволі цяжка, таму кожнага бога і бажка чалавечая фантазія надзяліла адметным абліччам.

Пярун — волат з сівымі або вогненна-рудымі кучарамі і барадой, які трымае ў руцэ лук і стрэлы-маланкі. Час Перуновае ўлады доўжыўся ад першае да апошняе навальніцы, а потым бог спаў да будучай вясны. Ярыла — гожы юнак у белым уборы. Ён ездзіў на белым кані па нівах, аглядаў ярыну, спрыяў ураджаю, а яшчэ распальваў юр, цялесную жарсць, клапоцячыся пры гэтым пра нараджэнне дзяцей. Каб лацвей хавацца паміж каласоў, Жыцень меў маленькі расточак, ды яму трохі замінала даўжэзная сівая барада. Вадзянік таксама ганарыўся барадою, але ўжо зялёнай, як багавінне. Своеасаблівымі дублёрамі дамавікоў былі вужы, іх трымалі ў хаце і, адводзячы ад сям’і бяду, усяляк ім дагаджалі. Пра абліччы большасці іншых багоў нічога пэўнага сказаць цяпер нельга. Ад некаторых ацалелі адно загадкавыя імёны — Вышань, Крышань, Таўсень… Пагатоў імёны некаторых багоў продкі лічылі за лепшае ў пэўных абставінах проста не называць. Беларусы дагэтуль захавалі звычай не ўзгадваць перад сном чорта, а калі надарыцца ўсё ж успомніць у размове нячысціка, дык адразу дадаюць: «Не пры вас кажучы».

У запаленых хрысціянскімі святарамі вогнішчах бясследна загінулі паганскія запісы на дошках і бяросце, дзе былі і малітвы.

Зрэшты, існуе і іншы погляд на праблему. Вам, магчыма, даводзілася чуць пра «Кнігу Вялеса», якую прыхільнікі яе аўтэнтычнасці называюць Святым пісаннем славян. Кніга гэтая нібыта была выразаная на букавых дошчачках ноўгарадскімі вешчунамі ў IX стагоддзі і прысвечаная богу Вялесу, а знайшоў яе ў час грамадзянскай вайны белагвардзейскі палкоўнік Ізенбек. Пакрытыя старажытнымі пісьмёнамі драўляныя старонкі Вялесавай кнігі трапілі разам з яе ўладальнікам за мяжу, а ў гады Другой сусветнай вайны зніклі.

Трэба сказаць, што такі знаўца старажытнай славянскай культуры, як акадэмік Дзмітры Ліхачоў і іншыя аўтарытэты лічаць «Кнігу Вялеса» падробкай, ці, далікатней кажучы, містыфікацыяй. Здзейсненыя за апошнія гады шматлікія публікацыі кнігі і каментарыі да яе не пераканалі і мяне ў сапраўднасці гэтага помніка паганскіх часоў.

Але ў любым выпадку аўтар ці аўтары «Вялесавай кнігі» грунтоўна ведалі і адчувалі дахрысціянскі духоўны космас нашых продкаў.

Вось як, напрыклад, у вольным перакладзе на беларускую мову гучыць пачатак малітвы да Валадара Сусвету:

«Кланяемся першаму табе, Род, і пяём табе вялікую славу. Хвалім цябе, пачынальнік усіх родаў чалавечых, Сварожа. Ты — крыніца вечная, што ніколі не замярзае, і хто п’е тую ваду, жыве, пакуль не трапіць на твае райскія лугі. Пяём песню табе, Святавідзе, бо ты ёсць святло, праз якое мы бачым гэты свет. Ты трымаеш моцна сонца і зоркі і даеш нам Яву, а беражэш ад Навы (смерці). Дык вырачымся злых думак і чыну злога і пойдзем дарогаю дабра…»

Пасля прамаўлялі да Перуна:

«Кланяемся табе, Пяруне-грамавержац, што не стамляешся круціць кола жыцця і вядзеш нас дарогаю праўды да бітвы і да трызны па тых, што аддалі жывот свой за праўду і ідуць да жыцця вечнага, да палка Перуновага. Слава табе, гонар і суд воінаў, што страляеш па ворагах нашых і адводзіш ад нас стрэлы іхнія. Слава табе, залатарунны, літасцівы і праўдзівы…»

Найпрасцей абвясціць гэтую рэканструкцыю паганскіх малітваў плёнам фантазіі. А мо не будзем спяшацца: а раптам у аўтара (няхай сабе ён — амаль што наш сучаснік) абудзілася памяць продкаў, і ён нічога не выдумляў, а проста ўспомніў?

Найбольш блізкія дачыненні з багамі продкі мелі на святы.

Пасля зімовага сонцастаяння Каляда прыбаўляла дні, і, хоць яшчэ трывалі лютыя маразы, пачыналася новае гадавое кола. Свята ў гонар Каляды было ці не самае вясёлае. Яго абрады дажылі ў Полацку да XIX стагоддзя. Па дварах і хатах хадзілі з песнямі калядоўшчыкі. Іх падхмеленая гаманкая грамада вадзіла з сабою «бусла», «мядзведзя» і галоўную дзейную асобу — «казу» або «казла» ў вывернутым кажусе, з рагамі і барадою-вяхоткай. Апошнімі гадамі такую каларытную сябрыну зноў можна сустрэць у калядныя дні на полацкіх ды наваполацкіх вуліцах. Каза ў продкаў увасабляла сонца, што памірала і ўваскрасала, пасылаючы зямлі ў новым годзе жыццядайную сілу і новы ўраджай. Таму калядны гурт і пяе:

Дзе каза хвастом, Там жыта кустом. Дзе каза рогам, Там жыта стогам.

Другая палова Калядаў (з 1 да 6 студзеня) называлася Вялесавымі днямі. Лічылася, што ў гэты час чалавек лягчэй, чым калі-небудзь яшчэ, можа ператварыцца ў ваўка.